Яшчэ два супрацоўнікі PandaDoc вызваленыя з-пад варты

Яшчэ два супрацоўнікі PandaDoc, — галоўны бухгалтар Юлія Шардыка і HR Уладзіслаў Міхалап, — вызваленыя з-пад варты. Мера стрымання ім змененая на падпіску аб нявыездзе.

Раней, 10 кастрычніка, пасля сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА, быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе дырэктар мінскага офіса PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч. За кратамі ўсё яшчэ застаецца адзін работнік кампаніі — менеджар па прадуктах Віктар Куўшынаў. Адвакаты дамагаюцца змены меры стрымання і яму.

Нагадаем, 2 верасня ў офіс PandaDoc прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі ДФР КДК. Ператрусы таксама прайшлі дома ў некалькіх супрацоўнікаў. Чатыры чалавекі — Юлія Шардыка (галоўны бухгалтар), Дзмітрый Рабцэвіч (дырэктар), Віктар Куўшынаў (дырэктар па прадуктах), Уладзіслаў Міхалап (HR) — былі затрыманыя. Ім прад’явілі абвінавачванне па частцы 4 артыкула 210 КК «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры». Сцвярджалася, што яны завалодалі грашовымі сродкамі ў памеры каля 107 тысяч беларускіх рублёў з бюджэту праз вяртанне ПДВ, прычыніўшы тым самым шкоду дзяржаве. У дадатак да гэтага на БТ PandaDoc абвінавачвалі ў фінансаванні пратэстаў.

Заснавальнік кампаніі Мікіта Мікада заявіў, што крымінальная справа палітычна матываваная і звязаная з яго ініцыятывай па зборы грошай для сілавікоў, якія вырашылі змяніць прафесію. Пасля арыштаў Мікада вырашыў прыпыніць праект. Акрамя таго, кампанія ўнесла на дэпазіт СК суму нібыта нанесенай шкоды — 107 тысяч рублёў. З рахункаў кампаніі быў зняты арышт.

novychas.by паводле REFORM.by