Віктар Марціновіч: Гэта не Ургант, гэта “Галубы аганёк — 80”

Прызнаюся ў страшэнным срамоцці: я час ад часу гляджу “Вечаровы Ургант”. Я ведаю, што гэта прапаганда. Я ведаю, хто такая насамрэч Марыя Захарава. Але ж смешна. Смешна, чорт яго бяры! І вось, бывае, глядзіш і крывішся. А потым рагочаш. А потым зноўку крывішся. Але глядзіш. Калі я даведаўся, што адразу два скіраваныя на беларускага гледача каналы, “Белсат” і “БТ”, запускаюць шоў у фармаце Late Night, то моцна ўзрадаваўся. Вось жа, падумаў, можна будзе цяпер замест Вані Урганта глядзець на сваіх, родненькіх. І, можа, нават часам і падраготваць.

Пра белсатаўскае шоў Хай Так TV шмат казаць не буду, бо быў на ім госцем, і таму не маю этычнага права. Вы гэтае шоў можаце паглядзець тутака:



А вось на шоў “Макаёнка, 9” хацелася б спыніцца. Бо там і рэсурс іншы, і размах быў ажно ад пляча. Адразу зазначу, што смешным атрымаўся хіба што пінжак Перліна. Хто яго зрабіў? “Гомельшпалеры”? “Берасцейскія дываны”? У любым выпадку гэта зачот, Кіркораў мусіць задушыцца ад зайздрасці.

Усё астатняе пакідае пачуццё, добра знаёмае беларускаму гледачу пры сутычках з любой прадукцыяй лакальнай відэавытворчасці: пякучую няёмкасць.

Ну вось паглядзіце на людзей у студыі. І на ТНТшных шоў, і ў Вані ў студыю запрашаюць гламурных маладух і не менш ладных хлапцуганаў. Абываталі ў майках-алкагалічках, наўродзь мяне, гледзячы на Ваню з праседжаных канапаў, адразу спрычыняюцца да высокага свету. Праз дзесяць хвіль яны пачынаюць адчуваць сябе не затаптанымі жыццём лузерамі, а амаль зоркамі Твітара. Дый як не рагатаць, калі там, у скрыні, такія прыгожыя і добра апранутыя дзялкі смяюцца. Паглядзіце на публіку ў Перліна.

Ведаеце, што гэта нагадвае? Па атмасферы, характару жартаў, дрэс-кодзе? “Юмарысцічаскую перадачу “Вакруг смеха”. Год гэтак 1978-ы. Параўнайце, дарэчы.

Тут таксама ёсць выступы “зорак эстрады”, незласлівыя пародыі і стрыманыя апладысменты з залы. Галоўнае пытанне: хто тут МА? Калі “мэтнёўка” — тыя абаяльныя бабулі, якія, як падаецца рэжысёрам, трапна кпяць з ежы на фудкорце “Пясочніцы”, дык тут адразу ўяўляецца, як такія ж бабулі ў сваіх хатах, пры тэлевізары, адпускаюць такія ж з’едлівыя каментары пра само шоў “Макаёнка, 9”. “Нейкае гарпачо”. “Гэта “фу”. “У “Магдональс” такое падаюць, наверна”. “Несварэнне стопрацэнтнае”.

Калі ж мэтавай аўдыторыяй была публіка, што глядзіць Урганта на Youtube, дык тут і набор гасцей, і якасць жартаў мусіла быць іншай. Анатоль Ярмоленка? Вы сур’ёзна? Уладзімір Навіцкі? “Штааа”?

Колькасць дызлайкаў на Youtube, якую заўважылі абсалютна ўсе, была паказнікам цалкам прадказальным. Па-іншаму і здарыцца не магло. Бо гэта тое ж самае, што ўзяць грошы на “папулярны Твітар-канал”, а потым запаланіць яго жартамі Петрасяна са “Смехапанарамы” і яшчэ здзіўляцца, а што ж робіш не так.

