Ці здымуць фільм паводле рамана Марціновіча “Сфагнум”?

“Сфагнум” — гэта сёння ўжо не толькі раман Віктара Марціновіча, але і кінапраект знаных дакументалістаў Віктара Аслюка і Вольгі Дашук. Навіна пра тое, што сябра Еўрапейскай акадэміі пітчынгуе ігравое кіно па матывах твору беларускага пісьменніка на Міжнародным кінафестывалі ў Котбусе, абляцела кінаколы яшчэ напрыканцы мінулага года. Сёння “Сфагнум” мае ўсе шанцы атрымаць увасабленне на кінастудыі “Беларусьфільм”, пазначыўшы пэўныя зрухі ў падыходах да вытворчасці беларускага кіно. Зрэшты, пакуль праект толькі на стадыі распрацоўкі рэжысёрскага сцэнарыя, і казаць пра запуск яшчэ зарана. Распачаўшы гутарку на пазітыўнай ноце, мы неўзабаве выйшлі на шэраг хваравітых пытанняў — як у дзейных умовах рабіць кіно ў кааперацыі? Сімптаматычна, што пра многія агучаныя тытулаванымі кінематаграфістамі праблемы сёння кажуць і маладыя рэжысёры.


01-21.jpg


— Прызнацца, калі я ўпершыню пачула, што вы будзеце пітчынгавацца ў Котбусе, не дала веры. Але потым прыехала на кінафестываль і ўбачыла ваша выступленне на свае вочы…

Віктар: Прычым нас узялі толькі па пашыранай заяўцы, паўнавартаснага сцэнарыя не было. Абралі са 150 праектаў. У іншых умовах гэта можна было б лічыць поспехам.

— Гэта першы ваш удзел у пітчынгу ігравога кіно?

Вольга: Так. Аднак у нас вялікі досвед пітчынгаў на форумах дакументальнага кіно. І цікава было паспрабаваць — наколькі моцна яны адрозніваюцца: ігравы і дакументальны. Плюс мы не першы раз у Котбусе: некалькі гадоў таму на фестывалі ладзілася рэтраспектыва Віктара, потым не раз бывалі ў якасці гасцей. Але вось летась паспрабавалі паўдзельнічаць у ролі прамоўтараў новага праекта. І што магу сказаць? Дакументальныя пітчынгі больш напружаныя, з публічным абмеркаваннем пасля выступлення. Там лёс фільма вырашаецца фактычна тут жа. Што да ігравога кіно, там, як правіла, патрэбныя большыя сродкі, таму і працэс пошукаў зацягваецца.

— І які вынік вашага пітчынгу ў Котбусе?

— Была цікавасць некалькіх дыстрыб’ютараў з Францыі і Германіі, але самае каштоўнае, што з канкрэтнымі прапановамі аб супрацоўніцтве да нас звярнуліся прадзюсары з Германіі, Польшчы і Украіны. І іх прапановы да гэтай пары застаюцца ў сіле.

— Гэта выдатны вынік, віншую! Але не магу ўстрымацца ад пытання: чаму вы ўзяліся за такі матэрыял? Чаму ігравое кіно? Падчас прэзентацыі вы казалі пра рэалістычную манеру здымак будучай карціны. Але літаратурнай аснове ўласцівыя фантазійнасць, дынаміка, яна нібыта супраціўляецца гэтаму падыходу…

Віктар: Так, супраціўляецца. Але гэта не значыць, што наш метад няправільны. Нас прывабіла ў творы Віктара метафара балота, багны — як містычнай, няпростай тэрыторыі. А таксама трансфармацыя, якую спазнаюць даволі простыя героі, сутыкаючыся з непадуладнай іх разуменню прасторай. Безумоўна, гэта цікавая і складаная задача — зрабіць фантастычную гісторыю ў падкрэслена рэалістычным стылі. Але чаму не?

—Вядомы дакументаліст Дзіга Вертаў марыў здымаць дзіцячыя казкі. Вы — як Дзіга Вертаў?

