У Курапатах зьнесьлі мэталічныя крыжы, што стаялі ўздоўж МКАД

У Курапатах зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы, што стаялі ўздоўж Менскай кальцавой дарогі.


02-4796B79D-E81F-4E94-A910-6B6D35F99AFB_w1597_n_r0_st.jpg

Так выглядалі прыдарожныя крыжы да пачатку зносу, 5 красавіка 2019

«Да гэтага лясгас ня мае ніякага дачыненьня. Нават ня ведаю, што там нешта зьнікла, зараз паеду адмыслова пагляджу. За агароджай – гэта ўжо ня наша тэрыторыя, мы на ёй нічога не рабілі», — пракамэнтаваў зьнікненьне мэталічных крыжоў дырэктар Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч.

Паласа зямлі між кальцавой і Курапатамі, дзе стаялі мэталічныя крыжы, належыць дарожнай службе.


03-E5A9274A-5C01-4F15-9ACE-D784673EED39_w1597_n_r0_st.jpg

На плот пачапілі вазоны з хваёвымі галінкамі


Паводле актывіста Зьмітра Казакевіча, крыжы стаялі яшчэ раніцай 13 красавіка. «Абыходзіў Курапаты пасьля 8-й раніцы — нічога не заўважыў падазронага».


04-55B741AF-ED90-49F8-851D-99F2D9EE3E26_w1597_n_r1_st.jpg

Звонку засталіся толькі 4 драўляныя крыжы з усходняга боку. Каля іх стаяў аўтамабіль рабочых, які імкліва зьехаў


Паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, сёньня ў Курапатах прайшоў суботнік «па прыбіраньні і добраўпарадкаваньні».

«Гэта нашая традыцыйная акцыя перад Вялікаднем і Радуніцай», — сказаў старшыня Менскага абласнога абʼяднаньня прафсаюзаў Віктар Маліноўскі.

Карэспандэнт Свабоды даведаўся поўны сьпіс арганізацый, прадстаўнікі якіх удзельнічалі ў суботніку.

  • Менская абласная арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі
  • Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі
  • Менскі водаканал
  • «Белая Русь»
  • Чырвоны Крыж
  • Фонд Міру

Паводле дырэктара Бараўлянскага лясгасу Аляксандра Мірановіча, на суботніку працавалі каля 150 чалавек.


05-69EF6F2A-A47D-41EF-97C2-C95EC65B5733_w1597_n_r0_st.jpg

На ўваходах у Курапаты ўсталёўваюць мэталічныя брамкі


Знос крыжоў уздоўж МКАД у Курапатах пачаўся 4 красавіка. Тады ​зьнесьлі 70 крыжоў і паставілі плот вакол урочышча.

Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла тады працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.​

АШ, Алег Грузьдзіловіч, „Радыё Свабода“