І потым вось паглядзіце: у “Вечаровым Урганце” ёсць асцярожныя, у канве ідэалогіі федэральнай дзяржаўнасці, жарты “за палітыку”. Але справа ў тым, што агульная палітычная культура тамака, у Расіі, крышачку іншая. Згадайма хаця б атрутнікаў Скрыпаляў: трэба было мець да халеры пачуцця гумару, каб выставіць меркаваных кілераў дурнямі перад усім светам. Лаўроў пры ўсім мностве пытанняў да яго — чалавек, які мае пачуццё гумару, і, галоўнае, тое пачуццё яму дазволена дэманстраваць нават у справах замежнай палітыкі (згадайма асобныя міжнародныя заявы ягонага ведамства).

Беларуская сістэма і яе насельнікі складаюцца з покерфэйсу і сур’ёзнасці. Запрасі Перлін у студыю Макея — і нам усім давялося б чырванець ад спроб разумнага чалавека не гумарыць, захаваць чыгунную сур’ёзнасць.

А таму — вось навошта Перліну ў кадры спатрэбіўся Лукашэнка? Бо каню ж зразумела, што ні Перлін, ні хто іншы ў гэтай краіне без вялікіх ускладненняў для сябе жартаваць пра Лукашэнку не мае права. Дык навошта блытаць зухаватыя спробы жартаваць і афіцыён, які мусіць захаваць сваю непахіснасць? “Вось гэта дакладна тое месца, дзе прэзідэнты будуць абедаць”. Капец! “Тут нават ножык ёсць”! Як смешна, ну! Зразумела, што, запускаючы новы тэлепраект, вельмі хочацца прагнуцца. Нават калі такіх задач не ставілі. Але запомніце, дарагія вы мае: прагіны ніколі не бываюць смешнымі. Смех — гэта заўсёды свабода. Смех наўпрост выбягае з наяўнасці той свабоды. То шукаць сюжэты, тэмы і гасцей варта было б у месцах, дзе свабоды болей. Не ў дзяржаўным кіраўніцтве дакладна.

І яшчэ пра гасцей: за апошнія гады ў нас склалася сістэма “падвойнай бухгалтэрыі сімвалічнага капіталу”. Калі на высокую сцэну запрашаюцца не тыя, хто сапраўды ведае, як жартаваць, ці пісаць п’есы і раманы, ці здымаць “кіны”, а тыя, хто мае заслугі перад сістэмай. Вось ёсць “гамбургскі рахунак”, па якім кожная сабака ў краіне ведае, хто тут найлепшы пісьменнік, ці рэжысёр, ці комік-стэндапер. А ёсць “афіцыйны рахунак”, у якім — зусім іншая абойма. У яе трапляеш праз канцэрты “За Беларусь”, панылыя артыкулы ў афіцыйнай (і нечытэльнай!) прэсе ды іншыя прагіны. Прагіны тыя зробленыя не таленавіта, а таму не маюць будучыні. Але ж да ўвагі бярэцца выключна іх колькасць. Аднак па выніках якасць вызначае менавіта “гамбургскі рахунак”. І на “Оскар” вылучаецца ўсё ж “Крышталь”, а не “Руды сабака”.

Апошняе. Расія — зусім не прыклад свабоды слова і адсутнасці межаў у жартачках. Але яна можа неяк сабе дазволіць такі феномен, як Папярэчны. Які не абірае словаў ні жартуючы пра сваю дзяўчыну (бедная яна!), ні пра палітыку і выбары. Паглядзіце, дарэчы, вось у гэтага відоса — 7 лямаў праглядаў.

І заўважце, гэта не рускі Youtube глядзіць, як Перлін плоска перажартоўваецца з Навіцкім. Гэта байнэт ліпне да рунэту, спажываючы гумар Папярэчнага.



Бо трэба драматычна недаацэньваць сваіх гледачоў, каб выдаваць за “першае нацыянальнае Late Night Show” абсалютны аналаг “Галубога аганька — 1980”.

Віктар Марціновіч, “Будзьма беларусамі!”