Як працуе ініцыятыва ByCovid19? Вялікі фотарэпартаж

У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» новая экспазіцыя. Замест арт-аб’ектаў – пакеты з медычным абсталяваннем для лекараў. На «выставу» заходзяць толькі людзі, якія прыносяць прадукты і маскі. Куратараў і фуршэтаў няма, затое ёсць валанцёры ў рэспіратарах і пальчатках. Што адбываецца? Галерэя «Ў» аддала свае памяшканні для штаба ініцыятыўнай групы ByCovid19, якая займаецца зборамі для медыкаў Беларусі. Адзін дзень з жыцця арганізацыі – у рэпартажы Тані Капітонавай.

Уздоўж сцен галерэі стаяць пакеты і скрынкі з «ссабойкамі» для дактароў. Яны дзеляцца на дзве катэгорыі: адна частка гатовая да адпраўкі ў канкрэтныя больніцы па ўсёй краіне, другая знаходзіцца на каранціне. Гэта рэчы, якія прынеслі спагадлівыя людзі прама ў штаб ByCovid19, але яны павінны пастаяць два дні. Лічыцца, што за гэты час каронавірус знікае з паверхняў, калі ён там быў.


02-51.jpg

У мяшках – гатовыя пасылкі для канкрэтных больніц па ўсёй Беларусі. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


Унутры пакетаў – рэспіратары, медычныя маскі, пальчаткі, бахілы, вада, гарбата, кава, прысмакі для лекараў. Дактары самі запаўняюць заяўкі на сайце ByCovid19, а затым валанцёры купляюць, збіраюць і адпраўляюць пасылкі па больніцах. Практычна заўсёды атрымліваецца сабраць патрэбную колькасць гуманітарнай дапамогі.


03-14-1.jpg

Людзі прыносяць гуманітарную дапамогу проста да «Ў», але гэтыя рэчы павінны пастаяць два дні на каранціне. Лічыцца, што за гэты час каронавірус знікае з паверхняў. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


У камандзе ByCovid19 каля 20 чалавек, сярод якіх ёсць і медыйныя асобы: актывіст Антон Матолька, праваабаронца Андрэй Стрыжак, фітнес-трэнер Андрэй Ткачоў, фатографка Юля Дарашкевіч. Таксама ёсць вялікая колькасць валанцёраў. Хтосьці працуе дыстанцыйна і развозіць пасылкі па больніцах, хтосьці штодня прыходзіць да «Ў» і каардынуе працу на складзе. Асноўныя задачы такія: збор заявак ад лекараў, пошук неабходных рэчаў, закупка, прыём і апісанне гуманітарнай дапамогі, расфасоўка, адпраўленне пасылак па больніцах.


04-31.jpg

Лекары самастойна запаўняюць заяўкі на сайце ByCovid19 і пішуць, што ім трэба. Кожны дзень колькасць зваротаў павялічваецца. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


05-8-2.jpg

Збор пасылак. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


07-19.jpg

У пакетах – медычныя маскі. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


06-37.jpg

Валанцёр едзе на вакзал, каб перадаць пасылку кіроўцу маршруткі ў Горадні – ён адвязе рэчы ў больніцу. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


08-11.jpg

Таксама ў лекараў ёсць запыт на пітную ваду. Ім цяжка працаваць у масках і ахоўных касцюмах: ад гэтага арганізм абязводжваецца. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


09-16-1.jpg

Рэспіратары FFP3 складана дастаць, таму што яны вельмі запатрабаваныя. Адной маскай можна карыстацца тыдзень. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


10-10.jpg

Праект «Хакерспейс» робіць шчыткі для медыкаў на 3D-прынтары і гатовы бясплатна даць мадэль і сыравіну для ўсіх, у каго ёсць 3D-прынтар і хто хоча дапамагчы. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


11-26.jpg

Штодня людзі прыносяць гуманітарную дапамогу прама ў галерэю «Ў». Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


12-5-1.jpg

На склад прывезлі тканіну для пашыву медычнага адзення. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


13-3.jpg

Андрэй Ткачоў, фітнес-мадэль і персанальны трэнер. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


Андрэй Ткачоў – адзін з самых актыўных удзельнікаў ByCovid19. У яго ёсць валанцёрскі досвед: некалькі разоў на год ён ездзіць у дзіцячыя дамы і робіць там спартыўныя мерапрыемствы разам са сваімі сябрамі з пэйнтбольнага клуба.


14-12.jpg

Акрамя медычнага абсталявання, лекарам таксама адпраўляць каву, гарбату і прысмакі. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


– Я б з радасцю мог сядзець цяпер на канапе, праводзіць онлайн-трэніроўкі і кансультаваць людзей. Але я зразумеў, што цяпер павінен рабіць іншае. Праўда, наша праца даводзіць да эмацыйнай і фізічнай знямогі: за 2 тыдні я скінуў 10 кілаграм, – кажа Андрэй. – Кожны дзень мы атрымліваем шквал лістоў і просьбаў аб дапамозе. І больш за ўсё я баюся, што мы не справімся. Мы для лекараў – апошняя надзея.


