
25 лютага ў Брэсце абвясцілі прысуд першым дзесяці абвінавачаным за карагодны пратэст. Акцыя на праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў адбылася 13 верасня 2020 года.
Усіх абвінавачаных суд прызнаў вінаватымі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што пацягнула парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый, піша TUT.by.
"Хатнюю хімію" прысудзілі тром чалавекам. 25-гадовая Настаўніца замежных моў Марына Глазава і Яраслаў Ярашук атрымалі па паўтара года, 20-гадовая трэцякурсніца філфака БДУ Марына Сірэцан — год.
Астатнія сем чалавек асуджаныя проста на "хімію" (абмежаванне волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу). Федарэнка, Каўпачык, Якубук, Дзенісенка, Літвін павінныя адбыць на "хіміі" па паўтара года, Максім Жараў і Вадзім Варановіч — па два гады.
Пасля абвяшчэння прысуду хтосьці ў зале крыкнуў: "Жыве Беларусь!"
Фігурантамі "карагоднай справы" з'яўляюцца каля 50 чалавек. Іх судзяць групамі па 10 удзельнікаў.
13 верасня дэманстранты выйшла на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў, дзе спявалі песні і вадзілі карагоды. Акцыю разганялі вадамётам, услед за ім сілавікі пачалі затрыманні.
Шкоду ад затрымкі руху тралейбусны парк ацаніў амаль у 620 рублёў, аўтобусны — у 40 рублёў 37 капеек. Акрамя таго, на розны час давялося зачыніцца тром шапікам і рэстарану KFC.