Цягнікі паміж Беларусьсю і Расеяй будуць хадзіць толькі для расейцаў

Усе цягнікі ў зносінах зь Беларусьсю працягнуць курсаваць паводле графіку, аднак перасячы беларуска-расейскую мяжу ў іх змогуць толькі грамадзяне Расеі, паведаміла ўвечары 17 сакавіка Расейская чыгунка.

Грошы за нявыкарыстаныя квіткі будуць вяртаць цалкам, без дадатковых збораў, у любой чыгуначнай касе краіны, дзе быў набыты квіток.

Як арганізуюць рух цягнікоў празь Беларусь у Калінінградзкую вобласьць, не паведамляецца. Пакуль вядома толькі, што на тэрыторыі Літвы, куды таксама забаронены ўезд іншаземцаў і ўведзены карантын, пасадкі і высадкі пасажыраў ня будзе.


Транзыт беларусаў праз Маскву на радзіму — у межах аднаго аэрапорта

Згодна з пастановай ураду Расеі, з 00.00 18 сакавіка забаранілі ўезд на тэрыторыю Расеі іншаземцаў, у тым ліку грамадзян Беларусі, з прычыны эпідэміі каранавірусу COVID-19. Аднак у дакумэнце ёсьць агаворка, што дазволены транзыт іншаземцаў праз аэрапорты.


Транзыт грамадзян Беларусі, якія вяртаюцца дадому праз Маскву, з 18 сакавіка будзе магчымы толькі ў межах аднаго аэрапорта маскоўскага авіяцыйнага вузла. Калі грамадзянін Беларусі, да прыкладу, прыляцеў з-за мяжы ў Маскву ў аэрапорт Дамадзедава, то ён павінен, не пакідаючы транзытнай зоны, вылецець у Менск таксама з гэтага аэрапорта. Пры гэтым пасажырам абавязкова неабходна мець пры сабе праязныя квіткі, якія пацьвярджаюць факт транзыту. Такое афіцыйнае тлумачэньне ад расейскіх уладаў паступіла ў амбасаду Беларусі ў Расеі, паведаміў БелТА прэс-сакратар дыпмісіі Алег Мазура.

Цяпер з Дамадзедава ў Менск лётае авіякампанія «Белавія». З маскоўскага аэрапорта Шарамецьцева рэйс ажыцьцяўляе «Белавія» і расейская авіякампанія «Аэрафлот». У раскладзе аэрапорта Ўнукава ў Менск ёсьць рэйсы расейскай авіякампаніі «Ютэйр».

  • Як паведаміла раней Беларуская чыгунка, цягнікі паміж Беларусьсю і Расеяй будуць хадзіць паводле ранейшага раскладу да 0 гадзін 19 сакавіка, а пасьля пачатку забароны зьмяняюцца маршруты памежных цягнікоў: яны будуць рухацца да апошняй беларускай памежнай станцыі.
  • Самалёты «Белавія» з 18 сакавіка па 30 красавіка ня будуць лятаць у расейскія гарады Варонеж, Краснадар, Казань, Маскву (аэрапорт Жукоўскі), Ніжні Ноўгарад, Растоў-на-Доне і Сочы. У той жа час Расея дазволіла лятаць праз сваю тэрыторыю транзытам.
  • Аўтобусны перавозчык — дзяржпрадпрыемства «Менсктранс» — зь вечара 17 сакавіка адмяніў рэйсы ў Маскву і Санкт-Пецярбург.
  • Раней з прычыны закрыцьця межаў былі адмененыя пасажырскія зносіны Беларусі зь Літвой, Латвіяй, Украінай, Польшчай і Чэхіяй. Грузавыя цягнікі ідуць у звычайным рэжыме.

svaboda.org