Юрэвіч: ігра флажалетамі

hu_logo-small.jpg

Калі гавораць пра жанр у літаратуры, звычайна адзначаюць яго зменлівасць. Што ж датычыць жанру літаратуразнаўчага даследавання, яно, як правіла, шыбуе ў адным напрамку і выпрацоўвае (прынамсі, у беларускім сваім праяўленні) агульны стыль, форму, а нават рытм і кампазіцыю. Адпаведна, акадэмічная навука фармуе адмысловы “пакет”, які мусіць засвоіць кожны чалавеча, што раптам сабраўся падацца ў навуку з вялікай літары “Н”. У пакеце — усё названае плюс дысертабельныя тэмы, спакойныя фармулёўкі палажэнняў — мы атрымліваем на выхадзе кананічны тэкст, які можа развіцца ў кнігу, дысертацыю, дзе штосьці новае, накапанае даследчыкам ці даследчыцай, увапхнецца недзе паміж радкамі альбо, у найлепшым выпадку, зойме трэці ці чацвёрты раздзел.

Гэты жанр мае моду акуратна хаваць усе праблемы літаратуразнаўчай навукі і, можа быць, найперш спрыяе таму, што і сама беларуская літаратура не праблематызуецца. Бесканфліктнасць у навуцы дае і адпаведнае ўспрыманне літаратурнага працэсу ХХ стагоддзя як нечага маналітнага, вырашанага ды непадуладнага дэстабілізацыі і тэрарыстычнаму перагляду.

Вось жа, тое, што некалькі дзесяцігоддзяў робіць Лявон Юрэвіч, бачыцца пэўным самотным супрацівам наяўнаму стану рэчаў у беларускай навуцы. Галоўны ягоны матыў — увесьчасная праблематызацыя гісторыі літаратуры, указанне на прабелы, догмы, штампы і актыўнае жаданне пераменаў.

Тэарэтычная кніга Юрэвіча “Літштудыі”, свежае дзецішча “Кнігазбору”, — толькі адна з праяваў даследчыка, найбольш жа аўтар вядомы як гісторык літаратуры, архівіст, каментатар, публікатар дакументаў і мастацкіх тэкстаў эміграцыі, не ўведзеных у навуковы ўжытак. Фактычна ўвесь свой час у апошнія гады ён аддае менавіта гэтай працы, дзякуючы чаму з’явілася некалькі дзясяткаў кніг (шмат з іх — у суаўтарстве з Наталляй Гардзіенкай), салідныя тамы выбраных твораў эміграцыйных аўтараў, штогод выходзяць выпускі найгрунтоўнейшага і найаб’ёмнейшага гістарычна-літаратурнага часопіса па беларусістыцы — “Запісы БІНіМ”.

Гэтыя без перабольшання многія тысячы старонак працаў Лявона Юрэвіча склалі яму рэпутацыю надзвычай дасведчанага гісторыка эміграцыі. Аднак жа пачынаў ён як тэарэтык літаратуры, і памкненне да “тэарэтызацыі гісторыі”, калі можна дазволіць сабе такую кантамінацыю, абсалютна відавочнае кожнаму, хто прачытаў ягоныя нядаўнія кнігі “Шматгалосы эпісталярыум” (2012) і “Жанры” (2013). У кожнай з іх, асабліва ў “Жанрах”, прачытваецца жаданне не проста апрацоўваць і публікаваць чарговыя “архіўныя кнігі”, але і пранікаць у сутнасць, разглядаць і аналізаваць архіўныя тэксты ў рэчышчы пэўнага гістарычнага, сацыялагічнага ці літаратурнага сюжэту, тэарэтычнай “гісторыйкі” з пачаткам і працягам. “Літштудыі”, новая кніга Лявона Юрэвіча, — у нейкім сэнсе і працяг гэтых сінкрэтычных пошукаў, але ў значна большай ступені “працяг пачатку”, зазірання ў прагалы беларускай тэорыі літаратуры, чым аўтар займаўся яшчэ ў васьмідзясятыя і дзевяностыя гады мінулага стагоддзя, абагуліўшы свой досвед у “Каментарах” (1999). Менавіта ў гэтым ключы пачынаўся Лявон Юрэвіч, і “Літштудыі” не тое каб закальцоўваюць ягоны навуковы шлях (Божа, барані Юрэвіча ад маўчання), але нагадваюць чытачу, што тэарэтык, нават калі і выходзіць папаліць на дзясяткі гадоў, усё роўна вернецца да свайго ўлюбёнага, патаемнага.

