У Менску прайшла каардынацыйная сустрэча няўрадавых арганізацый

27 жніўня ў Менску адбылася каардынацыйная сустрэча “Грамадзянская супольнасьць Беларусі пасьля выбараў: прыярытэты і супольныя дзеяньні”.

“У выніку падзеяў вясны-лета 2020 года краіна апынулася ў якасна новай сытуацыі, якая вызначыла новыя ўмовы для працы НДА. Падчас разгортваньня барацьбы з пандэміяй і пасьля выбараў Беларусь зазнала выбух грамадзянскай актыўнасьці, але таксама сутыкаецца з выбухам рэпрэсіяў, працягвае змагацца з наступствамі пандэміі, з эканамічным крызісам, з крызісам даверу да палітычных інстытутаў, не зьнікаюць з парадку дня і пытаньні “паглыбленай інтэграцыі” з Расеяй. Грамадзянскай супольнасьці Беларусі варта адказваць на такія выклікі супольнымі дзеяньнямі.” – заявілі ініцыятары нарады, якую арганізавалі Асамблея НДА Беларусі і Беларуская нацплятформа Форуму грамадзянскай супольнасьці Усходняга партнэрства.

Мэтай каардынацыйнай сустрэчы было ўзаемнае інфармаваньне НДА пра свае пляны на бліжэйшы пэрыяд ды пошук накірункаў для супольнай працы ў гэтых новых умовах.

Цягам сустрэчы прадстаўнікі больш за 40 вядучых няўрадавых арганізацыяў розных кірункаў дзейнасьці абмяркоўвалі і ўзгаднялі свае пляны дзейнасьці ў дынамічна зьменлівай сытуацыі, якая склалася ва ўмовах эканамічнага і палітычнага крызісу пасьля выбараў, а таксама пад уплывам пандэміі віруса COVID-19.

На каардынацыйнай сустрэчы былі прадстаўленыя арганізацыі экалягічнага,  праваабарончага, гендэрнага, культурніцкага, адукацыйнага, сацыяльнага, маладзёвага кірункаў дзейнасьці, а таксама фабрыкі думкі, прафсаюзы ды іншыя структуры беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў Беларусі падзяліліся сваім досьведам дзеяньняў ва ўмовах, якія зьмяніліся, распавялі пра свае пляны на бліжэйшы час, падзяліліся сваім бачаньнем што да супольных прыярытэтаў для далейшых калектыўных ці салідарных дзеяньняў арганізацый грамадзянскай супольнасьці, для адвакацыі ўнутры краіны і за мяжой. Грунтоўным падмуркам для абмеркаваньня сталі даклады арганізацыяў, якія займаюцца дасьледаваньнямі і маніторынгам разьвіцьця сытуацыі ў розных сфэрах: сярод іншага, прагучалі даклады па выніках аналізу сытуацыі ў палітычнай сфэры, у эканоміцы, вынікі назіраньня за выбарамі і маніторынг парушэньня правоў чалавека пасьля выбараў, сытуацыя з палітзьняволенымі, абмежаваньні свабоды слова і блякаваньне інтэрнэт-камунікацыі, міжнародная рэакцыя на дзеяньні ўлады, забастовачны рух, зьмяненьне прававога асяродзьдзя для грамадзянскай супольнасьці.

Прадстаўнікі Беларускай нацыянальнай плятформы Форума грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства азнаёмілі прысутныя НДА з праграмай маніторынгу падзеяў у Беларусі, якая была рэалізаваная пад эгідай форуму ў час выбарчай кампаніі.

Гэта бадай што першая пасьля доўгага перапынку такая прадстаўнічая сустрэча арганізацыяў з самых розных сфэраў дзейнасьці – гаворыць кіраўнічка выканаўчага бюро Асамблеі НДА Станіслава Гусакова – Мы ўсьцешаныя, што арганізацыі мелі магчымасьць абмяняцца сваімі плянамі і прапановамі што да сумеснай дзейнасьці. Відавочна, што на становішча грамадзянскай супольнасьці і магчымасьці НДА вельмі моцна паўплываў каранавірус, а цяпер яно вельмі моцна абмежаванае пасьлявыбарчым крызісам і драматычным усплёскам рэпрэсіяў. Практычна ўсе арганізацыі адзначылі, што цяпер мінімізаваныя магчымасьці для адвакацыі на ўнутранай арэне, і ўвогуле рэалізацыя праектаў зьвязаных з узаемадзеяньнем з дзяржаўнымі арганізацыямі амаль што немагчымая. Пляны на будучую дзейнасьць давялося зьмяняць практычна ўсім. Але ёсьць вялікі аптымізм што да прыходу ў грамадзкі сэктар тысяч людзей, абуджаных грамадзка-палітычнымі падзеямі ў краіне – усплёск валянтэрства, які пачаўся падчас барацьбы з каранавіруснай эпідэміяй, цяпер працягваецца праз працу праваабарончых ініцыятыў і групаў дапамогі зьняволеным і пацярпелым ад рэпрэсіяў. Мы як арганізатары каардынацыйнай сустрэчы задаволеныя яе вынікамі і разьлічваем, што прапановы і ідэі супольнай працы, якія прагучалі падчас абмеркаваньня, стануць падмуркам для эфэктыўных і прадуктыўных далейшых крокаў.

Асамблея НДА будзе разглядаць магчымасьць практычнай рэалізацыі ў супрацы з іншымі парасонавымі і сэктаральнымі аб’яднаньнямі тых прапановаў, якія былі высунутыя ўдзельнікамі сустрэчы што да выяўленьня супольнай пазыцыі грамадзкага сэктару і адвакацыі інтарэсаў беларускай грамадзянскай супольнасьці на міжнароднай арэне.

Арганізатары плянуюць, што каардынацыйныя сустрэчы будуць адбывацца надалей.

Асамблея НДА Беларусі