Беларускія літаратары наведалі Падляшша

V Міжнародны кніжны кірмаш прайшоў у Беластоку з 22 па 24 красавіка. На адмысловым стэндзе беларускіх выдавецтваў наведнікі кірмаша маглі набыць навінкі беларускага кнігадруку. Сёлета ў кірмашы ўзялі ўдзел прадстаўнікі выдавецтваў “Кнігазбор”, “ARCHE”, “Янушкевіч” і “Галіяфы”.

Кірмаш стаў нагодай для сустрэчы літаратараў з Мінска з вучнямі беларускіх школ на Падляшшы. Паэт Віталь Рыжкоў ды паэт і бард Юры Несцярэнка наведалі Комплекc  школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы імя Яраслава Кастыцэвіча і Беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім, а таксама правялі некалькі літаратурных сустрэч у ў Цэнтры адукацыі і прамоцыі беларускай культуры Шчыты-Дзенцялова.

Віталь Рыжкоў і Юры Несцярэнка, фота: Польскае радыё

Арганізатарамі літаратурных сустрэч са школьнікамі выступілі Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Кaмунікат. Гаворыць арганізатарка імпрэзы Наталлля Герасімюк з рэсурса kamunikat.org: “Калі прыязджае аўтар і чытае свой верш, або верш свайго калегі, то гэта можа стаць першай ластаўкай ці штуршком, які заахвоціць моладзь да чытання, а магчыма, нават абудзіць жаданне і самім пачаць пісаць вершы”.

Міраслава Маркевіч, настаўніца беларускай мовы ў бельскай “тройцы”: “Гэта вельмі добра і вельмі важна для вучняў, таму што яны рэдка маюць магчымасць спаткацца з пісьменнікамі ды яшчэ і з Беларусі. Інакш слухаецца, калі гаворыць настаўнік, чытае верш, а інакш, калі гэта робіць аўтар, які напісаў гэты верш, ці, напрыклад, верш іншага паэты прачытае. Для дзяцей – гэта як бы жывы ўрок”.

Сваімі ўражаннамі ад мерапрыемстваў падзяліўся Віталь Рыжкоў: “Для мяне гэта быў цікавы эксперымент. Мяне цікавіла, ці зможа прабіцца паэзія. Мяне цікавіла заўжды гэтая мяжа разумення альбо неразумення, і дзе яна пралягае, і гэта вельмі цікавы эксперымент з гэтай нагоды, але, здаецца, што вачэй, якія не разумеюць цябе, нашмат менш, чым у такіх-сякіх гарадах Беларусі, калі школьнікі не зусім разумеюць, пра што ты гаворыш. Бываюць розныя школы ў Беларусі, класы з розным ухілам. Калі гэта нейкія беларускія класы, беларускія ліцэі, дзе профільныя гуманітарныя навукі, там, натуральна, што нават ценю непаразумення не ўзнікае, і дзеці выдатна разумеюць, але сустракаюцца непрофільныя класы, якія з тых ці іншых прычын трапілі на твой выступ, і часам уражанне, што людзі проста не ўхапліваюць такую плынь роднай мовы ў Беларусі. А тут усё-ткі, можа быць, з перашкодамі, але непаразумення не было”.

“Уражанні самыя лепшыя, - адзначыў Юры Несцярэнка.- Рэдка выпадаюць такія сустрэчы, і тое, што мы сёння патрапілі ў трэцюю гімназію і ў Беларускі ліцэй, для мяне асабіста гэта сапраўдная падзея, і мне вельмі было не тое што прыемна, мне важна было сустрэцца з тымі маладымі людзьмі. Гэта вельмі цікавыя і важныя сустрэчы былі, і я думаю, што ў нашай аўдыторыі такія сустрэчы застануцца ў памяці”.

Госці з Мінска перадалі ў бібліятэкі падляскіх школ, з вучнямі якіх адбыліся сустрэчы, самыя каштоўныя падарункі ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” – кнігі. Паводле “Радыё Рацыя” і "Польскага Радыё"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение