Вячаслаў Селях — забыты сьпявак, нацдэм, стваральнік беларускага опэрнага тэатру

«Беларускі прэмʼер» — так называецца кніга пра опэрнага сьпевака, тэатральнага дзеяча, кампазытара Вячаслава Селяха. Яна выйшла пры канцы мінулага году ў таварыстве з абмежаванай адказнасьцю «Коларград». А напісаў кнігу стрыечны ўнук артыста Сяргей Селях.

«У апошні час некаторыя працаўнікі мастацкага складу пачынаюць карыстацца ў прыватных размовах паміж сабой, як у часе працы, робячы ўзаемныя заўвагі, так і ў часе перапынку — расейскай мовай. Напамінаю, што працаўнікі Беларускага Дзяржаўнага тэатру павінны карыстацца ў сьценах тэатру толькі беларускай мовай, а ў прыватным жыцьці гэта таксама абавязкова на сваю-ж карысьць, як практыка для сцэны».

Дырэктар В.Селях

Гэтаму загаду больш за 90 гадоў, а таго, чый подпіс пад ім стаіць, чатыры дзесяцігодзьдзі таму прыняла на вечны спакой амэрыканская зямля.


02-45AD68D0-06B9-416D-B878-F429CEF82F88_w1023_n_r0_s.jpg


Доля эмігранта прывяла да таго, што таленавітага сьпевака, стваральніка нацыянальнага опэрнага тэатру і культурнага дзеяча Вячаслава Селяха амаль зусім забылі. Сёньня пра яго мала што ведаюць нават адмыслоўцы. Вярнуць імя свайго некалі знакамітага стрыечнага дзеда вырашыў спадкаемец прозьвішча Сяргей Селях.

Будучы сьпявак Марыінскай сцэны ў Санкт-Пецярбургу, артыст і дырэктар Першага Беларускага дзяржаўнага тэатру, адзін з заснавальнікаў беларускага опэрнага тэатру нарадзіўся ў 1885 годзе ў Лагойску ў шматдзетнай сямʼі сталяра. Простае паходжаньне не перашкодзіла таленавітаму хлопцу зьдзейсьніць мару пра вялікую сцэну. Аўтар на падставе дакумэнтаў і ўспамінаў сямейнікаў распавядае пра бліскучыя выступы Вячаслава Селяха ў найлепшых тэатрах Расейскай імпэрыі.

Празь сем гадоў пасьля кастрычніцкага перавароту прызнаны артыст вяртаецца ў Беларусь і зь вялікім імпэтам бярэцца за стварэньне нацыянальнага опэрнага тэатру. Першыя ягоныя спэктаклі былі пастаўленыя на сцэне БДТ-1, куды Вячаслава Селяха прызначылі ў 1927-м дырэктарам. Праз тры гады яго зьвінавацілі ў нацдэмаўшчыне (адмовіўся зьняць з рэпэртуару спэктаклі «Кастусь Каліноўскі», «Над Нёманам», «Скарына» ды іншыя) і звольнілі з пасады. У 33-м яго зноў прызначаюць дырэктарам, але празь некалькі месяцаў зноў звальняюць. Пачыналіся масавыя арышты нацыянальнае эліты, і Вячаслаў Селях вырашае зьехаць у Расею. У 43-м вяртаецца ў Менск і з галавой акунаецца ў наладжваньне тэатральнага жыцьця. У 44-м змушаны зноў пакінуць радзіму. Гэтым разам — назаўжды.

Пра жыцьцё і дзейнасьць Вячаслава Селяха на эміграцыі распавядаюць Надзя Запруднік, Вітаўт Кіпель, Галіна Руднік ды іншыя знаныя асобы беларускага замежжа. Іх успаміны зьмешчаныя ў кнізе асобным разьдзелам. Шматлікія фатаздымкі робяць кнігу яшчэ больш інфармацыйна насычанай. Яна, хай сабе і запозьнена, вяртае зь нябыту яшчэ адно слаўнае імя гісторыі нацыянальнай культуры.

ВА, “Радыё Свабода”