Улады Эстоніі хочуць спыніць авіязносіны з Беларуссю з-за сітуацыі з каронавірусам

Міністр эканомікі і інфраструктуры Эстоніі лічыць, што «неабходна пры першай магчымасці закрыць мінскую авіялінію, паколькі ў Беларусі ўзровень распаўсюджвання віруса выклікае трывогу», паведамляе TUT.BY.

Урад Эстоніі на пасяджэнні 14 траўня абмяркоўваў аднаўленне авіязносін з некаторымі краінамі. Падчас пасяджэння таксама прагучала прапанова спыніць авіязносіны з Беларуссю з-за ўзроўню распаўсюджвання каронавіруса ў нашай краіне, адзначае выданне Postimees.

Улады Эстоніі ўжо прынялі рашэнне аб аднаўленні палётаў з іншымі краінамі Балтыі — Літвой і Латвіяй. Цяпер разглядаюцца варыянты аднаўлення авіязносін з іншымі краінамі Еўропы.

"Вядома, неабходна пры першай магчымасці закрыць мінскую авіялінію, паколькі ў Беларусі ўзровень распаўсюджвання віруса выклікае трывогу. Сёння можна сказаць, што з Таліна можна было б адкрыць авіялінію, напрыклад, у Нарвегію і, акрамя Франкфурта, таксама ў іншыя гарады Германіі", — сказаў міністр эканомікі і інфраструктуры Тааві Аас.

Авіяпералёты паміж сталіцамі Эстоніі і Беларусі ажыццяўляе кампанія "Белавія", гэта адзін з нямногіх маршрутаў, які застаўся ў раскладзе авіякампаніі. Да 21 траўня самалёты з Мінска ў Талін і назад лётаюць двойчы на тыдзень кожны панядзелак і чацверх. З 23 траўня планавалася, што палёты будуць выконвацца па аўторках і суботах.

novychas.by паводле tut.by,

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY