Легенда касмічнага маштабу. Барысу Кіту — 106 гадоў

6 красавіка свой 106-ты Дзень народзінаў у нямецкім Франкфурце-на-Майне сустракае  легендарны беларускі навуковец, даследчык у галіне астранаўтыкі, асветнік, выбітны беларускі грамадскі дзеяч Барыс Кіт.

Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" сардэчна віншуе шаноўнага Барыса Уладзіміравіча з Днём народзінаў. Жадаем добрага здароўя, бадзёрасці, аптымізму, сяброўскай ўвагі і яшчэ шмат-шмат сонечных, радасных дзён!

Напярэдадні 106-га дня народзінаў карэспандэнту Радыё "Свабода" ўдалося пагутарыць з Барысам Кітом праз тэлефон.

— Барыс Уладзімеравіч, найперш скажыце, як вы сябе пачуваеце, як здароўе?

— Здароўе моцна пагоршылася, але яшчэ ёсьць трохі. Я асабліва ня рухаюся, сяджу ў хаце. Не магу хадзіць, карыстаюся возікам. А апекуюцца мною тут нармальна...

— Умовы ў вашым доме-інтэрнаце вам падабаюцца?

— Ужо цяжка сказаць, што мне нешта падабаецца, бо я ўжо стаю на канцы свайго жыцьця і хутка мяне ўжо ня будзе...

— Як будзеце адзначаць 106 гадоў?

— Людзі будуць званіць, можа, хто-небудзь зойдзе, як заўсёды, буду вельмі рады, калі я яшчэ каго-небудзь цікаўлю... 106 гадоў — гэта вялікі ўзрост. У мінулым я шмат разоў думаў, што памру ўжо. Але не памёр... Я сядзеў у страшэннай нямецкай турме і паміраў штодня, 30 дзён сядзеў у турме ў Глыбокім. Кожны дзень паліцыя забірала ад нас з такой ямы на расстрэл 25 чалавек, 5 заставалася, і я сярод іх. І так 30 дзён, 30 разоў чакаў сьмерці. Але Бог, відаць, не хацеў маёй сьмерці. Трэба сказаць, што мяне тады выратаваў Кастусь Касяк, які пайшоў да нямецкага гэбітскамісара і дамогся майго вызваленьня праз 30 дзён у турме. Ён быў маім вучнем у Наваградзкай беларускай гімназіі, добрым вучнем. І многім беларусам ён тады дапамог вызваліцца зь нямецкіх турмаў. Але калі прыйшлі бальшавікі, то першым яго павесілі...

— Барыс Уладзіміравіч, якія маеце навіны ад вашай сям’і?

— Ёсьць навіны. У маёй унучкі месяц таму нарадзілася другое дзіця, хлопчык. Яшчэ адзін праўнук. Гэта прыемная навіна. Уся мая сям’я жыве ў Амэрыцы, раскіданая па ўсіх канцах... А нядаўна памерла мая былая жонка Ніна Корсак, пахаваная ў Вашынгтоне. Такія навіны.

— Якія маеце кантакты зь Беларусьсю, зь беларусамі? Землякі звоняць, заходзяць?

— Ціха звычайна, ніхто не прыходзіць. Можа, заўтра, у дзень майго нараджэньня, будуць тэлефанаваньні.

Апошніх навінаў зь Беларусі Барыс Кіт ня ведае, ня мае магчымасьці сачыць. Але ён пазытыўна ацаніў, што летась у Беларусі выпусьцілі палітвязьняў, што ў грамадзтве стала больш запатрабаваная беларуская мова:

«Цешуся гэтаму, бо Беларусі належыць свабода».

У чаканьні віншаваньняў і зычэньняў з нагоды 106-годзьдзя Барыс Кіт выказаў і сваё пажаданьне беларускім прыяцелям:

«Маё пажаданьне адзінае: каб Беларусь стала свабоднай ад усялякіх непатрэбных рэчаў, якія апошнім часам былі».

