У Польшчы назвалі магчымую дату адкрыцьця межаў, у тым ліку зь Беларусьсю

Намесьнік міністра дзяржаўнай маёмасьці Польшчы Артур Собань заявіў, што межы краіны могуць быць адкрытыя 15 чэрвеня.

На яго думку, гэтага чакаюць многія буйныя кампаніі, асабліва авіяперавозчык Polska Grupa Lotnicza, альбо LOT. Толькі так можна «ажывіць» аднаго з гігантаў авіяцыйнага рынку, паслугамі якога карысталіся многія іншаземцы, перакананы ён.

Намесьнік міністра, адказваючы на пытаньне «Польскага радыё», падкрэсьліў, што канчатковае слова застаецца за прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім, але ён староньнік таго, каб гэта здарылася не пазьней за 15 чэрвеня.

Вяртаючыся да кампаніі LOT, Артур Собань прызнаў, што без аднаўленьня паветраных зносінаў гэты бізнес найбольш рызыкуе, бо знаходзіцца ў значна больш складанай сытуацыі, чым да пандэміі. Калі перад каранавірусам былі задумы набываць іншыя авіякампаніі, то цяпер задача хаця б вярнуцца да ранейшых пазыцый.

Калі эканамічны шок не спыніць, наступствы будуць вельмі сумныя, канстататаваў польскі чыноўнік.

svaboda.org