Дзейнасць у 2016 г.

Справаздача аб дзейнасці “Бацькаўшчыны” за студзень – снежань 2016 г.

У справаздачу ўвайшлі самыя значныя мерапрыемствы і крокі Згуртавання за год. Як і раней, дзейнасць ажыццяўлялася ў адпаведнасці са Статутам аб’яднання і на падставе рашэнняў яго кіруючых органаў.

Штодзённа ішла бягучая праца Згуртавання, камунікацыя з сябрамі арганізацыі з Беларусі і замежжа. Рэгулярна збіраліся на пасяджэнне Управы і Рады.

У 2015 годзе Згуртаванне святкавала свой 25-гадовы юбілей, з гэтай нагоды быў абвешчаны конкурс працаў пра беларускае замежжа. У 2016 годзе журы падвяло вынікі, а ў ліпеня 2016 падчас прыезду Янкі Запрудніка і прэзентацыі кнігі “Кантакты: Сіла прыцягнення”, прысвечанай 90-годдзю славутага земляка, былі ўручаны прызы пераможцам. Самі ж працы ўвайшлі ў зборнік “Сшытак 2. Да гісторыі беларускай дыяспары”, які пад рэдактарствам Наталлі Гардзіенкі пабачыў свет у канцы 2016 года. Такім чынам яшчэ і 2016 год ішоў пад знакам юбілею Згуртавання.

Прадстаўнікі “Бацькаўшчыны”, як і раней, бралі ўдзел у мерапрыемствах беларускай дыяспары. Так, на Дзень Волі кіраўніцтва Згуртавання наведала Дом правоў чалавека ў Вільні на запрашэнне вядомага віленскага беларуса – Хвадара Нюнькі. У святкаванні бралі ўдзел прадстаўнікі беларускай творчай інтэлігенцыі з Беларусі і Літвы.

У верасні праходзіла 32-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, да ўдзелу ў якой таксама былі запрошаны кіраўнікі Згуртавання Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская. Акрамя вітальнага слова ад Згуртавання быў агучаны даклад на тэму “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў: узаемаўплывы працэсаў у дыяспары і Беларусі”. І падчас з’езду, і пасля яго кіраўніцтвам Згуртавання было праведзена шмат сустрэчаў з беларусамі Канады і ЗША, на якіх абмяркоўвалася і сітуацыя ў беларускай дыяспары гэтых краінаў, і шляхі па ўзмацненні супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння, і канешне, ж сітуацыя ў самой Беларусі.

У лістападзе сябра Згуртавання Алесь Камоцкі прадстаўляў “Бацькаўшчыну” на мерапрыемстве, прысвечаным 25-гадоваму юбілею адной з найстарэйшых беларускіх арганізацый Латвіі.

У красавіку Згуртаванне адправіла беларускі дэсант на Падляшша для ўдзелу ў кніжным кірмашы ў Беластоку. Прадстаўнікі Згуртавання перадалі беларускія кнігі школам, а таксама арганізавалі сумесна з інтэрнэт-бібліятэкай “Камунікат” шэраг сустрэчаў з паэтамі Віталём Рыжковым  і бардам Юрыем Несцярэнкам.

Увогуле ў 2016 годзе былі вельмі знакавыя юбілеі. Так, свой 60-гадовы юбілей адзначыла беластоцкая газета “Ніва”, 45 год адзначыла Беларуская бібліятэка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане, 15 год спеўнаму гурту “Яваровы людзі” з Канады, 20 год – Іркуцкаму таварыству беларускай культуры імя Яна Чэрскага, 20 год споўнілася Рыжскай Беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы, 90 год – Янку Запрудніку, 85 год Анатолю Вярцінскаму, 80 год Лідзіі Савік, 75 год Арнольду Максіліну. Кожны раз “Бацькаўшчына” накіроўвала віншаванні, а з нагоды юбілею Янкі Запрудніка арганізавала прэзентацыю кнігі “Кантакты: Сіла прыцягнення Бацькаўшчыны”, укладальнікі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч.

Дзейнасць нашых беларусаў у краінах свайго пражывання адзначалася і адміністрацыямі тых гарадоў, і самой Беларуссю. Так, член праўлення беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” (Даўгаўпілс, Латвія) Таццяна Бучэль атрымала ўдзячную грамату Даўгаўпілскай краёвай думы за працу на карысць самакіравання Даўгаўпілскага краю і яго жыхароў, а сябру Вялікай Рады “Бацькаўшчыны” з Томска Любоў Адаскевіч прэзідэнт Беларусі ўганараваў медалём Ф.Скарыны.