15-30.jpg

Усё, што паступае, належыць уліку. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


Аня жыве ў Лондане і працуе відэаграфам. Пра ініцыятыву ByCovid19 даведалася з тэлеграм-канала NEXTA, дзе пісалі пра пошук валанцёраў.


16-29.jpg

Аня, відэограф. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


– Я жыву ў Лондане, але нядаўна мы з мужам прыехалі ў Менск і затрымаліся тут. Ён сядзіць дома са сталымі бацькамі, і мы ўжо месяц не бачыліся. Мы не зʼязджаем, хоць межы з Вялікай Брытаніяй адкрыты: муж перажывае, што не зможа вярнуцца, калі яго бацькі захварэюць. Бліжэйшыя пару месяцаў плануем застацца ў Менску.


17-21-1.jpg

Юра працуе ў сферы нерухомасці. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


У звычайным жыцці Юра ходзіць у офіс і носіць гальштук, але ўжо тыдзень ён прыходзіць да «Ў» у масцы і пальчатках і займаецца працай на складзе. Ён той чалавек у камандзе, які ўвесь час жартуе і ўсіх падбадзёрвае.


20-60.jpg

У сярэднім, за дзень ByCovid19 адпраўляе каля 7 пасылак у розныя гарады. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


– Тут усё роўна, якая ў цябе адукацыя і чым ты займаешся. Галоўнае – што ўмееш рабіць рукамі і які ў цябе вопыт, – кажа ён і дадае: – Мы прымаем, апісваем, пералічваем, расфасоўваем, вядзем улік і адпраўляем пасылкі. Уся праца тут – гэта нядрэнны фітнес.


24-79.jpg

Гуманітарная дапамога патрэбна нават у месцах, дзе няма пацверджаных выпадкаў каронавіруса – напрыклад, у РНПЦ псіхічнага здароўя («Навінкі»). Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


Ад сваіх крыніц валанцёры даведаліся, што цяпер успышка каронавіруса адбываецца ў Бабруйску. Яны звязаліся з Міністэрствам аховы здароўя, дзе звесткі пацвердзілі. Хлопцы адразу ж адправілі пасылкі ў гэтую гарачую кропку. Пасля гэтага Юра адкрыў карту і стаў вывучаць, дзе ёсць больніцы ў бліжэйшых абласных цэнтрах і куды ў будучыні будуць звозіць хворых людзей. У бліжэйшы час туды таксама адправяць гуманітарную дапамогу, каб лекары былі гатовыя.


25-73.jpg

Сюды прывезлі 2000 медычных масак – гэтага хопіць на пару дзён працы медыкаў. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


У ByCovid19 ёсць дзве асноўныя патрэбы. Першая: дапамога з рэгулярным клінінгам прасторы. Другая: дапамога з закупкамі.


26-74.jpg

Лекары пытаюцца, якія паперы трэба падпісаць, і дзівяцца, што можна проста прыняць рэчы ў дар. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu


– Ва ўмовах закрытых межаў знайсці нешта ўнутры краіны вельмі складана, – кажа Андрэй. – Так, мы працуем з вытворчасцямі, аддаем заказы на пашывы, але гэта не тыя абʼёмы, якія нам неабходныя. Хацелася б выйсці на буйныя аптовыя пастаўкі. Нешта ўсё роўна атрымліваецца прывезці з Кітая, Расеі, Літвы, Турцыі. Але кожны дзень кошт перавозак расце. Не маючы вопыту, у лагістыцы складана разабрацца.


27-88.jpg

Сяргей Іванавіч Асіпчык, намеснік дырэктара па медычнай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя. Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu



Гуманітарная дапамога патрэбна нават у месцах, дзе няма пацверджаных выпадкаў каронавіруса – напрыклад, у РНПЦ псіхічнага здароўя. Адзін з дактароў – кантакт першага ўзроўню, і ён ужо 3 тыдні знаходзіцца ў 10-й больніцы. Усе супрацоўнікі з яго аддзялення здалі тэсты – яны адмоўныя. Калі зʼявіцца неабходнасць, для медперсаналу выдзеляць бліжэйшы гатэль.

Сяргей Іванавіч Асіпчык, намеснік дырэктара па медычнай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя, падзякаваў актывістам з ByCovid19 і напрыканцы дадаў:

– Зараз у насельніцтва падвышаная трывожнасць. Гэта нармальна, таму што трэба выконваць правілы, у якіх раней не было неабходнасці. Трэба здзяйсняць пэўныя дзеянні, каб не заразіць сябе і блізкіх. Гэта нязвыкла, таму і становіцца трывожна. Але мы бачым, што абвастрэнняў псіхічных расстройстваў няма: у нашым цэнтры няма перапаўнення.

Таня Капітонава, „Белсат“