Віктар: Вядома, не, але мне таксама хочацца паспрабаваць зрабіць сваю “казку”. Зайсці на тэрыторыю ігравога кіно. Часам прыходзяць такія думкі, што як рэжысёр ты пачынаеш паўтарацца: ходзіш па адных і тых жа сцежках. А тут — спроба выйсці ў нязручную для сябе зону, у пэўным сэнсе, рызыкнуць. Тым больш, Віктар ухапіў у сваім творы цікавыя мне рэчы, і хочацца пэўным чынам іх раскрыць.

— Вашы патэнцыйныя партнёры рэагавалі менавіта на гэта? На таямніцу багны?

Вольга: Мы самі не чакалі такой зацікаўленасці менавіта фантастычнай часткай сюжэта. Падчас пітчынгу мы закраналі і сацыяльны бок гісторыі, але большасць партнёраў былі прывабленыя як раз містыкай балота. Гэта непазнаная стыхія. У нас нават пыталіся: а што такое сфагнум? То бок, для людзей гэта цікава і незвычайна. Прафесіяналы ўбачылі працягальнасць гісторыі.

— Выдатна, што вы рызыкуеце. Якім чынам зараз будзе складвацца кааперацыя?

Віктар: Вось тут і пачынаюцца праблемы. Бо механізмы кааперацыі на ўзроўні супрацоўніцтва міжнародных партнёраў у нас не распрацаваныя. І сённяшнія нашы дамоўленасці, атрымоўваецца, завіслі ў паветры — невядома, што будзе далей.

Вольга: Справа ў тым, што дзеля таго, каб мы маглі заключаць дамовы з зацікаўленымі партнёрамі, у нас ужо павінна быць пэўная сума, працэнт ад бюджэту праекта, забяспечаны беларускім бокам. А адкуль нам яго ўзяць? Так, мы можам падаць заяўку на рэспубліканскі конкурс кінапраектаў, але тэрміны яго правядзення пакуль невядомыя. Ці будуць замежныя інвестары чакаць? І што калі “Сфагнум” на конкурсе не знойдзе падтрымкі?

— Адпаведна, вам трэба шукаць фінансаванне з боку?

Віктар: Але гэта не рашэнне. Спроба рызыкнуць і выйсці на новыя рынкі, здавалася б, аказалася паспяховай, але няма распрацаванага механізма, як потым выкарыстоўваць тыя магчымасці. Гэта няправільна, што яны сыходзяць у пясок. І з такой сітуацыяй сутыкаюцца многія беларускія кінематаграфісты, якія спрабуюць штосьці зрабіць. Пры гэтым сёння на кінастудыі ўсё часцей уздымаюцца пытанні: чым можам зацікавіць глабальную аўдыторыю, куды прадаваць сваё кіно. Вось, калі ласка — намацаліся патэнцыяльныя каналы супрацоўніцтва і збыту, а скарыстацца мы імі не можам. Таму што наша схема вылучэння фінансавання нягнуткая і складаная.

Прычым хачу зазначыць, што не лепшая сітуацыя з каапрадукцыяй і ў дакументальным кіно, пры тым, што там бюджэты, і, адпаведна, рызыка нашмат меньшыя.

Вольга: Прычым вопыт былых краін Савецкага Саюза кажа, што стварыць юрыдычны падмурак для сумеснай кінавытворчасці магчыма. Кінематаграфісты з Арменіі, Грузіі, Украіны сёння актыўна здымаюць у кааперацыі з еўрапейскімі краінамі.

— Хачу заўважыць, што новую хвалю кіно суседзяў суправаджалі і змены ў заканадаўстве — абмеркаванне Закона аб кінематаграфіі ў той жа Украіне адбывалася два гады і справакавала змены, у тым ліку, і ў Падаткавым ды Мытным кодэксах.

Віктар: Трэба раўняцца на такі досвед. Мяркую, сёння для ўсё большай колькасці прафесіяналаў у кіно зразумела, што неабходны новыя захады. Кінафонд, кінацэнтр… я не ведаю, як гэта будзе называцца, але такая інстытуцыя патрэбная. І наш удзел у пітчынгу толькі пераканаў у гэтым. Калі мы хочам, каб беларускае кіно ведалі, некаторыя праекты павінны праходзіць пітчынгі. Тады будзе перспектыва пракату ў розных краінах і паказаў на фестывалях.

