Сябра Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, прафесар Алег Латышонак уганараваны Крыжом Свабоды і салідарнасці. Узнагароду прысудзіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Пра гэта паведаміла “Беларускае Радыё Рацыя”.
Алег Латышонак з 1981 года быў чальцом падпольнага руху “Салідарнасць”, у 1982 годзе быу арыштаваны за сваю дзейнасць і правёў пад арыштам 8 месяцаў.
Управа Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе шаноўнага спадара Алега Латышонка з атрыманнем высокай узнагароды.
Шаноўны спадар Алег!
Згуртаванне Беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра ганарыцца шматгадовай супрацай з Беларускім гістарычным таварыствам і з Вамі асабіста.
Вельмі радуе, што Ваша грамадская дзейнасць, Вашы мужнасць, трываласць і адданасць ідэалам свабоды і дэмакратыі былі заслужана адзначаныя на такім высокім узроўні.
Яшчэ раз віншуем з узнагародай і жадаем поспехаў ва ўсіх справах, творчага імпэту, аптымізму, жыццёвай трываласці, новых дасягненняў у грамадскай і прафесійнай дзейнасці!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Фота: Беларускае Радыё Рацыя