Віктар Марціновіч: Тарашкевіца — таксама камуніст?

Дырэктар Інстытута нацыянальнай памяці Польшы Яраслаў Шарэк прапанаваў беларускім гісторыкам уключацца ў дыскусію вакол асобы Браніслава Тарашкевіча, пытанне аб перайменаванні вуліцы якога ў Бельску-Падляшскім раней было абвешчанае “канчаткова закрытым”. Польскі бок абяцаў прадставіць “дакументы”, пасля якіх “цяжка будзе пазытыўна ацаніць асобу Тарашкевіча”. У дужках удакладняецца, што пад “дакументамі” маюцца на ўвазе ўсяго толькі выказванні Тарашкевіча.

Беларускія гісторыкі ўжо адгукнуліся на прапанову, але вось што: акрамя гісторыкаў Браніслава Тарашкевіча мусяць бараніць мовазнаўцы, лінгвісты і пісьменнікі. Бо Тарашкевіч быў не толькі “камуністам” (даказана) ці “прыхаваным антыкамуністам” (не даказана), але пакінуў пасля сябе правапіс, які стаўся сцягам антысавецкасці. Знішчаючы імя Тарашкевіча з назвы вуліцы, доктар Мацей Коркуць не ўлічыў гэты факт.

Тарашкевіцай пісалі тыя, хто выступаў за незалежнасць Беларусі. Артыкулы пра Курапаты ўкладаліся тарашкевіцай, а калі савецкія рэдактары пачалі выпраўляць правапіс аўтараў на наркамаўскі, з’явіўся знакаміты адкрыты ліст “Рэпрэсаваны правапіс” (ЛіМ, 1988). Газета “Свабода”, якая стотысячным накладам умацоўвала беларускую незалежнасць, выходзіла на тарашкевіцы. Васіль Быкаў у пачатку 1990-х пісаў тарашкевіцай, і я не магу выключаць, што для яго карыстанне класічным правапісам было менавіта антысавецкай жэстурай. Класічным правапісам дагэтуль карыстаецца беларуская служба Радыё Свабода — інстытуцыі, ролю якой у дэсаветызацыі рэгіёна, я так думаю, доктар Мацей Коркуць прымяншаць не будзе.

Ці чулі дактары Мацей Коркуць і Яраслаў Шарэк такое спалучэнне словаў: “першая кадыфікацыя беларускай мовы”? Ці яны ўсведамляюць, што той быццам не такі ўжо і важны падручнік беларускай граматыкі — дарэчы, першы школьны падручнік беларускай граматыкі, — напісаны Браніславам Тарашкевічам, стаўся не проста кніжкай? Ці знайшлі яны ў польскамоўных крыніцах згадку пра тое, што кадыфікацыя беларускай мовы, зробленая на аснове падручніка Тарашкевіча (яшчэ разглядаліся “Bielaruski prawapis” Луцкевіча і “Hramatyka bielaruskaj mowy” Пачопкі) адбылася ў кантэксце абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе? Ці, можа быць, трэба тлумачыць, чаму правапіс БНР каштоўны для любога зацятага антысаветчыка?

А як тут не згадаць, што яшчэ да таго, як самога Браніслава Тарашкевіча забілі камуністы ў 1938-м (пра тое, як яго забівалі, можна прачытаць тут), граматыка Тарашкевіча была старанна вынятая з ужытку ў савецкай частцы сучаснай Беларусі ў выніку так званай “рэформы правапісу 1933 года”. Што з нагоды гэтай антытарашкевіцкай рэформы навуковае таварыства Вільні 31 кастрычніка 1933-га прымала спецыяльную рэзалюцыю, дзе прызнавала “русіфікатарскую скіраванасць” наркамаўскага правапісу і яе “слабы навуковы фундамент”. І дасёння ў мовазнаўчай літаратуры можна прачытаць, што антытарашкевіцкая рэформа кіравалася найперш палітычнымі меркаваннямі, імкнулася наблізіць беларускую мову да мовы камуністычнай метраполіі. А пасля 1933 года тарашкевіца зрабілася мовай антысавецкай (іншай — не было!) беларускай эміграцыі. Дык ці тую вы абралі асобу для практыкаванняў у дэкамунізацыі, шаноўныя зберагальнікі памяці?

