У Літве задумалі «сэртыфікат COVID-19» і тэсты на мяжы для беларусаў

Дырэктар Цэнтру інфэкцыйных захворваньняў і СНІД Літвы (ULAC) прафэсар Саўлюс Чаплінскас 26 траўня ў інтэрвію Delfi расказаў пра ідэі наконт адкрыцьця межаў зь іншымі краінамі падчас пандэміі каранавірусу.

Латвія, Літва і Эстонія адкрылі межы паміж сабой яшчэ 15 траўня. Паводле Delfi, «у сярэдзіне чэрвеня ўжо гавораць аб адкрыцьці межаў зь іншымі краінамі».

На думку Саўлюса Чаплінскаса, дата адкрыцьця межаў зь іншымі краінамі будзе залежаць ад «двух момантаў»: колькасьці захворваньняў на COVID-19 і выкарыстаньня сучасных тэхналёгіяў.

«Напрыклад, калі гаварыць пра Беларусь — усё роўна там ёсьць важныя эканамічныя і чалавечыя сувязі, — разважае Чаплінскас. — Чаму б ня ўвесьці пашпарт або сэртыфікат COVID-19? Хочаш праехаць — праверся і пакажы.

Яшчэ адно пытаньне — я думаю, што неўзабаве надыдзе такі час, калі можна мець на мяжы спэцыяльнае абсталяваньне, з дапамогай якога цягам 30 хвілінаў, проста на месцы, можна будзе выканаць тэст. Так, гэта каштуе грошай, але, можа, сам чалавек быў бы зацікаўлены заплаціць».

З такімі ідэямі гаворка ідзе менавіта пра межы з Расеяй і Беларусьсю, пацьвердзіў Чаплінскас. Ён дадаў, што «калі вельмі пастарацца», абсталяваньне для гэтага можа зьявіцца ў Літве цягам двух месяцаў, хоць «найперш такой тэхналёгіяй хочуць забясьпечыць Амэрыку».

«Ёсьць і іншыя сучасныя спосабы, толькі ня трэба баяцца іх ужываць», — адзначыў Чаплінскас.

svaboda.org