У першым чытанні прынятыя папраўкі ў законы па пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму

 Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 2 красавіка ў першым чытанні прыняла законапраект „Аб змене законаў па пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму”.

Дакумент прапануе ўстанавіць спецыяльны тэрмін паскоранага разгляду спраў у грамадзянскім працэсе ў дачыненні да арганізацый з прыкметамі экстрэмізму, а таксама прызнання сімволікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Замацоўваюцца азначэнні тэрмінаў „экстрэмісцкая сімволіка і атрыбутыка”, „экстрэмісцкае фармаванне”, пашыранае азначэнне тэрмінаў „экстрэмізм”, „экстрэмісцкія матэрыялы”.

Каардынацыю дзейнасці суб’ектаў супрацьдзеяння экстрэмізму прапанавана ўскласці на органы ўнутраных спраў, плануецца пашырыць пералік дзяржорганаў — суб’ектаў супрацьдзеяння экстрэмізму.

Праект закона ўстанаўлівае парадак забароны дзейнасці экстрэмісцкіх фармаванняў.

Пракуроры абласцей і Менска разам з генеральным пракурорам атрымліваюць права прыпыняць дзейнасць арганізацыі (прадстаўніцтва замежнай, міжнароднай арганізацыі), індывідуальнага прадпрымальніка пры выяўленні фактаў, што сведчаць пра падрыхтоўку да здзяйснення або здзяйсненне экстрэмісцкіх дзеянняў альбо пра непрыняцце ці несвоечасовае прыняцце мер па выкананні патрабаванняў прадпісання альбо пры паўторным вынясенні прадпісання.

Акрамя таго, пракуроры змогуць усталяваць асобны парадак спынення дзейнасці для індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама наступствы для асобы, дзейнасць якой у якасці індывідуальнага прадпрымальніка прызнаная экстрэмісцкай і забароненая (забарона на рэгістрацыю ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка на працягу пяці гадоў).

Міністэрства ўнутраных спраў будзе ўпаўнаважанае весці і публікаваць пералікі арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

„Беларускае Радыё Рацыя“ паводле belapan.by