— Пачаўшы з размовы пра канкрэтную стужку, мы выйшлі на куды больш глабальную тэму: стратэгію развіцця беларускай кінаіндустрыі…

Віктар: Бяда нашага кінематографа акурат у тым, што ён да гэтай пары не стаў на індустрыяльныя рэйкі. А так званае “малакарцінне” толькі спараджае стагнацыю ў кіно. Чаму нельга даць дзесяці маладым рэжысёрам зрабіць па адной кароткаметражнай стужцы?

— Сёння на кінастудыі ёсць такая форма як кінаальманах, што дае магчымасць праявіць сябе моладзі.

Віктар: Так, і гэта нядрэнна. Але, на маю думку, не трэба рабіць маладым рэжысёрам тэматычнае абмежаванне. Няхай пра што хочуць, пра тое і здымаюць. І трэба запускаць не тры кароткаметражныя стужкі ў год, а 10 — 15. Бо з большай колькасці можна абіраць лепшых і даручаць ім поўны метр. Тое самае і з дакументальным кіно. Не дзесяць стужак за год — а 25 — 30. І без тэматычных абмежаванняў, без гэтых рэек, з якіх нельга з’ехаць ні ўправа, ні ўлева. Маё меркаванне цвёрдае: толькі з колькасці вырасце якасць. У Іране яшчэ 15 гадоў таму здымалася больш за 700 кароткаметражных фільмаў у год. Уявіце сабе! Тое, што ў іх здымаецца так многа фільмаў, прычына поспехаў іранскага кіно ў свеце.

— Але вам адразу могуць запярэчыць: а хто тыя аўтары, каму можна даручыць хаця б кароткі метр? Ці ёсць яны?

Віктар: Вядома, ёсць. А калі мы такім чынам будзем разважаць, дык увогуле, сутыкнемся з сітуацыяй, калі на змену сталаму пакаленню кінематаграфістаў так ніхто і не прыйдзе. У ігравым, у дакументальным, у анімацыйным кіно. Адбудзецца страта школы. Калі не даваць здымаць, не ствараць адпаведны асяродак, дзе адзін вучыцца ў іншага, то ніхто ніколі і не з’явіцца.

Кіно, падкрэслю — справа, калектыўная. Гэта і тэхніка, гэта прафесіяналы сярэдняга звяна, што вельмі важна, і таленавітыя аўтары. Стварыце ім магчымасць рэалізоўваць свае амбіцыі ў нашай краіне, а не за мяжой.

— Але наша краіна не такая багатая, каб аплочваць чыесьці амбіцыі.

Віктар: Згодны. Але яна не такая і багатая, каб раскідвацца сваімі талентамі. Таму таксама і патрэбна кааперацыя. І не з буйнымі кінадзяржавамі, якой з’яўляецца, скажам, Расія, а з такімі ж невялікімі краінамі як і мы — Фінляндыя, Латвія, Літва.

— Вы распавялі пра канкрэтныя захады, але не закранулі, уласна, стратэгіі развіцця.

Віктар: Мае глыбокае перакананне, што нам трэба здымаць і на нацыянальныя тэмы, і на глабальныя. Так званая гібрыдная мадэль кінематаграфіі. Мы яшчэ не знялі свайго “Сымона-музыку”, “Новай зямлі”, не экранізавалі столькі твораў Караткевіча, няма ў нас да гэтай пары і фільма пра Освальда. Шмат чаго няма... Добра, не атрымліваецца кааперавацца, дык давайце здымаць кіно для беларусаў. Толькі шчыра, сучаснай кінамовай, не ўтойваючы канфліктаў. І я ўпэўнены, што калі будзе такое кіно, мы станем цікавымі свету.І гэта не парадокс.

Дар’я Амяльковіч, “Культура”