Я нездарма кажу “патаемнага”, бо, у адрозненне ад досыць зухаватых гісторыка-літаратурных працаў Юрэвіча, гэтая кніга зверне чытача ў свет містычнага провіду, у метафізічныя лабірынты непрачытаных твораў, высветліць новыя грані ўсім вядомых дыяментаў. Так, і гэта таксама адна з галоўных жарсцяў Юрэвіча — сказаць першаму. Але адна справа — дастаць з запыленай тэчкі дакумент, і зусім іншая — прачытаць аўтара па-новаму, па-свойму. Груба кажучы, прачытаць “не так” — і гэтым праветрыць герметычную прастору літаратуразнаўчай навукі.

Гаворачы пра сутыкненне старога і новага ў “Літштудыях”, варта ўсё ж разумець, што кніга не ёсць другім выданнем “Каментароў”. Хутчэй, гэта вельмі акуратна складзеная тэарэтычная работа, дзе ёсць яўная і даволі строгая кампазіцыя, што дазволіла аўтару без шкадавання адкінуць многія тэксты 1999 года, якія гэтай кампазіцыі не пасавалі. Асноўным героем, прадметам і аб’ектам “Літштудыяў” я б назваў беларускі мастацкі час — з’явішча зусім яшчэ мала даследаванае, і Лявон Юрэвіч кладзе такім парадкам у азначаную галіну літаратуразнаўства прыстойную цагліну, калі не сказаць — залівае фундамент. Найвыдатнейшым чынам у гэтую ідэю кладуцца ягоныя колішнія, яшчэ аспіранцка-“метрапольныя” працы па гістарычнай прозе (Дыла, Ластоўскі). Але дзе час, там і бясчассе, трансцэндэнцыя, тагасвет — і зноў жа прывабна выглядаюць у гэтым святле дэманы і страхі жыцця Янкі Юхнаўца, Святаслава Каўша, апалагет надчасавага эратызму Рыгор Крушына.

Гэта што да старых тэкстаў. У новых артыкулах вышэйзгаданы мастацкі час, як сонечны зайчык, ловіцца даследчыкам праз некалькі асноўных жанраў. У “Літштудыях” усе пачынаецца з казкі, у гэтым жанры час нярэдка рухаецца нелінейна і непаслядоўна — залежна ад задумы. Юрэвіч піша пра эміграцыйную казку як жанр, які разбівае маналіт выгнанніцкай сур’ёзнасці, змагарства, выводзіць эмігранцкі побыт у літаратуру. Гэтая работа найперш пра функцыянаванне жанру, але вось поруч з эміграцыйнай казкай вымыкаецца і класіка — “Сярэбраная табакерка” Змітрака Бядулі, дзе на першы план выступае смерць і несмяротнасць як асноўная спружына твору. Артыкул пра пісьменніка Анатоля Жменю (айца Лява Гарошку) таксама не выпадкова ставіцца аўтарам побач. Па-першае, Гарошка наўпрост выказваецца пра Бядулю як настаўніка. Па-другое, хрысціянскае багаслоўе, якім прасякнутая ягоная творчасць, сутыкае бядулеўскую несмяротнасць у “Сярэбранай табакерцы” з прынцыповым айцоўскім поглядам (апошні, у сваю чаргу, таксама вар’юецца паміж дагматычнасцю і свецкасцю). Расповед пра функцыю літаратурнай казкі на эміграцыі перагукаецца з аналізам рэцэпцыі Бядулі ў замежжы: чаму ён стаўся непатрэбным? чаму так цяжка прабівалася ў друк казка? бессмяротнасць у прозе Бядулі і ў апавяданнях святара Гарошкі? — усё гэта фармуе ўяўленне пра эміграцыйнае літаратурнае поле наагул. Падобныя перакрыжаваныя спасылкі ў “Літштудыях” пасля прачытання бачыш фактычна паўсюль — таксама істотная адзнака юрэвічаўскага метаду.