Вельмі прыемна, што не абышла ўзнагарода і нашу арганізацыю: у ліпені 2016 г. “Бацькаўшчына” атрымала прэмію і ганаровую падзяку Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтваў за актыўнае пашырэнне ведаў пра беларускае замежжа.

Увогуле пытанням беларускай дыяспары, яе жыццю і дзейнасці, тэндэнцыям і перспектывам надавалася вельмі пільная ўвага з боку Згуртавання. Гэта знайшло сваё адлюстраванне і ў падрыхтоўцы да Сёмага з’езда беларусаў свету, якое распачалося ў 2016 годзе, і падчас шэрагу сустрэч з дзяржаўнымі органамі Беларусі, у тым ліку з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў і асабіста міністрам, і ва ўдзеле арганізацыі ў пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжы пры МЗС, і ў тым, што “Бацькаўшчына” брала актыўны ўдзел у экспертных сустрэчах па справах дыяспары, што арганізоўваліся Офісам за дэмакратычную Беларусь (Бельгія).

Дзеля выканання рашэнняў З’ездаў беларусаў свету, “Бацькаўшчына” звярнулася да Міністэрства адукацыі з тым, каб уключыць у іх план дзейнасці выданне электронных і папяровых падручнікаў беларускай мовы для замежных навучэнцаў, пры гэтым выказаўшы гатоўнасць дапамагчы з перакладам на беларускую мову і адаптацыю існуючых навучальных матэрыялаў, а таксама ў распаўсюдзе гэтых падручнікаў па суполках беларускай дыяспары. Таксама быў накіраваны ліст да Міністэрства замежных справаў з прапановамі, якія агучваліся шмат разоў, але тым не менш не страцілі сваёй актуальнасці: стварыць у МЗС асобны аддзел/структуру па справах беларусаў замежжа, а таксама разгледзіць магчымасць стварэння асобных пасадаў ці надання функцый ужо існуючым спецыялістам у пасольствах і консульствах па ўмацаванні сувязяў з белрускай дыяспарай.

У мінулым годзе Згуртаванне рабіла актыўныя крокі дзеля захавання і папулярызацыі замежнай беларускай культурнай спадчыны, папулярызавала кнігі і выданні беларусаў замежжа, іх творчасць і дзейнасць.

У студзені выйшла з друку кніга Алега Гардзіенкі “БЦР: стварэнне, дзейнасць, заняпад (1943–1995 гг.)”. Кніга выдадзена сумесна з Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва (ЗША).

У ліпені адбылася сустрэча з Янкам Запруднікам, а напярэдадні яе выйшла ўжо 30-я кніга з серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” “Кантакты”, прысвечаная 90-годдзю сп. Запрудніка.

Наша арганізацыя дапамагла выхаду кнігі Пётры Мурзёнка, старшыні Атаўскага аддзялення Згуртавання беларусаў Канады, “Шляхі да беларускай нацыі”, яго новая кніга “Чым ганарыцца кожнаму беларусу” ўжо здадзена ў друк.

Як ужо ўзгадвалася раней, выйшаў зборнік “Да гісторыі беларускай дыяспары”: Матэрыялы конкурсу працаў пра беларускае замежжа, прысвечанага 25-годдзю ”Бацькаўшчыны”.

Зараз у падрыхтоўцы чарговая кніга ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, якая планавалася да выхаду ўжо даўно, “Легенды Ванкувера” індзейскай пісьменніцы Паўлін Джонсан-Тэкеянуакей у перакладзе Ірыны Варабей (Канада).

Пабачыў свет яшчэ адзін выдавецкі праект, рэалізаваны сумесна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, - трэці выпуск “Дзённікаў і запісаў” народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, укладзенага Н. Давыдзенка.

Згуртаванне “Бацькаўшчына” спрычынілася да выдання кнігі Віктара Марціновіча “Возера радасці”, а таксама “Чытанкі для дзяцей-2”. Яна выйшла таксама ў партнёрстве з Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

У 2016 годзе таксама разам з СБП Згуртаванне абвесціла чарговую Прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў, прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Цягам года на сайце арганізацыі размяшчаліся цікавыя інтэрв’ю і артыкулы, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці беларускай эміграцыі, штомесяц выдаваўся інфармацыйны бюлетэнь “Беларусы ў свеце”, які, дарэчы, летась памяняў свой дызайн.