ЛЕГЕНДА КАСМІЧНАГА МАШТАБУ

Артыкул падрыхтаваны Згуртаваннем беларусаў свету "Бацькаўшчына" да 105-годдзя Барыса Кіта.

Пра жыццё гэтага чалавека можна смела здымаць кіно. Вялікі эпічны фільм з галівудскім размахам. Кінастужка атрымалася б вялікая – на цэлы корпус серыяў, кожная з якіх была б прысвечаная асобнаму перыяду жыцця галоўнага героя. Як “Хронікі маладога Індыяны Джонса”, у якіх на фоне жыцця вядомага навукоўца-археолага паказаныя пераломныя моманты ў жыцці цэлых народаў. Але герой Джорджа Лукаса – персанаж выдуманы, зборны вобраз, які ўвабраў у сябе найлепшае з амерыканскіх прыгодніцкіх тэлесерыялаў. Мы ж маем справу з рэальным чалавекам, хто скарыў Амерыку і ёсць не проста сведкам стагоддзя, але і непасрэдным удзельнікам многіх вызначальных падзей для беларускага народа ў прыватнасці і для чалавецтва ў цэлым.

 

Барыс Кіт нарадзіўся ў колішняй сталіцы Расійскай імперыі ў 1910 годзе. Дзяцінства і юнацтва правёў на Наваградчыне. Скончыў народную школу ў Карэлічах, Навагрудскую беларускую гімназію, фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.

Барыс Кіт у дзяцінстве

У 1930-я Барыс Кіт працаваў выкладчыкам у легендарнай Віленскай беларускай гімназіі і нават паспеў стаць яе дырэктарам у 1939 годзе. У той час гэта была не проста навучальная установа, а сапраўдная кузня кадраў, дзе гартавалася будучая нацыянальная эліта. Калі пачаць пералічваць усіх, хто ў ёй вучыўся і выкладаў, то атрымаецца асобны тэкст з вялікім спісам персаналій. Трыццатыя гады для Заходняй Беларусі, як вядома, былі часам неспакойным. І вось наш герой быў у самым цэнтры гэтага вірлівага жыцця.

Яшчэ з маладых гадоў Барыс Кіт захапляўся паэзіяй, нават стварыў гурток падчас навучання ў Наваградскай гімназіі. Відаць, менавіта таму свае заняткі ўжо ў якасці выкладчыка ў Віленскай беларускай гімназіі ён пачынаў з вершаў. Чытаў вучням Хведара Ільяшэвіча, Сяргея Хмару, Максіма Танка, Наталлю Арсенневу ды іншых.

Пасведчанне настаўніка матэматыкі дзяржаўнай гімназіі ў Вільні, 1935 год

Разам з выкладчыцкай дзейнасцю не забываўся спадар Барыс і пра беларускую справу – актыўна займаўся развіццём беларускай школы ў Заходняй Беларусі. Двойчы ён быў арыштаваны польскімі ўладамі і сядзеў у турме: першы раз у Наваградку за дачыненні з “Грамадой” Браніслава Тарашкевіча, другі раз у Віленскай турме на Лукішках па справе Таварыства беларускай школы. Сядзеў, дарэчы, разам з вядомым беларускім дзеячам Рыгорам Шырмай.

З прыходам савецкай улады Барыс Кіт застаецца ў адукацыйнай сферы – працуе школьным інспектарам у Баранавіцкай вобласці, займаецца арганізацыяй беларускіх школ, выкладае матэматыку.

Падчас нямецкай акупацыі ён будзе дырэктарам у Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Маладзечне, а пасля ў Паставах. Таксама будзе ачольваць Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. За немцамі, як і за палякамі, яго зноў арыштоўваюць і кідаюць за краты. Гэтым разам яго нават ледзь не расстралялі – ад смерці ў Вілейскім СД выратавалі колішнія яго вучні з Віленскай беларускай гімназіі.

