ЦВК адмовілася пускаць незалежныя СМІ ў інфацэнтар на выбарах 9 жніўня

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі патлумачыла парталу Tut.by, што рашэньне адмовіцца ад вялікага інфацэнтру для прэсы на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня канчатковае.

Але ЦВК паабяцала, што «ўся інфармацыя, нават крыху больш», будзе выдавацца.

«Было прынятае рашэньне інфармацыйны цэнтар у традыцыйным фармаце ў Палацы Рэспублікі не ствараць, а абмежавацца працай выдачы інфармацыі з Дому ўраду, — паведаміў 24 ліпеня намесьнік загадчыка аддзелу прававой працы ЦВК Іван Таўкач. — 9 жніўня праца будзе ісьці з Дому ўраду з асноўнымі сродкамі масавай інфармацыі, усё будзе трансьлявацца на сайце Белтэлерадыёкампаніі, БелТА і „СБ“.

Гэта тыя СМІ, якія могуць забясьпечыць трансьляцыі на афіцыйныя рэсурсы. А ўжо ў панядзелак, 10 жніўня, застаецца традыцыйны фармат працы: будзе брыфінг кіраўніцтва ЦВК і прэс-канфэрэнцыі місіяў міжнародных назіральнікаў з прысутнасьцю журналістаў як нацыянальных, так і замежных».

Пры тым ад абвяшчэньня апоўначы папярэдніх вынікаў галасаваньня ЦВК не адмаўляецца, запэўніў Таўкач.

Раней рашэньне адмовіцца ад традыцыйнага прэс-цэнтру патлумачылі пандэміяй каранавірусу. А раніцай 10 жніўня ўсё ж правядуць брыфінг у Палацы Рэспублікі. На пытаньне Tut.by, ці на раніцу пасьля выбараў «каранавірусу ўжо ня будзе», у ЦВК адказвалі, што там будуць «толькі шырока рассаджаныя журналісты, і літаральна на пару прэс-канфэрэнцыяў».

Той жа прычынай — каранавірусам — тлумачылі рашэньне абмежаваць колькасьць беларускіх назіральнікаў на выбарчых участках. Замежныя назіральнікі на беларускіх выбарах будуць толькі ад СНД — назіральнікаў вырашылі не накіроўваць АБСЭ і ПАРЭ.

Арт. 13 Выбарчага кодэксу (галоснасьць пры падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў) прадугледжвае, што падрыхтоўка і правядзеньне выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляюцца «адкрыта і галосна», на ўсіх этапах маюць права прысутнічаць прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.


svaboda.org