ЦВК адмовілася публікаваць на сваім сайце вынікі галасаваньня на кожным выбарчым участку

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў атрымаў адказ з Цэнтарвыбаркаму на прапанову дзеля падвышэньня празрыстасьці падліку галасоў.


01-26896D4C-2B5D-4362-B0DD-039A39DF8C43_cx4_cy11_cw96_w1597_n_r1_st.jpg

Ігар Барысаў


Як патлумачыў Свабодзе палітык, БСДП (Грамада) прапанавала ўвесьці ў практыку пры правядзеньні значных выбарчых кампаній публікацыю вынікаў галасаваньня з кожнага ўчастку.

«Заклікаем Цэнтарвыбаркам разьмяшчаць на сваім афіцыйным сайце адпаведную інфармацыю, як гэта робіцца ў нашых бліжэйшых суседзяў на сайтах ЦВК Украіны, Расеі, Латвіі, Літвы, Польшчы.
Наяўнасьць такіх зьвестак падвысіць давер грамадзкасьці да вынікаў выбараў, пацьвердзіць статус Беларусі як IT-краіны».

Каб гэта не вымагала выдаткаў з боку дзяржаўнага бюджэту, для распрацоўкі плятформы з вынікамі галасаваньня па кожным выбарчым участку БСДП бралася сваім коштам прыцягнуць адпаведных спэцыялістаў.

Аднак Цэнтарвыбаркам адмовіўся ад гэтай ідэі. Гэта вынікае з тэксту ліста, які Ігар Барысаў атрымаў напярэдадні.

«У сувязі з Вашым электронным зваротам у ЦВК з прапановай разьмяшчаць на афіцыйным сайце інфармацыю аб выніках галасаваньня на кожным участку паведамляем: у камісію не падаюцца пратаколы ўчастковых камісій аб выніках падліку галасоў, у сувязі з чым інфармацыя па ўчастках не публікуецца», — гаворыцца ў паведамленьні Цэнтарвыбаркаму.

У адпаведнасьці з артыкулам 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўка і правядзеньне выбараў у краіне адбываюцца «адкрыта і галосна».

svaboda.org