Як у Беларусі робяць бізнэс на Каліноўскім

Парэшткі лідэра антырасейскага паўстаньня Кастуся Каліноўскага перапахаваюць у Вільні 22 лістапада. Свабода пацікавілася, як у Беларусі зарабляюць на культавым гістарычным пэрсанажы праз паўтара стагодзьдзя.


01-ACBF62BD-2C51-4A8C-BFB6-AE54CBF1791A_cx0_cy1_cw0_w1597_n_r1_st.jpg

Пано ў гонар Кастуся Каліноўскага ў Горадні


1. Настольная гульня «Паўстанцы»

Гульню, якая нагадвае папулярную «Мафію», распрацавалі гарадзенцы Антон і Наста Янкоўскія. Толькі беларуская «мафія» — гэта паўстанцы. Ролі ў ёй разьмяркоўваюцца з дапамогай картак. Удзельнікі могуць стаць і Каліноўскім або кімсьці зь ягоных паплечнікаў, і Мураўёвым-вешальнікам. Задача — здагадацца, хто ёсьць хто.


02-D2E9233D-7A94-48C4-8578-9CD15E578E41_w1597_n_r0_st.jpg

Карткі ў гульні «Паўстанцы»


Упершыню гульня выйшла ў 2013 годзе. Увесь наклад хутка разышоўся.

Сёлета ў сьнежні выдавецтва «А4» плянуе выдаць новую, палепшаную вэрсію «настолкі». Перавыданьне рыхтавалася два гады і выпадкова супала зь перапахаваньнем паўстанцаў. Цяпер ідуць перадзамовы, пры якіх можна заказаць лоты, якія будуць недасяжныя пазьней — прыкладам, пэрсанальную карту з уласным партрэтам.

Ужо замовілі больш як 300 гульняў, сказаў Свабодзе Антон Янкоўскі.


2. Бар Kalinoŭski

Новае месца на Зыбіцкай вуліцы ў Менску адкрылася сёлета ў чэрвені. Назьве, напісанай беларускай лацінкай, адпавядаюць выявы самога кіраўніка паўстаньня і цытаты з «Мужыцкай праўды» на сьценах. Алькагольныя кактэйлі маюць назвы месяцаў году па-беларуску. Можна замовіць кукурузную ці трысьняговую гарэлку. Ёсьць мэню на беларускай мове. У той жа час наведнікі неаднойчы скардзіліся, што афіцыянты гавораць па-расейску, а ў бары гучыць расейская «папса».


03-D9D3268B-2674-4512-8B72-4E570B433459_w1597_n_r0_st.jpg

У бары Kalinoŭski


Кіраўнік бара Kalinoŭski Глеб Кізін сказаў Свабодзе, што зьмены колькасьці кліентаў перад перапахаваньнем паўстанцаў не назіраецца. Аднак усё часьцей людзі ў бары абмяркоўваюць гэтую падзею.

«Разоў пяць на тыдзень яны пытаюцца ў бармэнаў: „А вы ведаеце? Вы ведаеце?“ І расказваюць пра перапахаваньне», — кажа Глеб Кізін.

Наведнікі, арыентаваныя на беларускасьць, якія гавораць на беларускай мове або якім важная канцэпцыя бара, складаюць каля 20%. Іх больш у будзённыя дні, калі зручней пагаварыць. Астатнія — гэта турысты і людзі, якія проста любяць хадзіць па барах і рэстарацыях. У будзённыя дні агулам прыходзіць да 100 чалавек, у выходныя — каля 300.

Адмысловых акцый, прымеркаваных да перапахаваньня паўстанцаў, не плянуецца. На думку кіраўніцтва ўстановы, назваць кактэйль у гонар гэтай падзеі або зладзіць забаўляльнае мерапрыемства — значыла б паставіцца да яе без пашаны.

«Для нас гэта занадта сур’ёзнае мерапрыемства, каб абыгрываць яго ў забаўляльным фармаце. Я думаю, тут важна стрымана падтрымаць, пагадзіцца з тым, што гэта сапраўды важны чалавек для нашай культуры, гісторыі. Мы стараемся выкарыстоўваць вобраз Кастуся Каліноўскага як чалавека, які змагаўся за свабоду, і стараемся рэалізаваць як мага больш лякальных напояў», — патлумачыў кіраўнік бара.

