Віктар Хурсік: “Магдаленай Радзівіл я зацікавіўся не толькі як палітычнай асобай, але як жанчынай”

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь было прадстаўлена дакументальнае даследаванне жыцця і дзейнасці Магдалены Радзівіл з роду Завішаў, кніга Віктара Хурсіка “Vale!”.

— Жыццё любой жанчыны – вялікая таямніца, — адзначаў у інтэрв’ю “Народнай Волі” Віктар Хурсік. — Жанчына — перш за ўсё маці, дае жыццё, працягвае род. Спачатку такі падыход быў у мяне і да Магдалены Радзівіл. Я бачыў у ёй сухую пані, якая распараджаецца грашамі, ажыццяўляе маёмасныя справы. Але чым далей я знаёміўся з дакументамі, тым усё больш паўставаў перада мной вобраз незвычайнага чалавека. Яна была адораная не столькі прыроднай прыгажосцю, як незвычайнай жаночай абаяльнасцю. Мусіць толькі мужчыны могуць ацаніць, што гэта такое. Усе мужчынскія позіркі заўсёды былі скіраваны да Магдалены. Я падумаў: “А чаму я застаюся ў баку?”. Я таксама захацеў адчуць пах яе цыгарэткі і выдатных французскіх духоў. Сапраўды гэтую жанчыну нельга было абысці ўвагай.  Яе пакручасты лёс не мог пакінуць і мяне раўнаважным. 

У кнізе пра род і лёс Магдалены Радзівіл прадстаўлены біяграфічныя факты. Дзякуючы ім аўтар высвечвае гістарычную непарушнасць беларускага этнасу. Выснова такая зроблена і ў адносінах да Завішаў, як буйных беларускіх магнатаў, і простых сялян, чые імёны таксама прыводзяцца ў кнізе.

Асноўная думка даследавання ў тым, што нацыянальная адметнасць беларусаў у мінуўшчыне відавочная, не патрабуе доказаў.

Аўтар на працягу многіх гадоў працаваў у архівах Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі. Адкрыццём у кнізе з’яўляюцца лісты да Магдалены, яе асабістыя ўспаміны, тэстамент і, канешне, яе фотаздымкі, якія друкуюцца ўпершыню. Іх перадалі ўнукі і праўнукі Магдалены Радзівіл.

У кнізе прыводзяцца спасылкі больш чым на 300 крыніц. Гэта, пераважна, архіўныя дакументы якія распавядаюць пра род Завішаў у кантэксце гістарычных падзей і ў сямейным жыцці, паказваюць месца магнатаў у час падзелаў Рэчы Паспалітай.

І хоць кніга “Vale!” ужо пабачыла свет, даследаванне не спыняецца.

Яшчэ дасканала не даследаваны літоўскія архівы, не перакладзены тысячы пісьмаў Магдалены Радзівіл з французскай мовы, — казаў Віктар Хурсік, — Кожны дзень з’яўляюцца новыя звесткі. Аднаўляецца яе маёнтак у Кухцічах. Буду і далей працаваць у архівах Польшчы. Вельмі дапамагае ў справе напісання роду праўнук Магдалены Радзівіл.  Дзякуючы яму кніга перакладаецца на польскую мову. Упэўнены, у суседняй краіне яна выклікае такое ж здзіўленне, як і ў нас.

Увогуле ж я дзіўлюся: многія людзі ўжо ведаюць Магдалену Радзівіл як мецэнатку, грамадскую дзяячку. Сапраўды адбываецца вяртанне яе на Радзіму, нанова адкрываецца імя. Вялікі грамадскі рэзананс выклікала і падзея пачатку года – перапахаванне парэшткаў Магдалены Радзівіл у касцёле Святога Роху ў Мінску.

Назва кнігі “Vale!” азначае “Бывайце!”. “Vale!”, – сумна развітваецца Магдалена на тытульнай старонцы кнігі. – Ці правільна я зрабіла, што паставіла мэтай жыцця адраджэнне Беларусі – судзіць вам. Я любіла сваю зямлю, свой народ… На жаль, мне не дадзена ўбачыць яго росквіт. Vale!”


Віктар Хурсік – выдавец, журналіст. Галоўнае крэда даследчыка: падзеі павінны падавацца так, як засведчана ў дакументах. Першую кніжку, якую ён напісаў пра Магдалену Радзівіл, была “Белы лебедзь у промнях славы”

Кацярына Мядзведская, “Народная Воля”