З зоны радыяактыўнага забруджваньня ў Беларусі плянуюць выключыць 166 населеных пунктаў

У праект абноўленага пераліку населеных пунктаў і іншых аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыяактыўнага забруджваньня, плянуюць унесьці 2027 населеных пунктаў і 51 абʼект, піша БелаПАН.

Пра гэта паведаміла на прэс-канфэрэнцыі 22 красавіка прадстаўніца Дэпартамэнту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Юлія Байкова.

«У параўнаньні з дзейным пералікам, які зацьверджаны ў 2016 годзе, колькасьць населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў зонах радыяактыўнага забруджваньня, паменшыцца на 166, а колькасьць абʼектаў — на адну адзінку», — сказала Байкова.

Калі рэдакцыю пераліку, якую рыхтуюць цяпер, зацьвердзяць, колькасьць населеных пунктаў

  • у зоне пражываньня з пэрыядычным радыяцыйным кантролем зьменшыцца на 75 (з 1827 да 1752),
  • у зоне з правам на адсяленьне — на 83 (з 353 да 270),
  • у зоне наступнага адсяленьня — на 8 (з 13 да 5).

Акрамя гэтага, 91 населенаму пункту аслабяць катэгорыю ў зоне радыяактыўнага забруджваньня.

Такі перагляд праводзіцца раз на 5 гадоў на падставе абсьледаваньня ўзроўню радыяактыўнага забруджваньня глебы радыянуклідамі цэзію-137, стронцыю-90 і плютонію-238, плютонію-239 і плютонію-240; таксама ўлічваюцца сярэднія гадавыя эфэктыўныя дозы апраменьваньня, атрыманыя жыхарамі розных населеных пунктаў Беларусі.

svaboda.org