У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія наступала па ўсіх франтах, Барыс Кіт разам з іншымі вядомымі беларускімі дзеячамі культуры і навукі выязджае на Захад, спачатку ў Германію, а затым у Амерыку. Усе яны добра разумелі, што іх чакае па вяртанні савецкай улады, таму выбралі жыццё на чужыне. Беларусь недалічылася шматлікіх спецыялістаў, якія б маглі паслужыць на карысць Бацькаўшчыне. Нездарма вядомы беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч называе масавы паваенны ад’езд беларусаў найвялікшай нацыянальнай трагедыяй для беларускага народа.

На чужыне Барыс Кіт няспынна вучыцца. У Амерыцы пачынае займаецца касмічнымі распрацоўкамі. Ён адзін з тых, дзякуючы каму адбылася рэвалюцыйная для ўсяго чалавецтва падзея – высадка чалавека на Месяц. Справа ў тым, што менавіта спадар Барыс – вынаходнік інавацыйнага віду паліва, вадкага вадароду, якое выкарыстоўвалася для запускаў у космас. Акрамя гэтага, ён займаецца развіццём сувязі паміж Зямлёй і Месяцам. Дзякуючы навуковым распрацоўкам Барыса Кіта мы можам цяпер глядзець фота і відэа са спадарожніка. Ён жа напісаў і выдаў першы ў гісторыі чалавецтва падручнік па астранаўтыцы.

У 1972 годзе Барыс Кіт вяртаецца ў Германію, у горад Франкфурт-на-Майне, дзе займаецца універсітэцкімі даследаваннямі і выкладчыцкай дзейнасцю. Зразумела, што і тут ён дасягае поспеху.

Барыс Кіт – прафесар Вашынгтонскага Мэрылендскага ўніверсітэта, 1983 год

Не забываўся Барыс Кіт і на сукрэвічаў – дзякуючы яго намаганням ў штаце Нью-Джэрсі паўстала найбуйнейшая калонія беларусаў у ЗША. Там атабарылася болей за 300 беларускіх сямей. Таксама наш герой з’яўляўся фундатарам для многіх беларускіх эміграцыйных арганізацый.

Не буду пералічваць ўсе рэгаліі спадара Барыса – ахвочыя без цяжкасцяў знойдуць усё ў сеціве. Адзначу толькі, што мова, а наш герой вольна валодае 6 мовамі, а таксама жаданне вучыцца робяць фенаменальныя рэчы!

На прыкладзе Барыса Кіта можна не толькі здымаць гістарычнае кіно, але і пісаць матывацыйныя кнігі. Яго жыццё – яркі доказ таго, што беларус можа дасягнуць поспеху не толькі на Радзіме, але і па-за яе межамі, не забываючыся пры гэтым на родную старонку.

Нядзіўна, што імя Барыса Кіта было закладзенае ў «капсулу часу» разам з імёнамі найлепшых навукоўцаў сусветнай касманаўтыкі, якая замураваная ў сцяну амерыканскага Капітолія. Нашчадкі і праз 500 гадоў, калі яе ўскрыюць, будуць ведаць сваіх герояў.

Мы ж павінныя і цяпер ганарыцца нашай легендай касмічнага маштабу – Барысам Кітом.

Віншуем юбіляра!

Канстанцін Касяк, на замову МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”

Фота з кнігі “Зорны шлях”, укладальнік Лідзія Савік, “Кнігазбор”, 2011

Інтэрв’ю з даследчыцай Лідзіяй Сымонаўнай Савік, якая вярнула імя Барыса Кіта Беларусі, падрыхтаванае Згуртаваннем "Бацькаўшчына" да 105-гадовага юбілею Барыса Кіта.

Відэаінтэрвв'ю да 105-годдзя Барыса Кіта

 

Відэаінтэрвію, якое Барыс Кіт даў Свабодзе на сваё стагодздзе ў 2010-м. З юбілярам гутарыў Валер Каліноўскі.