Давайце ўсе разам патлумачым польскім калегам, што ў 2007 годзе тарашкевіца была “рэпрэсаваная” зноў, бо па выніках прыняцця Палатай прадстаўнікоў праекта “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” аказалася па-за законам і па-за ўжыткам (тут да месца будзе прыпомніць афіцыйнае папярэджанне, вынесенае за карыстанне тарашкевіцай Камітэтам па друку газеце “Наша ніва” ў 1998-м). Што для генерацыі несавецкіх беларусаў пытанне, ці ставіць мяккі знак у першым складзе слова “сцяг”, дагэтуль ёсць пытаннем палітычнага выбару і нават дагэтуль на запыт без “беларускі сцяг” Гугл выдае чырвона-зялёны сімвал, на запыт “беларускі сьцяг” — бел-чырвона-белы.

Так часцяком бывае — асабліва ў Беларусі: чалавек, які нібыта з’яўляецца адданым членам партыі, робіць працу, што ператварае яго ў галоўнага разбуральніка здабыткаў гэтай партыі. І на такога чалавека магчымыя два погляды: як на рэтраграда і як на рэвалюцыянера. Міхаіл Гарбачоў быў не толькі пачынальнікам перабудовы, але ж і топавым камуністычным чыноўнікам. Дык што тут важнейшае: тое, што Якуб Колас — член партыі з 1945 года, ці тое, што ён — аўтар беларускіх вершаў, якія зберагаюць у сабе беларускі фальклор, мову, уяўленні пра годнасць і героіку?

Прыбіраць імя Тарашкевіча з назвы вуліцы за ягоную датычнасць да камунізму — гэткая ж бязглуздзіца, як спроба даказаць, што Альгерд быў часткай рускага свету (у Маскву ў паходы хадзіў з сябрамі пабачыцца, ага). Тады можна Леха Валенсу называць паслядоўным камуністам, бо ён жа сустракаўся з міністрам унутраных спраў камуністычнай Польшчы ў 1988-м! Бэсціць Тарашкевіча за камунізм — тое самае, што бэсціць Дуж-Душэўскага за сімпатыі да ленінізму. Бо ва ўжо згаданым бел-чырвона-белым сімвале ёсць чырвоненькае! І яно па цэнтры!

“Камунізм” Тарашкевіча і іншых — вынік збегу трагічных абставін і пакручастых лёсаў жыхароў краіны, заціснутай паміж дзвюма геапалітычнымі цвярдынямі. Пасля таго як у 1939-м годзе Заходнюю Беларусь уз’ядналі з Усходняй, тут проста не засталося зацішку, у якім можна было б спакойна практыкаваць антыкамунізм. Касцёл тут не быў настолькі моцным гульцом, як у Польшчы. У той самы час менавіта ХХ стагоддзе было вельмі важным для выспявання нашай культуры, сталення народа. Дык ці можна рабіць настолькі павярхоўную вівісекцыю памерлых, адбіраючы з іх вартых павагі ці не вартых толькі па фармальнай прыкмеце наяўнасці партбілета?

Марк Шагал у Віцебску ў 1918-м знаходзіўся на адказнай камуністычнай пасадзе, займаўся візуальнай прапагандай. Трэба забараніць у Польшчы і Шагала?

Калі паважаныя польскія калегі не ведалі нюансаў, выкладзеных у дадзеным допісе, я буду шчаслівы, што дазволіў ім даведацца пра гэта. Калі ж сябры камісіі па перайменаванні і адміністрацыя Інстытута нацыянальнай памяці абазнаныя ў прыведзенай тут фактуры, то, знішчаючы памяць пра Тарашкевіча, яны робяць вялікую несправядлівасць.

Віктар Марціновіч, “Будзьма беларусамі!”