Беларускі паэт з Канады: Нават не гаворачы па-беларуску, нашы людзі адчуваюць патрэбу быць беларусамі

hu_logo-small.jpg

Юрась Шамецька, беларускі паэт з Канады, падзяліўся з прэс-службай “Бацькаўшчыны” планамі выдання сваёй новай кнігі, думкамі пра заўважныя нават з Канады змены ў побыце мінчукоў, а таксама пра тое, як на яго паўплывала знаёмства з Івонкай Сурвіллай, і што ў жыцці нічога не бывае выпадкова.

Ці часта Вы бываеце ў Мінску?

– Апошні раз быў два гады таму. Раней не адчуваў патрэбы прыязджаць, а цяпер як быццам нешта са мной адбылося, для мяне самога незразумелае. Можа гэта і ёсць настальгія. Бо калі з’язджаў у Канаду, пра вяртанне не думалася, зрэшты як не мроілася і пра тое, што праз пятнаццаць гадоў давядзецца ехаць на Радзіму, каб выступаць з вершамі перад сваімі чытачамі.

А чым апроч імпрэзаў займаецеся, калі прыязджаеце ў Беларусь?

– У першую чаргу я прыязджаю да мамы і сваякоў. А ячшэ для мяне важны кантакт з горадам, дзе я нарадзіўся. Я за жыццё аб’ехаў шмат гарадоў і краінаў, бо меў вялікую цікавасць убачыць свет. Але энергетыка роднага гораду ўнікальная. Мінск вельмі адрозніваецца ад іншых гарадоў свету, мне цяжка гэта патлумачыць, але вельмі лёгка адчуць.

– Як на Ваш погляд, за тыя пятнаццаць гадоў, што Вы адсутнічалі ў Беларусі, ці адбыліся тут істотныя змены? Якія з іх падаюцца Вам найбольш важнымі?

– Мінск меняецца... Пры гэтым застаецца такім, якім я яго ведаю. Мне не падабаецца, што ў Мінску за апошні час грамадства размежавалася паводле дастатку. Розніца паміж заможнымі людзямі, людзямі сярэдняга дастатку і беднымі цяпер вельмі выразная. Мне гэта бачыць нязвыкла, бо ў Канадзе не прынята ганарыцца заможнасцю, тым больш што там людзі, якія шмат зарабляюць, сплочваюць вельмі вялікія падаткі. Таксама канадцы паважаюць асабістую прастору кожнага чалавека, што, уласна кажучы, і складае сутнасць свабоды. Канада – прыгожая і высокацывілізаваная краіна, ў якой я пачуваю сябе ўтульна, годна і вельмі добра. Пры гэтым, я дакладна ведаю, шо мая Радзіма – Беларусь. Апынуўшыся ў Канадзе, я не страціў Беларусі, а наадварот набыў нешта новае, паглядзеў на Беларусь іншымі вачыма.

А што да астатняга, дык усё, чаго Мінску зараз не хапае – гэта беларускамоўнасці, беларускай культуры. Спадзяюся, ён яшчэ прыйдзе да гэтага, і мова будзе гучаць не толькі з рэпрадуктараў грамадскага транспарту. Але для мяне відавочна, што беларуская прастора істотна пашырылася, мо таму я і пачаў адчуваць патрэбу прыязджаць сюды. Колькі гадоў таму была заўважная пэўная мода на беларускую мову, і яе можна было пачуць ад незнаёмых людзей у кавярні, напрыклад. Але пакуль што ў гэты прыезд я колькі ні прыслухоўваўся – не чуў.

Зрэшты, я на асабістым досведзе пераканаўся, што беларуская мова прысутнічае ў беларусах на «генетычным» узроўні. Як і ўсе, я сутыкаўся з ёй хіба што падчас школьных заняткаў, а таксама ў вёсцы, куды штолета ездзіў да бабулі. Але варта мне было апынуцца па-за межамі рускай культуры, беларуская мова адразу пачала з мяне прарывацца вонкі. Хай нават і вельмі позна, але я ўсё ж адчуў у сабе беларускасць. Мне здаецца, трэба толькі крышачку недзе падштурхнуць, і па-беларуску тут пачнуць гаварыць усе.

Юрась Шамецька і старшыня Атаўскага аддзялення Згуртавання беларусаў Канады Пётра Мурзёнак

А з якой прычыны Вы прынялі рашэнне з’ехаць у Канаду?