Было б дзіўным, аналізуючы гістарычную прозу эміграцыі, не згадаць Юрку Віцьбіча — і вуаля, ён тут. Юрэвіч падае фактычна аналіз аднаго твору — аповесці “Лшоно Габоо Бійрушалайм”, дзе разасабляе некалькі пластоў часу, адлюстраваных у трох сістэмах персанажаў: гэта спрадвечнае местачковае габрэйства, антысавецкая “праслойка” і дзвюхдушша. Тры слаі аповесці — як тры перспектывы і варыянты жыцця, дзе кожны абірае будучыню па сабе.

Два артыкулы прысвечаныя творчасці Уладзіміра Караткевіча. Дакладней, аснову першага складае аналіз рэцэпцыі Караткевіча на эміграцыі, і тут таксама ідзе расколіна, знайсці якую надзвычай важна для Юрэвіча: як праламляецца караткевічаўская гісторыя ў акулярах Станіслава Станкевіча і Арнольда Макміліна. Выяўляецца, што вобраз часу, дадзены беларускім пісьменнікам, чытаецца двума крытыкамі неаднолькава, з рознымі ацэнкамі і адпаведна ўласным метадалагічным каштоўнасцям. Той жа выхад наўзбоч відавочны і ў артыкуле “Трэцяя крыніца і трэці складнік рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” Уладзіміра Караткевіча”, дзе таксама даецца новая (абавязкова новая!) падсветка рамана — гэтым разам праз аповесць “Фабрыка святых” дацкага пісьменніка Гаральда Бэргстэта і кінастужку, знятую па ёй у 1930 годзе.

“А потым усе памерлі”, — завяршаецца кніга пра час артыкулам “Смерць у люстэрку беларускай літаратуры”, аглядам-разборам танаталагічнай праблемы ў творах беларускіх пісьменнікаў (відавочна, што замах быў зроблены сур’ёзна, як яно заўсёды ў Юрэвіча, але тэма цягне на добрую манаграфію, якую, спадзяюся, напішуць удзячныя нашчадкі). “У беларускім прыгожым пісьменстве існуе альтэрнатыва смерці — памяць. Мо таму столькі ў нашай літаратуры вяртання — да Еўфрасінні, да Вітаўта, да Каліноўскага, да таго пункту адліку, з якога кожны пачынаецца — сам для сябе. Мы пачалі пісаць пра гісторыю, калі задумаліся над пытаннем смерці, у прыватнасці, як нацыі, калі адчулі сябе самотнымі”, — кажа Юрэвіч, гэтым самым замыкаючы кампазіцыю кнігі, якая пачала пісацца яшчэ ў 1980-я гады і ўрэшце выходзіць у 2017-м, калі ўлады Беларусі рыхтуюцца годна сустрэць 100-годдзе Кастрычніцкага перавароту. Таксама, каб не адчуваць сябе самотнымі на скразняку ХХІ стагоддзя.

Тое, што робіць Лявон Юрэвіч, заўжды цікава, у гэтай жа кнізе самая ідэя раскрыць беларускі мастацкі час падалася акуратна ўвасобленай не толькі дзякуючы тэме. Рэч у тым — і гэта яшчэ адна асаблівасць працы амерыканскага даследчыка — што ён, нягледзячы на ўсю грунтоўнасць сваіх ведаў, не імкнецца стварыць “генеральнай лініі”. Перабіраючы пацеркі невядомых твораў, ускосных сведчанняў, забытых імёнаў, запыленых класікаў і выпадковых іх спадарожнікаў, Юрэвіч нагадвае мне гітарыста, які вядзе сваю лінію на тонкіх сугуччах-флажалетах і стварае ўласную мелодыю, не пазычаючы чужой. Такой тонкасці і сціпласці відавочна бракуе нашаму літаратуразнаўству, але тым большая асалода яе нарэшце сустрэць.

Ціхан Чарнякевіч, “Будзьма беларусамі!”

Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі  ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.