Выйсці на святло: праект рэвалюцыі ў літаратуры

Адусюль мы чуем стогны, што наша кніга не прадаецца. Наблатыканыя расійскімі выдавецтвамі раскідваюць пальцы і кажуць, што вы, маўляў, не ўмееце работаць. А мы, маўляў, умеем (па-руску пісаць) і зграбаем рыдлёўкай недаедзеныя кавалкі пірага. Грошы робяцца маркёрам якасці якога б там ні было культурнага праекту: калі не разнёсся ён па ўсіх кутах, не дастаў рэкламы і трафіку і што там далей яшчэ ў англамоўных падручніках патрабуецца, то – лузэр.

Як на маё гледзішча, у гэтай крытыцы ёсць пара прапушчаных звенняў. Як ёсць і пара фатальных грабляў, уцепленых ілбамі дзеячаў найноўшай беларускай кнігі.

Калі беларуская літаратура не прадаецца, то гэта не заўжды правіна самое літаратуры.

Бо яна і сітуацыя на кніжным рынку – не адно і тое ж. Дасягненні літаратуры і рынак у Беларусі не супадаюць. Ківаць тут на Расію, Украіну ці Літву не выпадае – ва ўсіх нашых суседзяў пабудаваныя нацыянальныя дзяржавы з выразным акцэнтам на мову тытульнай нацыі. Праца па захаванні мовы і перадача яе ад пакалення да пакалення вялася стагоддзямі, таму пры падзенні СССР у нашых суседзяў не ўзнікла моцных праблем з адукацыяй, культурай, увогуле інфармацыйным полем на роднай мове. І, зразумела, з кнігай.

У Беларусі ж да нядаўняга часу на кнігу можна было глядзець як ледзь не на адзіную магчымасць бяспечна выказацца на роднай мове ў прынцыпе. Усё астатняе – адукацыя, СМІ, чынавенства, паўсядзённае жыццё горада, бальніцы, заводы, крамы, бог ведама што яшчэ – усё функцыянавала і функцыянуе па-руску. То бок звычайная функцыя кнігі – быць адным з інструментаў культуры – абцяжарвалася гарой іншых абавязкаў. Літаратура была абавязаная несці адукацыйную функцыю (пры амёбнасці нацыянальнай адукацыі), распрацоўваць нацыянальную ідэю (пры амёбнасці нацыянальнай палітыкі) і хрэн ведае што рабіць, каб у беларусаў, з іх інерцыйнай прагай самазніштажэння, заставаўся хоць нейкі шанец на выжыванне

Дык вось, выжыванне і рынак – гэта, як кажуць, дзве вялікія розніцы. Безумоўна, і ў часы Купалы і Багдановіча, сто гадоў таму, у імперыі быў някепскі кніжны рынак і хтосьці з аўтараў вельмі някепска на ім шубуршаў асігнацыямі. Але нашыя пісьменнікі абралі беларускую мову з поўным разуменнем таго, на што яны ідуць. Гэта быў іх уласны праект Ultimate Survival, гульня на прарыў і выжыванне, дзе яны зрабілі ўсё, на што было ў іх моцы. Тую самую працу рабілі суседзі – вырываліся з абдымкаў імперыі. Перадапошняй была Украіна, дзе цяпер адбываецца сапраўдны кніжны бум і ідзе зусім рэальная вайна.

Апошнія ў спісе – беларусы.

Праблема з беларускай кнігай сёння такая, што варта гаварыць менавіта пра выжыванне.

З улікам таго, наколькі прасунуліся сусветныя інфармацыйныя тэхналогіі, метады вядзення інфармацыйнай вайны і кніжныя рынкі суседзяў, сітуацыя (тут сферы статыстыкі) вельмі нагадвае “нашаніўскую” стогадовай даўніны. Абцяжарваюць і пагаршаюць сітуацыю цэнзурныя і ідэалагічныя рагаткі ўлады, якая па-ранейшаму вельмі цьмяна ўяўляе важнасць папулярызацыі сваёй культуры, літаратуры, кнігі і скіраваная на тое, каб выдаіць як найболей грошай з усіх, хто толькі  трапляецца на яе шляху.

Таму ў першым набліжэнні бачыцца толькі мат. Маю на ўвазе шахматы, але шмат хто з аўтараў дадаў бы й няшахматнага. Законы кніжнага рынку, якія мы чытаем у перакладных падручніках, пад гэтымі белымі крыламі не дзейнічаюць. Няма нармальнага моўнага асяроддзя, нармальнай раскруткі, распаўсюду, школьных і ўніверскіх праграм, магчымасці свабодна выступіць па ўсёй тэрыторыі, няма зацікаўленасці ў табе, аўтару, наогул. Па вялікім рахунку, застаецца толькі напіцца і ўтапіцца (please, don’t try this at home).

Такім чынам, кніжка прабіваецца сёння як дзьмухавец праз асфальт. Каб з рынкам стала ўсё як у суседзяў, нашай літарацкай супольнасці трэба дзяўбсці адразу некалькі сцен адначасова. І прыняць некалькі базавых пастулатаў, якія “паляпшаюць жыццё” і маральна-псіхалагічны клімат.

  1. Кніжнага рынку для беларускага літаратара пакуль няма – таму ніякіх комплексаў з прычыны таго, што не маеш 10 000 тыражу, быць не павінна ў прынцыпе.
  2. Не трэба чакаць заробку, прыбытку і часу, калі можна будзе жыць з продажу ўласных кніг. Можна выдаткаваць мора энергіі і часу на гэта, захраснуць у самаедстве, а лепей было б адвесці ўвесь гэты бясцэнны рэсурс на нешта больш карыснае.
  3. Забіць на снабізм і пашыраць як мага бясплатны доступ да ўласнай творчасці шырокаму колу чытачоў праз інтэрнэт. Неабходная літаратурная ірыгацыя, каб спрасціць шляхі твораў да чытача, прачысціць каналы камунікацыі.
  4. Дабівацца сталага пранікнення беларусаў у сусветныя (еўрапейскія) праграмы падтрымкі літаратараў (стыпендыі, курсы, конкурсы, літаратурныя рэзідэнцыі). Такім чынам, выбрацца з фатальнага мінусу, у які заходзіць аўтар, спрабуючы надрукаваць, а потым прадаць сваю кнігу.

Найбольш неабходным і наспелым мне асабіста бачыцца паўставанне пляцоўкі для бясплатнага чытання твораў беларускай літаратуры ў электронным фармаце. Грошы і энергія, якія ўбуханыя ў напісанне і выданне, груба кажучы, пяці раманаў, вам можа вярнуцца толькі адным спосабам – калі вашыя творы стануць “бачнымі” для ўсіх. Калі раманы, выдадзеныя ў трохстах экземплярах дзесяць гадоў таму і зніклыя з кнігарань, будуць знаходзіцца на адлегласці аднаго кліка мышкай, а не ў запасніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэтак яны найхутчэй пераедуць у бібліятэкі электронных чыталак, а значыць – выйдуць з ценю на святло.

Там, на святле, хай сабе і няяркім, гаварыць з імперыяй можна будзе па-іншаму. Але заставацца далей заціснутым пад венік – да смерці падобна.

Ціхан Чарнякевіч, “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: кніга