«Выбачэнне за гады бяспамяцтва». Упершыню ў Мінску адкрылася выстава пра Івана Луцкевіча

20 жніўня ў Дзяржаўным літаратурным музэі імя Янкі Купалы адкрылася першая пэрсанальная выстава пра Івана Луцкевіча, прысьвечаная 100-годзьдзю з дня сьмерці аднаго са стваральнікаў першай беларускай партыі «Беларуская сацыялістычная грамада» і першай беларускай газэты «Наша Ніва».


02-1E3B46CF-6D99-4BB4-80BB-092A697B9348_w1597_n_r0_st.jpg

Павал Каралёў


«Гэтая выстава, у пэўным сэнсе, выбачэньне за гады бяспамяцтва», — кажа Павал Каралёў, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы, куратар выставы.


03-9373A5CF-4E33-45B6-9995-1823FB919935_w1597_n_r0_st.jpg

Уладзімер Крукоўскі, плякат да стагодзьдзя з дня нараджэньня Івана Луцкевіча. Ад самотнага пляката ў Палацы мастацтваў да пэрсанальнай выставы прайшло 38 гадоў — менавіта столькі пражыў выбітны грамадзкі дзяяч Беларусі Іван Луцкевіч.


Пяць гадоў стрыечная ўнучка Луцкевічаў Маргарыта Пярова дамагалася ўсталяваньня памятнага каменя — улады патрабавалі прадставіць дакумэнты, якія пацьвярджаюць значнасьць асобаў Івана і Антона Луцкевічаў.

«Я прыеду, а нейкага чыноўніка няма. Альбо дакумэнты няправільныя. А жыву я ў Санкт-Пецярбурзе. Але ж і вельмі шмат было дапамогі!», — кажа Маргарыта Пярова.

Іван Луцкевіч, археоляг і мастацтвазнаўца, знаходзіў і перапрадаваў антыкварныя рэчы, каб здабыць грошы на грамадзкую і палітычную дзейнасьць. Але значныя для беларускай культуры экспанаты ён захоўваў у сваёй музэйнай калекцыі, якая стала асновай Беларускага музэю ў Вільні. Так ён выкупіў і прывёз з Польшчы Статут ВКЛ. Максім Багдановіч і Зьмітрок Бядуля называлі ягоную калекцыю сьвятыняй, фундамэнтам адраджэньня ўсяго беларускага народу.


05-5766C63D-7A05-4294-A06A-79ABC7BC7FA2_w1597_n_r0_st.jpg

Рэплікі здымкаў музэйнай калекцыі Івана Луцкевіча, прадстаўленыя для экспанаваньня Нацыянальным музэем Літвы


Дзякуючы таму музэю ацалелі ўнікальныя рукапісныя зборнікі Янкі Купалы: «Шляхам жыцьця», «Сон на кургане», «Паўлінка».


06-8ABAC927-1182-4702-B8ED-0244623B0D82_w1597_n_r0_st.jpg

Рукапісны зборнік Янкі Купалы: «Шляхам жыцьця»


У Менску Луцкевічы жылі на тэрыторыі сучаснага парку Янкі Купалы, а памятны камень фактычна стаіць на месцы іх сядзібнага дому.

«Пакой, у якім месьціцца экспазыцыя, да канца выставы будзе мець адрас — вул. Віленская, 33, — кажа Павал Каралёў. — Па ім у Вільні жылі Луцкевічы, месьцілася рэдакцыя «Нашай Нівы». Гэта быў самы вядомы адрас у Вільні, бо туды ішлі ўсе, хто хацеў пагаманіць пра беларускі край».


07-A4DB7DA8-3D18-4A00-A4DF-34920AC2C789_w1597_n_r0_st.jpg

Іван Луцкевіч зь сёстрамі


Іван Луцкевіч ня меў афіцыйных дзяржаўных пасад, але разам з братам стаяў ля вытокаў стварэньня БНР. Да беларускасьці Іван прыйшоў празь юнацкае знаёмства з Генрыхам Татурам, беларускім гісторыкам і калекцыянэрам.

Скарыстаўшыся рэвалюцыйным настроем пачатку ХХ стагодзьдзя, Іван Луцкевіч стварыў першую беларускую партыю — «Беларуская рэвалюцыйная грамада» (пазьней — «Беларуская сацыялістычная грамада»). Пасьля 1905 году браты Іван і Антон Луцкевічы зьехалі ў Вільню і распачалі там новую, культурніцкую справу — заснавалі беларускамоўнае выдавецтва «Наша Ніва».


08-4E9B59AC-FA19-476F-9F63-5ED42313AB2A_w1597_n_r0_st.jpg

Трэцяя Ўстаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.


У апошняе сваё вяртаньне зь Менску ў Вільню Іван Луцкевіч ехаў у неацепленым вагоне, хворы, харкаў крывёю, бо ўжо хварэў на сухоты. Але ў Менску тады ўдалося пераканаць шмат людзей, і здавалася, што будучай нацыянальнай незалежнасьці не перашкодзіць нішто. Іван Луцкевіч тады сказаў: «Усё, цяпер можна і паміраць». Пасьля ён нарэшце адбыў лячыцца ў Закапанэ ў Польшчы, куды яго ўгаварыла паехаць нарачоная, Юльяна Мэнке.


09-FE9D5FC0-7E85-4ACB-A641-C558C07E491A_w1597_n_r0_st.jpg

Нарачоная Івана Луцкевіча Юльяна Мэнке і яе сястра Ляля


«У нас ёсьць унікальны прадмет — пярсьцёнак, які Іван дарыў Юльяне, — паказвае Павал Каралёў. — Упершыню будуць экспанавацца памяткі апошніх дзён: Юльяна была з Луцкевічам у Закапанэ, аплачвала рахункі аптэкі і пахавальную службу, мы маем іх апошнія лісты. Сёньня акурат сто гадоў з тых часоў».


10-640122F0-BDFE-4110-88EE-C8157320DEFB_w1597_n_r0_st.jpg

Фамільны пярсьцёнак, які Іван Луцкевіч падараваў Юльяне Мэнке.


Яны пазнаёміліся ў Вільні падчас Першай усясьветнай вайны, плянавалі ажаніцца. Менавіта Юльяна прывяла яго да Бога: напрыканцы свайго жыцьця Іван прыняў прычасьце ў касьцёле. Сам Іван, аднак, актыўна выступаў за аднаўленьне ўніяцкай царквы.

«Ён выступаў хутчэй не як вернік, — разважае Павал Каралёў. — Ён разумеў значэньне ўніяцкай царквы для беларускай будучай дзяржаўнасьці, таму працаваў з палітычнага пункту гледжаньня».

Іван Луцкевіч памёр у 1919 годзе ў Закапанэ, так і ня вылечыўшыся ад сухотаў. У 1991 годзе яго прах перапахавалі на могілках Роса ў Вільні.


11-BA20ABD1-60E0-4655-A34C-B5E0A7688EE7_w1597_n_r0_st.jpg

Рэпліка бюста Івана Луцкевіча, зробленага Рафалам Яхімовічам


Выстава «У народ і край свой толькі веру…» да стагодзьдзя з дня сьмерці Івана Луцкевіча прадоўжыцца да 11 верасьня ў Дзяржаўным літаратурным музэі імя Янкі Купалы.

ВС, МБ, svaboda.org