З Берасця ў Польшчу пачынаюць курсаваць аўтобусы

З 22 траўня Берасцейскі аўтавакзал аднаўляе аўтобусныя зносіны з польскімі гарадамі. Рэгулярныя аўтобусныя маршруты з’явяцца з Бялай-Падляскай, Варшавай і Гданьскам, паведамляецца на сайце аўтавакзалу.

Міжнародныя рэйсы фармуюць у асноўным польскія фірмы. Першыя рэйсы пойдуць з Берасця ў Бялую-Падляску. Плануецца, што з 24 траўня рэйсы паміж гэтымі гарадамі будуць штодзённымі. Акрамя таго пасажыры з Беларусі могуць набыць квіткі ў Варшаву і Гданьск. У раскладзе на сайце аўтавакзалу ёсць рэйс і ў Чэхію.

«Сёння адправіўся першы аўтобус. Рэйсы будуць у суботу, нядзелю і панядзелак, а потым з чацвярга штодня. Мы хочам прааналізаваць сітуацыю», – распавёў «Белсату» Рафал Навіцкі, уладальнік «Raf-Bus Nowicki» з Бялай-Падляскі.

Пры гэтым на польскай мяжы надалей існуюць абмежаванні. Уехаць у Польшчу могуць грамадзяне краіны і асобы, якія маюць права на жыхарства. Пры гэтым асобы, якія ўехалі ў Польшчу абавязаныя прайсці двухтыднёвы каранцін.

Надалей адмененыя рэйсы аўтобусаў ва Украіну, Расею, краіны Заходняй Еўропы і Прыбалтыкі.

СК, belsat.eu,
Фота: Мілана Харытонава