З'явілася інтэрнэт-петыцыя за вяртанне Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусь

Петыцыя з патрабаваннем дазволіць каталіцкаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу вярнуцца ў Беларусь з'явілася на сайце petitions.by. Яе адрасатамі пазначаныя Дзяржаўны памежны камітэт і ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў. 

Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча без усялякіх тлумачэнняў не пусцілі ў Беларусь 31 жніўня, калі ён вяртаўся з Польшчы. Пры гэтым кіраўнік каталіцкага Касцёла ў Беларусі мае беларускае грамадзянства. 

У петыцыі нагадваецца, што артыкул 30 Канстытуцыі Беларусі гарантуе грамадзянам нашай дзяржавы права пакідаць краіну і бесперашкодна вяртацца. 

Закон Рэспублікі Беларусь № 49-3 ад 20 верасня 2009 г. "Пра парадак выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь" у артыкуле 3 "Права грамадзянаў на выезд з Рэспублікі Беларусь і ўезд у Рэспубліку Беларусь" вызначае наступнае: "Права грамадзяніна на ўезд у Рэспубліку Беларусь не можа быць абмежавана". 

Аўтары петыцыі выказваюць салідарнасць з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, лічаць, што адбываецца фактычны яго пераслед. Яны абураюцца грубым парушэннем міжнароднага права, Канстытуцыі і заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

"Патрабуем:

— неадкладна адмяніць НЕЗАКОННАЕ рашэнне Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь аб забароне вяртання ў Рэспубліку Беларусь арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча;

— распачаць справу аб прыцягненні да адказнасці асоб, якія парушылі заканадаўства краіны, прымаючы вышэйзгаданае рашэнне", — гаворыцца ў петыцыі.

euroradio.fm