– Аптымізм пачатку дзевяностых мяне вельмі захапіў, і сваім сябрам, якія пачалі масава з’язджаць жыць за мяжу, я казаў, што рабіць, як яны, не буду. Усё будзе добра і тут, маўляў. Але той аптымізм знік, калі знялі Пагоню з Дома ўраду. Стала зразумела, што нашыя праблемы за нас ніхто не вырашыць. Ну а паколькі сябры ўжо былі «там», вырашылі паехаць у Канаду і мы. Уладкаваліся ў Атаве. Там мы пазнаёміліся з Старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвіллай, і тая асаблівая мова, якую я ад яе пачуў, вельмі ўзрушыла мяне. Неўзабаве я і сам перайшоў на мову – як жыў у Мінску, прызнаюся, на ёй не размаўляў. Рускамоўная прастора знікла, але затое ў Атаве ў нас цяпер шмат сяброў, там ёсць суполка Згуртавання беларусаў Канады, яшчэ вялікая суполка ёсць у Таронта...

Вы з такой лёгкасцю распавядаеце пра сваё ўладкаванне ў Канадзе, што мне карціць запытацца пра Вашую прафесію.

– Але яно сапраўды было лёгкім. Я скончыў Радыётэхнічны інстытут, факультэт аўтаматыкі і тэлемеханікі, працаваў. Мой калега, брат майго сябра, які жыў у Канадзе, збіраўся ехаць у Канадскую амбасаду падаваць анкету. Я за кампанію, так бы мовіць «на каленях», запоўніў анкету таксама – і прышоў адказ, запрашэнне на інтэрв’ю. Я яго прайшоў – сам не ведаю як, бо з гутарковай мовай у мяне ўсё было даволі кепска, а канадская ангельская, да ўсяго, моцна адрозніваецца ад амерыканскай ангельскай. Але тэхнічную мову я ведаў. Па прыездзе ўладкаваўся на працу, а ў англамоўным асяродку падцягнуў і гутарковую. Вось, уласна, і ўсё. Але я ўсё ж лічу, што нічога не бывае ў жыцці выпадкова.

Ці шмат людзей далучаецца да Вашай суполкі?

– Увесь час на імпрэзах з’яўляюцца новыя людзі, але бывае, што прыходзяць адзін раз – і на гэтым усё. Паводле перапісу ў Атаве беларусамі назвалася тысяча чалавек, але на мерапрыемствы ходзяць сорак-пяцьдзясят чалавек – затое моцна згуртаваных. За мяжой розніца паміж палякамі, рускімі, украінцамі і беларусамі адчуваецца вельмі істотна, і каб камфортна пачувацца, людзі, нават калі не гавораць па-беларуску, усё ж адчуваюць патрэбу быць беларусамі. Яшчэ пятнаццаць гадоў таму ад тых, хто прыехаў у Канаду з Мінску, можна было пачуць «мы из России» ці «мы русские». Цяпер такога ўжо няма. Хай Беларусь пакуль што рускамоўная, але яна мае сваю тэрыторыю і самаідэнтыфікацыя пакрысе адбываецца.

Моладзь беларускімі справамі цікавіцца?

– Моладзі шмат у Таронта. Там ёсць беларуская царква, культурны цэнтр, і, адпаведна, – памяшканне, дзе яны могуць сабрацца. Там ладзяцца святы, заняткі «Мова нанова», бацькі прыводзяць туды дзяцей... У іх большая актыўнасць. У нас да нядаўняга часу была суботняя беларуская школка, якую ладзілі бацькі старшыні Атаўскага аддзялення Згуртавання беларусаў Канады Пятра Мурзёнка.

Юрась Шамецька (трэці злева) на 32-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі

Ці прасцей сёння беларусу трапіць у Канаду ў параўнанні з 1997 годам?

– 200–300 тысяч эмігрантаў Канада па законе мусіць набіраць штогод, але цяпер шмат хто ў свеце хоча там жыць, таму змяніліся патрабаванні да жадаючых прыехаць. Стала складаней. Што да праграмістаў, дык іх стала прыязджаць менш, бо працаваць цяпер можна аддалена, а зарабляючы нават меншыя ў параўнанні з канадскімі заробкамі грошы, камфортна жыць і ў Беларусі.

