Вядомыя беларусы падпісаліся за перапахаваньне Каліноўскага ў Беларусі

За перапахаваньне ў Беларусі лідэра паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага зьбіраюць подпісы ў інтэрнэце.


Хто і чаму падтрымаў?

Сярод тых, хто падпісаў зварот, згадваюць нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч, заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера, музыку Лявона Вольскага.

Пісьменьнік Віктар Марціновіч падпісаў зварот, бо лічыць Каліноўскага героем, які шмат чаго зрабіў, каб Беларусь існавала.

«Мы мусілі б адзначыць яго ролю ў нашай гісторыі, хаця б спробай пахаваць яго ў Беларусі».


02-7B0E2371-0CAB-475D-A0D8-FAC7922393C5_w1597_n_r0_st.jpg

Віктар Марціновіч


На думку Марціновіча, для перапахаваньня павінна быць створана адмысловая камісія, якая, сярод іншага, вызначыць месца пахаваньня Каліноўскага ў Беларусі. Пісьменьнік лічыць, што Каліноўскаму можна знайсьці месца на адных зь менскіх могілак.

«Як з Каліноўскім, так і з астатнімі беларускімі героямі шмат паганага было зроблена за апошнія гады і сказана таксама. І нам усёй краінай трэба выбачыцца перад славутымі продкамі і аддаць ім даніну павагі, якую яны, канечне, заслугоўваюць».

Падпісала пэтыцыю і дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Алена Анісім. Яна лічыць Каліноўскага вельмі важнай постацьцю ў беларускай гісторыі і знакавай для дзяржаўнага будаўніцтва.


03-84C98184-6513-477B-86F7-767477FAAA41_w1597_n_r0_st.jpg

Алена Анісім


На думку Анісім, перапахаваньнем Каліноўскага павінны займацца:

  • Міністэрства замежных спраў;
  • Міністэрства культуры;
  • Адміністрацыя прэзыдэнта;
  • грамадзкія колы.

Паводле Анісім, Каліноўскі можа быць пахаваны ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне. Таксама было б выдатна знайсьці месца для Каліноўскага на закрытых Усходніх могілках у Менску, дзе пахаваныя вядомыя дзяржаўныя дзеячы, літаратары, спартоўцы і дзеячы культуры.

Як сказала Анісім, калі ня прымуць рашэньня аб перапахаваньні Каліноўскага ў Беларусі, яго могуць пахаваць і ў Вільні. Аднак Беларусь — больш «прыдатнае месца» для пахаваньня Каліноўскага.

«Каб многія пакаленьні патрыётаў маглі прыйсьці да яго магілы, пакланіцца яго праху і, можа, даваць клятву на вернасьць Беларусі», — сказала Анісім.

Доктар гістарычных навук, прафэсар Алесь Краўцэвіч лічыць, што на сёньняшні дзень пахаваньнем Каліноўскага ў Беларусі павінна займацца грамадзкасьць. Ва ўлады няма фармальных падстаў гэта забараніць.


04-D68E6C29-E07B-4C17-859F-D68577A23193_w1597_n_r0_st.jpg

Алесь Краўцэвіч


«Месца пахаваньня Каліноўскага належыць дасканала прадумаць. Мяркую, месца павінна быць такое, каб ля яго магла зьбірацца значная колькасьць людзей для правядзеньня ўрачыстасьцяў: прысягі, прыём у афіцэры, скаўты і іншае», — напісаў Краўцэвіч.

Гісторык лічыць, што перапахаваньне Каліноўскага ў Вільні не дазволіць арганізоўваць на магіле паўстанца імпрэзы нацыянальнага маштабу.

Заснавальнік «Кінаконгу» Андрэй Кім падпісаў зварот, бо лічыць Каліноўскага героем Беларусі і адным з сымбаляў барацьбы за незалежнасьць Беларусі.


05-CAB5143E-48E6-43E7-8AD5-9B4777BE172D_w1597_n_r0_st.jpg

Андрэй Кім


«Я лічу што, гэта было б вельмі добра для нашай краіны, калі б такія героі былі перапахаваныя ў Беларусі. Зь іншага боку, летувісы ня маюць да яго сэнтымэнтальных дачыненьняў. У прынцыпе, мне здаецца, што для іх гэта ня будзе сурʼёзным выклікам, яны яго ня лічаць сваім героем, бо Кастусь Каліноўскі быў выразна беларусацэнтрычны. Таму я лічу, што мэтазгодна да іх зьвярнуцца», — сказаў Кім.

АП, svaboda.org