Дарэчы, назву бару далі таксама не на хвалі абмеркаваньня знаходак на гары Гедзіміна. Уласьнік установы Аляксей Славута паходзіць з Мастоўскага раёну і зь дзяцінства захапляўся постацьцю лідэра паўстаньня 1863–1864 гадоў.


3. Тату з Каліноўскім і касінерамі

Гарадзенка Юлія Кульба распрацавала эскізы для татуіровак зь беларускімі героямі і дзеячамі. Сярод іх — Кастусь Каліноўскі і касінер. Майстрыха гатовая рабіць тату зь беларускай тэматыкай за паўцаны. Каб набіць Каліноўскага, трэба 9 гадзін.


04-3F77E475-CC44-4ACE-89C7-DD6FCA37A87A_w1597_n_r0_st.jpg

Тату з Кастусём Каліноўскім


Апошнім часам росту попыту на тату з паўстанцамі не назіраецца.


4. Швэдры і цішоткі «Каго любіш?»

Сьвітшоты і цішоткі з прынтом Кастуся Каліноўскага (аўтарства мастака Міколы Купавы) і паўстанцкім паролем «Каго любіш?» стварылі адмыслова да перазахаваньня парэштак нацыянальнага героя. На больш старым варыянце цішотак можна прачытаць і адказ на пароль: «Каго любіш?» — «Люблю Беларусь» — «То ўзаемна». Яшчэ адна навінка — цішоткі з прынтом «Каліноўшчына», дзе рэвалюцыянэр трымае пісталет у выцягнутай руцэ, аўтарства Макса Пякарскага. Паўстанцкае адзеньне прапаноўвае крама symbal.by.

Як сказаў уласьнік крамы symbal.by Павал Белавус, падрыхтоўка да перапахаваньня паўстанцаў пакуль не адбілася на попыце на адпаведныя тавары. Рост чакаецца бліжэй да 22 лістапада.

Аднак «сымбальбаеўцы» самі стараюцца ўзьняць цікаўнасьць да гэтай падзеі, паказаць важнасьць Каліноўскага перадусім маладому пакаленьню беларусаў. На сваім сайце яны разьмясьцілі праграму мерапрыемстваў, прысьвечаных перапахаваньню. Разьмясьцілі ў сябе бясплатную электронную вэрсію кнігі Васіля Герасімчыка «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда». Вылучылі асобны разьдзел, прысьвечаны таварам з выявай Каліноўскага. Сабралі ў адным месцы прапановы, якія ўжо існуюць, і распрацавалі навінкі.


5. Паўстанцкая магерка

Яшчэ адзін элемэнт паўстанцкай вопраткі можна знайсьці ў горадзенскай краме «Адметнасьць». Гэта магерка «Рагуля», расшытая футрам, — дакладная копія той, якую насілі каліноўцы. Каштуе 60 рублёў. Адну падобную ўжо набылі раней.


6. Сувэніры

Паўстанцкую тэматыку да таго ж можна сустрэць на кубках — «Захоўвайце спакой ды вастрыце косы», магнітах з выявамі Каліноўскага, паштоўках. Значкі з гербам паўстаньня 1863–1864 гадоў плянуюць выпусьціць аўтары гульні «Паўстанцы» сёлета ў сьнежні. Значак адносіцца да так званай «чорнай біжутэрыі». Так у 1863 годзе называлі знак грамадзянскай жалобы, праявы салідарнасьці і падтрымкі паўстанцаў.

Па назіраньнях уласьніка горадзенскай крамы «Адметнасьць» Сяргея Верамеенкі, зарабіць на Каліноўскім пакуль складана. Часам набываюць адпаведныя паштоўкі, пытаюцца пра цішоткі. Цікаўнасьць да паўстанцкай тэмы больш праяўляецца, прыкладам, калі наведнікі купляюць для паездкі ў Вільню на перапахаваньне бел-чырвона-белыя сьцягі.

ТТ, svaboda.org