У гэты прыезд Вы абмяркоўвалі выданне Вашага трэцяга паэтычнага зборніка. Ваша паэзія насычаная атмасферай мясцінаў, у якіх Вам давялося пабываць. Па вершах можна літаральна вывучаць геаграфію Еўропы і Амерыкі. Апынуўшыся ў згаданым Вамі месцы – прыслухацца да сваіх адчуванняў, параўнаць свае эмоцыі з выяўленымі ў паэзіі. Вельмі цікава, якім гарадам будзе прысвечаная новая кніга?

– Гэта будуць вершы, якія нітуюць Мінск з горадам Атавай, у якім я жыву. Выдаць кнігу ў Канадзе – не праблема. Але для мяне вельмі важна, каб гэтыя кнігі былі выдадзеныя менавіта тут. Раней у Мінску выйшлі два мае паэтычныя зборнікі: «Шлях да вяртання» і «Атава».

А не думалі пісаць прозу?

– Я часам пішу нататкі, замалёўкі. Пісаў апавяданні, аповесць. Але нікому пакуль што гэтага не паказваю. Я, калі шчыра, не лічу сябе прафесійным літаратарам – працую з тэхнікай, скончыў адпаведнае тэхнічнае ВНУ... Калісьці амаль што выпадкова даслаў некалькі вершаў у часопіс “Маладосць”, і паэтка Віка Трэнас зацікавілася імі, падтрымала. Менавіта яна і кніжкі мае таксама, можна сказаць, «раскруціла». А я вырашыў, што раз ёсць хоць адзін чытач, то варта працягваць пісаць.

А падчас публічных выступаў пабачыў, што цікавасць да беларускага слова, сапраўды, існуе. З таго часу друкаваўся ў часопісе “Дзеяслоў”, у альманаху “Беларус”, які выдаецца ў Нью-Ёрку, у газеце “Літаратура і мастацтва”.

Я невыпадкова запытаўся пра змену формы творчасці. Даводзілася бачыць у інтэрнэце відэазапісы Вашых выступаў ў суправаджэнні музычнага гурта, і я разважыў, што Вы маеце схільнасць да эксперыментаў.

– У нашай суполцы ёсць дуэт “Кантабіле” – Улада Шамецька грае на скрыпцы і Міхась Рыкаў на гітары. Мы паспрабавалі выступаць разам, і выявілася, што вершы ў такой падачы добра ўспрымаюцца слухачамі. Мы выступалі ў Нью-Ёрку на святкаванні 25 сакавіка, цяпер запрашае Сяргей Раманюк у Кліўленд, можа неўзабаве паездзем у Таронта... А паколькі мы любім падарожнічаць, то як нас будуць запрашаць, дык мы з задавальненнем будзем ездзіць.

 

– Што пажадаеце чытачам нашага бюлетэня на развітанне?

– Сёння можна ўпэўнена казаць, што беларусы не страцілі Беларусь і не страцілі беларускасці. Сустрэўшы беларуса недзе ў свеце, можна адразу зразумець, што ён беларус, на якой бы мове ён ні гаварыў. Вось я і жадаю ўсім, хто лічыць сябе беларусам, гэтую беларускасць захоўваць і надалей. Гэта самае важнае. І на развітанне хацеў бы прачытаць свой верш, які быў напісаны перад самым прыездам на Беларусь.

Я дзякую Богу за міласць вяртацца вясною дамоў, адчуць прыцягальную сілу з дзяцінства знаёмых двароў.

За вечнасць сталічнай шчадроты, за бойкі, напружаны лёс, за радасць на плошчы Свабоды спазнаць суцяшальнасць нябёс...

Я дзякую Богу за міласць пачуць мамін голас жывы, за вуліц спагаду і шчырасць, адсутнасць атрутнай тугі...

За шчасце ўсвядоміць палёгку штораз міласэрна і там, дзе можна даверыцца зноўку заўжды верна-чулым сябрам.

І дзякаваць Богу за міласць, што нават з далёкіх краёў, ён даў мне жаданне і сілы вяртацца вясною дамоў...

Гутарыў Сяргей Кандраценка, прэс-сакратар ЗБС “Бацькаўшчына”


Юрась Шамецька з’ехаў у Канаду ў далёкім 1997 годзе, жыве ў горадзе Атава і актыўна ўдзельнічае ў жыцці мясцовай беларускай суполкі. У Беларусі выйшлі два яго паэтычных зборніка – «Шлях да вяртання» (2011) і «Атава» (2015).

Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі  ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.