Віктар Марціновіч: Ну як так, Пятро Аляксеевіч?

Віктар Марціновіч на дае 7 парадаў ад Беларусі, як не ўпусціць краіну на выбарах:

1. Што значыць “сацыялагічныя апытанні”? Ну што вы як дурныя! Якая сацыялогія? Першае, што трэба зрабіць — каб нават абдрыстаная карова ў краіне не ведала рэальнага рэйтынгу прэзідэнта! Бо гэты рэйтынг — самая страшная дзяржаўная таямніца! Нават ідэалагічна верныя цэнтры не мусяць праводзіць замераў, лічбы ім спускаюцца зверху. Бо калі будзе нават “дзяржаўнае”, але сапраўднае апытанне, усё роўна інфа трапіць да ворагаў — і пачнецца! А вось калі рэйтынг — дзяржтаямніца, калі сацыёлагі выціснутыя з краіны — вось тады можна брахаць пра “уравень паддзержкі насельніцтвам дзякрэта пра туняядства”. І ніхто ў прэзідэнты нават не сунецца!

2. Што значыць экзіт-полы? Вы лупануліся? Яшчэ за тры гадзіны да таго як Парашэнка праляцеў, увесь свет ужо ведае, што Парашэнка праляцеў! Які ціск гэта аказвала на тых, хто падлічваў галасы! Яны ж нават назіральнікаў ад сталоў не наважацца адагнаць! Яны ж нармальныя лічбы пасаромеюцца ўнесці! Яны мусяць стаяць і сапраўды “шчытаць”. Іх хіба для гэтага ў камісіі ўводзілі? Каб “шчыталі”? Я ж вам казаў, выбары — гэта практыкаванне па чыстапісанні, а не па арыфметыцы!

3. Што значыць няма “датэрміновага галасавання”? А як у скрынях акажуцца галасы за вас, Пятро Аляксеевіч? Самі па сабе? Ці вы думаеце, што вашы дэбаты з Зяленскім туды гэтыя галасы занясуць? Зразумейце, таварыш былы калега: людзі на нашай тэрыторыі ненавідзяць тых, у каго некалі паверылі. У незалежнасці ад таго, наколькі тое добрыя ці дрэнныя людзі. Раз на пяць гадоў ім хочацца рыкнуць: “Гэць!” Ці прагаласаваць за таго, хто “не ваш апанент, а ваш прысуд”. То няважна, што вы ўзнавілі дзяржаву, што вы ў сітуацыі хаосу выбудавалі армію, няважна нават тое, што вы здолелі гэта данесці да публікі падчас дыскусіі з гэтым маладым салабонам. Галоўнае, што насельніцтва пабачыла: вас прыніжаюць і таго, хто прыніжае, не разбірае кандрацій. Што з вас можна здзекавацца. Што вы — чалавек. А як чалавек можа быць прэзідэнтам?

4. Што значыць Зяленскага ні разу не арыштоўвалі? Не, патлумачце мне, чым вы думалі? Так, мне цяпер заходнія таварышы, мае найлепшыя сябры, кажуць, што недэмакратычна закрываць кандыдата ў турму. Дык а адміністрацыйны арышт вам нашто дадзены? У мяне некаторыя — Статкевіч, напрыклад — з адміністрацыйных арыштаў проста не вылазяць. Жывуць там, у астрогу. А пра тое, што тры дні можна трымаць затрыманых палітычных за кратамі “ў чаканні суда”, чулі? Не? Ну дык як вы збіраліся прэзідэнтам быць?

5. Каламойскі, кажаце? Сур’ёзна? Ну дык чаму здзіўляцца? У вас “барацьба з карупцыяй” — калі вы ўводзіце знешняе кіраванне на сваім “Рашэне”, бо сорамна быць і алігархам, і прэзідэнтам адначасова. А ў мяне “барацьба з карупцыяй” — калі за хабар у $2500 бяруць чалавека, які распараджаўся дзяржаўнымі сотнямі мільёнаў. Калі ўсе алігархі па першым свістку робяць тое, што кажа наймалейшы дзядзечка з райвыканкама. Калі, нарэшце, адсядзеўшы траціну тэрміну, чыноўнік ці алігарх выходзіць па асабістай амністыі і скіроўваецца на новую кіруючую пасаду. А той бізнесовец, які задумае фінансаваць майго апанента, пазбаўляецца ўсяго, уключаючы свабоду, у лічаныя гадзіны. Не так вы з карупцыяй бароліся, наіўны вы наш!

6. Як вы далі яму выглядаць героем? У вас жа ёсць праваахоўныя структуры, Пятро Аляксеевіч? Дык чым яны займаюцца? Няўжо такой бздурай, як “барацьба са злачынствам”? Як так адбылося, што на вашага апанента вам не прынеслі чорнай папкі? З фотаздымкамі, траціну з якіх намалявалі ў трэцім аддзеле? Дзе ваша Фрау А.? Дзе ваш “джып, што спрабаваў прабіцца праз мяжу”? Дзе вашы пацукі ў вядры? Дзе “Жалезам па шкле”? Дзе вось гэта ўсё?

7. Выбіраць мусяць з тых, каго выбралі вы! Запомніце наш бясцэнны досвед, Пятро Аляксеевіч! Выбары вас прэзідэнтам — занадта адказная рэч, каб пускаць усё на самацёк. Кожны ваш апанент мусіў быць адабраны асабіста. З улікам вашых пераканаўчых пераваг над ім! Як вы пусцілі гэтага ў першы тур? Хіба ў вас не знайшлося зачуханых пнёў з грамадзянскіх і псеўдапартыйных арганізацый? Дык ці ведаеце вы, што такое палітыка, спадар былы калега? Ганьба вам, адназначна! Сябе падставілі і народу няёмка зрабілі! То бярыце свае мільёны і чакаем у Беларусі.

Віктар Марціновіч, budzma.by