У Віцебску зноў затрымалівалі Барыса Хамайду

Міліцыя забірае ў яго беларускія кнігі, якія ён распаўсюджваў каля так званага “сіняга дому”. У райаддзеле міліцыі Чыгуначнага раёну найстарэйшаму віцебскаму апазіцыянеру паведамілі, штобудуць правяраць выданні на “экстрэмізм”.

Затрыманне адбылося каля поўдня у цэнтры Віцебску каля дома №28 па вуліцы Леніна. На тым самым месцы, куды распаўсюднік беларускага друку прыходзіць штодня. На думку Барыса Хамайды, усё робіцца дзеля таго, каб ён не выходзіў да людзей і не прапагандаваў беларушчыну:

- Напачатку забіралі сімволіку, бел-чырвона-белы парасон. І нарэшце я дачакаўся: забіраюць беларускамоўную літаратуру. Кажуць, што ў ёй нібыта ёсць фашыстоўская сімволіка, і кнігі забіраюць для вывучэння. Я пытаюся, ці доўга будуць вывучаць. Адказваюць, што будзе нейкая экспертыза, можа, месяц, можа, паўгода, можа, год.

Барыс Хамайда і яго “выспа свабоды” у цэнтры Віцебску даўно сталі гарадской славутасцю. Апазіцыянер пачаў выходзіць на гэтае месца яшчэ напрыканцы 1980-х гадоў, даўней тут ладзіліся пікеты, тут можна было набыць незалежную прэсу. “Працоўнае месца” распаўсюдніка аздабляў бел-чырвона-белы парасон і вышыванкі. Усё гэта было канфіскавана цягам апошняга году. Але Барыс Хамайда кажа, што не пакіне гэтае месца, нават калі ў яго канфіскуюць усё да рэшты: ен будзе прыходзіць сюды з раскладным крэслам і проста размаўляць з людзьмі.

«Беларускае Радыё Рацыя»