Кожныя два месяцы разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў Згуртаванне выдавала і рабіла дасылку інфармацыйнага бюлетэня “Кніганоша” з навінкамі незалежнага кнігадруку.

У 2016 годзе Згуртаванне не адзін раз рабіла крокі па абароне правоў сяброў арганізацыі. Так, “Бацькаўшчына” пастаянна сачыла за лёсам Хведара Нюнькі і яго судовым разбіральніцтвам, рэгулярна інфармавала сяброў арганізацыі пра стан рэчаў у гэтым працэсе. Таксама Згуртаванне выступіла ў абарону БелСату і звярнулася да кіраўнікоў беларускіх арганізацый у замежжы з просьбай дапамагчы падтрымаць адзінае беларускамоўнае незалежнае тэлебачанне; зрабіла публічную заяву з нагоды спынення Прэзідэнцкай бібліятэкай працоўнага кантракта з Валерам Герасімавым, намеснікам старшыні Рады арганізацыі.

Таксама “Бацькаўшчына” звярнулася да беларускіх арганізацый замежжа падтрымаць выданне музычнага альбома Лявона Вольскага, і на гэты зварот адгукнулася Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі.

У 2016 годзе Згуртаванне з цэлым шэрагам беларускіх грамадскіх аб’яднанняў – Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Таварыствам беларускай мовы, Таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саюзам дызайнераў і Саюзам мастакоў Беларусі, звярнуліся да Адміністрацыі прэзідэнта з тым, каб Дзень друку ў Беларусі быў перанесены з 5 мая на 6 жніўня, на дзень, калі Скарына надрукаваў Біблію.

Увогуле, з нагоды 500-годдзя беларускага друку Згуртаваннем “Баьцкаўшчына” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў была абвешчана кампанія “Пяцісотгоднасць”, якая ўключыла ў сябе цэлы шэраг літаратурных сустрэч па Беларусі, а таксама інртэрв’ю і цікавыя матэрыялы на сайце арганізацыі.

У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”:

Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, каардынатарам якой з’яўляецца Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, па-ранейшаму ладзіць па ўсёй Беларусі разнастайныя публічныя мерапрыемствы, такім чынам уцягваючы ў кола беларушчыны раней незаангажаваных людзей (літаратурныя імпрэзы, выступленні беларускіх музыкаў, прэзентацыі кніг і дзіцячыя спектаклі лямцавай батлейкі, круглыя сталы, публічныя дыскусіі, конкурсы, шоў Беларушчыны і многае іншае).

Падрабязна пра ўсе мерапрыемствы кампаніі рэгулярна пішацца на сайце budzma.by. Пра самыя яскравыя падзеі кампаніі таксама пішуць розныя незалежныя рэспубліканскія і рэгіянальныя сродкі інфармацыі.

Адзначым асноўныя накірункі і мерапрыемствы кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў 2016 г., якія непасрэдна каардынавала і рэалізоўвала Згуртаванне “Бацькаўшчына”.

1. Найперш важна адзначыць, што да 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў у красавіку была абвешчана кампанія “Пяцісотгоднасць”. У яе межах “Будзьма” абвясціла гістарычную віктарыну да дня ведаў, а разам з СБП цягам года было праведзена – 335 літаратурных сустрэч у 93-х населеных пунктаў з удзелам 91 творцы. На гэтых імпрэзах агулам прысутнічала каля 20 тысяч чалавек. У лістападзе разам з СБП былі складзеныя рэйтынгі найбольш знакавых кніг за 500 гадоў беларускага кнігадруку як ад экспертаў, так і праз грамадскае галасаванне на сайтах і ў сацыяльных сетках. Быў падрыхтаваны таксама шэраг артыкулаў з нагоды гэтага знакавага юбілею. Кампанія “Пяцісотгоднасць” будзе працягвацца і ў наступным годзе.

2. У кампаніі “Будзьма!” новы арганізацыйны партнёр – Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA , разам з якім была распачата рэгіянальная праграма “Разам да справы” дзеля павышэння грамадскай актыўнасці ў рэгіёнах.

