Украіна адкрыла пункты пропуску на межах з Эўразьвязам і Малдовай, зь Беларусьсю і Расеяй — не

Апоўначы пятніцы Ўкраіна адкрыла 66 пунктаў пропуску на мяжы з краінамі Эўразьвязу і Малдовай, паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

«Апублікавана рашэньне ўраду, згодна зь якім адкрываюцца 66 пунктаў пропуску, часова закрытымі працягваюць быць 56. Адміністрацыя Дзяржаўнай памежнай службы прапрацавала адпаведныя дакумэнты, накіравала іх у памежныя падразьдзяленьні, і з украінскага боку праца ўсіх гэтых пунктаў пропуску адновіцца», — сказаў Дземчанка «Інтэрфаксу».

Дзяржаўная памежная служба праінфармавала краіны Эўразьвязу і Малдову, каб тыя маглі плянаваць адкрыцьцё сваіх кантрольных пунктаў уезду-выезду. Паўнавартаснае перасячэньне дзяржаўнай мяжы з Украіны ў гэтых кірунках магчымае толькі ў тым выпадку, калі пункты пропуску будуць адкрытыя і з боку сумежнай краіны.

«Мы спадзяёмся, што сумежныя краіны ўлічылі гэтую інфармацыю, падкарэктуюць свае крокі. Мы не выключаем, што адначасова могуць не запрацаваць усе тыя 66 кірункаў, аднак спадзяёмся, што яны паступова будуць адкрывацца па меры адкрыцьця пунктаў пропуску сумежнымі краінамі», — падкрэсьліў Дземчанка.

Рашэньне аб адкрыцьці ня тычыцца пунктаў пропуску на мяжы з Расеяй і Беларусьсю, яны, як і раней, застануцца закрытымі.

Мяжу зь Беларусьсю Ўкраіна закрыла ў ноч на 16 сакавіка — на 7 міжнародных пунктах пропуску быў спынены аўтамабільны і пешаходны рух. Аналягічныя абмежаваньні ўвялі на 5 міждзяржаўных і 6 мясцовых пунктах пропуску на мяжы зь Беларусьсю.

Праз гэтыя пункты на тэрыторыю Ўкраіны могуць трапіць толькі ўкраінскія грамадзяне, а таксама іншаземцы і грамадзяне Беларусі, якія маюць ва Ўкраіне від на часовае або сталае жыхарства, зьяўляюцца сужэнцамі або бацькамі грамадзян Украіны. Таксама прапускаюць акрэдытаваных супрацоўнікаў дыпляматычных і консульскіх устаноў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і іхныя сем’і. Астатнія могуць трапіць на ўкраінскую тэрыторыю толькі пры ўзгадненьні зь МЗС Украіны.

Раней прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што пытаньне аб аднаўленьні паветраных перавозак і адкрыцьці аэрапортаў будзе разглядацца пасьля 15 чэрвеня, калі авіякампаніі краін-партнэраў пачнуць адкрываць свае межы.

svaboda.org