«Заўжды размаўляе па-беларуску»

Напярэдадні Дня Волі ў Наваградку затрымалі 59-гадовага Сяргея Лаўрушчыка. Міліцыя адрапартавала, што знайшла ў мужчыны «цэлы арсэнал». Ягоны сын расказаў, што мужчына мае прыватны музэй, дзе зброя была экспанатамі.

Раней Лаўрушчык ставіў у двары крыж памяці забітага Рамана Бандарэнкі, фарбаваў браму ў белы і чырвоны колеры.


Міліцыя: «Знайшлі цэлы арсэнал»

Увечары 23 сакавіка міліцыя прыйшла з аглядам сама меней да сямі жыхароў Наваградку. Сярод іх быў 59-гадовы Сяргей Лаўрушчык. Агляд у яго доўжыўся каля 4 гадзінаў да позьняй ночы. Пасьля гэтага мужчыну затрымалі.

У Youtube-канале МУС зьявіўся відэаролік пра затрыманьне 59-гадовага наваградца. Супрацоўнік МУС у ім паведамляе, што ў мужчыны знайшлі і забралі пратэставую атрыбутыку: стужкі, улёткі, сьцягі і лісты з заклікам выйсьці на плошчы 25 сакавіка. Да таго ж у пабудовах каля дома наваградца знайшлі «цэлы арсэнал: патроны рознага калібру, зьменны кулямётны дыск, прадмет, падобны на складную частку аўтамата, пісталет і незарэгістраваную паляўнічую стрэльбу з патронамі». Па факце праводзіцца праверка.


Сын затрыманага: «Зброя захоўвалася ў музэі»

Як расказаў сын затрыманага Аляксандар Лаўрушчык, міліцыя прыйшла да ягонага бацькі, як ён зразумеў, з прафіляктычнай мэтай перад Днём Волі, як і да іншых, хто ўжо быў асуджаны раней за ўдзел у недазволеных масавых мерапрыемствах. Сяргей Лаўрушчык ужо сядзеў на «сутках» за мітынгі.


02-a55ac469-f117-4403-8374-3c153d65c816_cx0_cy18_cw100_w1597_n_r1_st.jpg

У прыватным музэі Сяргея Лаўрушчыка


«Яны дагэтуль ня могуць зразумець, хто спонсар, хто ўсё арганізуе. Яны хацелі знайсьці гэтага чалавека, але безвынікова», — камэнтуе Аляксандар паводзіны міліцыі ў дачыненьні да актывістаў. Ён перакананы, што ніякага арганізатара пратэстаў няма.

Сын прыехаў крыху пазьней за пачатак агляду хаты і іншых будынкаў на прыватнай тэрыторыі. Ён пацьвердзіў, што ў будынках побач з домам захоўвалася некалькі штык-нажоў ад вінтоўкі Мосіна і ад вінтоўкі Маўзэра, шабля, іржавыя боепрыпасы 1940-х гадоў, дыск кулямёта Дзегцярова. Аляксандар мяркуе, што ўсё гэта было ўжо старое і небаяздольнае.

«Гэты дыск пусты ляжаў свабодна ў музэі. У бацькі ёсьць свой музэй. Там ён калекцыянаваў рэчы, якія нагадваюць яму пра нашую гісторыю савецкага часу і Вялікага Княства Літоўскага», — расказвае Аляксандар.

«Відаць нават на гэтым відэа, што ўсё гэта ржавае. Яно не страляе», — перакананая знаёмая Лаўрушчыка.

Аднак зброю маюць аддаць на экспэртызу, каб высьветліць, наколькі яна рабочая.

Музэй зьявіўся з прадметаў, якія належалі сям’і. Там захоўваюцца патэфоны з кружэлкамі, кросны, старыя насьценныя гадзіньнікі, гліняны і шкляны посуд, фатаздымкі, манэты.


04-eb31b7bf-cfc9-432f-aff0-019c3ec4903b_w1597_n_r0_st.png

У прыватным музэі Сяргея Лаўрушчыка


Ёсьць «куток Уладзімера Высоцкага», які здымаўся ў фільме ў Наваградку. Прыкладам, адна зь вінтовак дасталася Лаўрушчыку ў падарунак ад дзеда. Экспанаты былі ня толькі XX стагодзьдзя, але трапляліся і знаходкі VIII-Х стагодзьдзяў. Музэй існуе толькі як хобі. Лаўрушчык працуе майстрам у наваградзкім «Водаканале».

Усяго год таму пра Сяргея Лаўрушчыка і ягоны музэй пісала дзяржаўная раённая газэта.

Аляксандар бачыў раней дома бел-чырвона-белыя сьцягі, але ня лічыць гэта парушэньнем закону, хоць міліцыянты называлі іх пры аглядзе «забароненай сымболікай».

«Гэта нашая сымболіка. Мы мусім яе цаніць і любіць. Гэта нашая гісторыя. Ніхто ня мае права яе абражаць і параўноўваць з фашыстамі», — кажа Аляксандар пра знойдзеныя бел-чырвона-белыя сьцягі.


«Ён на мядзьведзіка троху падобны»

Адна з калег Лаўрушчыка расказала, што гэта чалавек, які цікавіцца гісторыяй «ад душы», заўжды размаўляў па-беларуску.


06-f3e83a3b-5351-40c3-a816-0c1faab5b34c_w1597_n_r0_st.jpg

У музэі Лаўрушчыка


«На працы да яго заўсёды добрае стаўленьне. І ён стараецца зрабіць, як для людзей. „Дзевачкі, буду старацца“. Пазытыўны, камунікабэльны. Чалавек, які нечым цікавіцца, і заўжды цікавы. Ён пра ўсё расказвае з энтузіязмам. Ён вельмі добры чалавек, пазытыўчык такі», — расказвае калега.

Яна кажа, што Сяргей мог расказваць пра кожную манэтку ў музэі цэлую гісторыю, бо «яму было цікава гэта памятаць».

«Ён на мядзьведзіка троху падобны, невысокага росту, каржакаваты. У ім ёсьць такая наіўная недарэчнасьць, дзесьці кудлатая валасінка. І гэта так міла! Гэта прыцягвае да сябе. А ня нейкі брутальны мужчына, які пойдзе страляць», — апісвае характар калегі суразмоўца.

Калі забілі Рамана Бандарэнку, Сяргей Лаўрушчык паставіў у сваім двары крыж. Гараджане прыходзілі да крыжа і ставілі пад ім лямпадкі памяці Рамана. Ён пафарбаваў браму ў двары ў белы і чырвоны, міліцыя вымусіла яго прыбраць гэтыя колеры. Гаспадар урэшце паслухаўся. Лаўрушчык таксама хацеў сёлета ўсталяваць у Наваградку шыльду памяці навукоўца Яўхіма Карскага.

svaboda.org