У яе межах для супрацоўнікаў Згуртавання, актывістаў з рэгіёнаў, рэгіянальных каардынатараў кампаніі быў арганізаваны азнаямленчы візіт у Грузію пад назвай “Прынцыпы добрага кіравання ў сферы культуры і ўстойлівага развіцця: грузінскі досвед”. Цягам тыдня ў траўні група знаёміліся з досведам грузінскіх дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый, у тым ліку, як развіваецца інстытут мясцовага самакіравання.

Таксама разам з SYMPA была праведзена першая сесія Школы мэраў, а таксама 2 майстар-класы (у Мінску і Віцебску) з удзелам вядомага грузінскага эксперта Звіад Дэўдарыяні, дырэктара “Агенцтва грамадзянскага развіцця” (CiDA, Грузія) па практыках абароны і прасоўвання грамадскіх інтарэсаў.

У кастрычніку быў абвешчаны пачатак доўгатэрміновых кансультацый для мясцовых актывістаў па тым, як дасягнуць выніку і зрабіць сваю грамадскую ініцыятыву паспяховай. Такія кансультацыя спецыялісты SYMPA разам з кампаніяй “Будзьма!” будуць працягваць весці таксама цягам 2017 года.

Цягам года было арганізавана і праведзена 10 ток-шоў на актуальныя для гарадоў правядзення грамадска-культурніцкія тэмы: па адным у Брэсце, Гродна, Маладэчна, Пружаны, па 2 у Гомелі, Бабруйску і Мінску. Мэта гэтых мерапрыемстваў – дапамагчы рэгіянальным супольнасцям арганізавацца, каб рабіць сваё жыццё лепей на глебе нацыянальнага грунту.

Праведзена два Кірмашы праектаў (у Віцебску і Маладэчна), на якіх быў прэзентаваны 21 праект мясцовых жыхароў. Для часткі з іх каардынатары кампаніі “Будзьма!” знайшлі партнёраў і праекты будуць рэалізаваныя ў хуткім часе, што спрыяе і актывізацыі людзей, і развіццю мясцовых супольнасцяў.

3. Як падмурак для пашырэння мэтаў кампаніі “Будзьма беларусамі!” і выбудовы лаяльнасці з боку грамадства і мясцовых адміністрацый да беларускай культуры, кампанія працягвала ладзіць літаратурна-мастацкія мерапрыемствы, прэзентацыі кніг, дзіцячыя спектаклі і да т.п. Да прыкладу, валанцёры кампаніі “Будзьма!” арганізавалі Свята роднай мовы ў Слуцку, у Чаркасах Дзяржынскага р-на, Брэсце, Мінску.

4. Асобным важкім і важным накірункам застаецца арганізацыя і правядзенне штогадовага Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “Аднак!”, які ў 2016 г. праходзіў сёмы раз з 5 мая па 30 чэрвеня. Было пададзена 285 заявак ад 135 удзельнікаў. Агульная колькасць партнёраў у гэтым годзе дасягнула 50-ці. Агульная колькасць публікацый пра Фестываль перавысіла 1000 разоў.

Хэдлайнерам адукацыйнай праграмы Фестывалю стаў Давар Руне, сузаснавальнік харвацкага digital-агенцтва DRAP. Упершыню кампанія паспрабавала сабраць сродкі праз платформу Ulej.by і гэта ў яе атрымалася.

Вынікі Фестывалю “Аднак!” з 2017 года будуць уключаны ў рэйтынг крэатыўнасці беларускіх рэкламных агенцтваў АКМА і Асацыяцыі Рэкламных Арганізацый (АРА), што спрыяе выхаду “Аднак!” на больш высокі прафесійны ўзровень.

5. Удзел у партнёрскіх ініцыятывах.

- Як і ў мінулым, так і ў 2016 г., Згуртаванне “Бацькаўшчына” ўласна і ў асобе кампаніі “Будзьма беларусамі!” ўвайшлі ў склад заснавальнікаў Стыпендыі Аркадзя Смоліча, якая створана шэрагам некамерцыйных і камерцыйных арганізацыяў, а таксама высілкамі асобных грамадзянаў з ініцыятывы Кірыла Атаманчыка (Літва). Стыпендыя імя Аркадзя Смоліча выдаецца студэнтам беларускіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў за выбітную грамадскую, культурную і сацыяльную дзейнасць у галіне развіцця грамадзянскай супольнасці Беларусі. Вынікі стыпендыі падведзеныя ў 2017 г.;

- актыўны ўдзел кампанія “Будзьма!” брала і ў ініцыятыве Лятучага ўніверсітэта – “Цытуй сваё”, якая была распачатая ў 2015 г. шэрагам інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў, дзеля актуалізацыя найлепшых узораў беларускай думкі;

- а ў жніўні кампанія ўжо традыцыйна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні Фестывалю міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока 2016”.

6. Прадукцыя кампаніі заўжды карыстаецца попытам і папулярнасцю дзякуючы сучаснаму дызайну і крэатыўнасці. Больш за тое, яна стала ўзорам і штуршком для пераймання такіх падыходаў для іншых грамадскіх арганізацый і ўстановаў бізнесу. Прадукцыя кампаніі распаўсюджваецца рознымі спосабамі: і праз продаж у крамах (календары, наборы з паштоўкамі), і бясплатна праз конкурсы і віктарыны падчас мерапрыемстваў і праз сайт з мэтай заахвоціць і зацікавіць мэтамі і дзейнасцю кампаніі.

Да прыкладу, папулярнасць праекта “Не маўчы па-беларуску” была падтрымана ў 2016 г. вырабам 4 тысяч набораў паштовак, большасць з якіх была прададзена цягам года. Добра рэалізоўваецца і наклад у 2 тысячы набораў паштовак “Расквецім гісторыю нашай краіны разам” (паводле мультфільма “Будзьма беларусамі, або Гісторыя Беларусі за 5 хвілін).

Безумоўным лідэрам па папулярнасці быў каляндар “Не маўчы па-беларуску” – у студзені давялося дадрукоўваць дадатковы наклад календару на 2016 год, а ў снежні – выдаць такі каляндар у новым дызайне накладам у 5000 асобнікаў.

7. Сайт кампаніі budzma.by застаецца ўнікальным і практычна адзіным беларускамоўным інфармацыйным парталам, праз які чытачы не толькі даведваюцца пра цікавыя культурныя імпрэзы па ўсёй Беларусі, але і атрымліваюць інфармацыю, якая здольная мяняць іх стаўленне і светапогляд на розныя падзеі ў краіне. Так, цягам года такога кшталту былі зробленыя онлайн праекты:

- “Ёсць Маладосць!” - праект накіраваны на адкрыццё новых імёнаў у рэгіёнах Беларусі, людзей 20-25 гадоў, якія нарадзіліся незадоўга да прыходу А.Лукашэнкі да ўлады, і большая частка іх жыцця, станаўленне і развіццё, адбываліся менавіта ў гэты перыяд. Гэта важна рабіць дзеля персаніфікацыі сучасных працэсаў і пошуку адметных лідэраў меркавання, найперш у рэгіёнах. Было падрыхтавана і апублікавана 13 матэрыялаў, якія мелі 7 306 праглядаў на сайце кампаніі.

- “ Будзьма памятаць!” – гэта серыя фота- і тэкставых рэпартажаў пра знакавыя для беларускай памяці месцы, дзе ў 1937-38 гг. адбываліся савецкія рэпрэсіі. Большасць такіх месцаў замоўчваюцца сённяшняй прапагандай. Практычна ўсе яны не адзначаны спецыяльнымі знакамі/мемарыяльнымі шыльдамі, частка з іх – публічныя (а часта – забаўляльныя) установы. Усяго ў серыі выйшлі 8 матэрыялаў, было 3 284 чытанняў на сайце. Праект атрымаўся дастаткова рэзанансны, падштурхнуў іншыя СМІ да публікацый на падобную тэматыку.

Агулам сайт працягвае культурна-асветніцкую палітыку і не толькі для павышэння цікавасці да беларускай культуры, а працуе на актывізацыю грамадства праз падняцце вострых тэмаў, у тым ліку праз рубрыку “Калумністыка” з Віктарам Марціновічам, які працягвае разважаць на актуальныя і цікавыя тэмы праз прызму асабістага асэнсавання розных з’яваў і падзеяў.

Такога кшталту дзейнасць, якая дапамагае жыхарам Беларусі асэнсоўваць сваю прыналежнасць да беларускай нацыі з тысячагадовай гісторыяй, багатай роднай беларускай мовай і глыбокімі культурнымі каштоўнасцямі, якія неад’емна злучаюць нашу краіну з еўрапейскай цывілізацыяй, будзе працягвацца і ў 2017 годзе.