Таццяна Севярынец: Атрымліваецца, мы праводзілі пікет у нашай кватэры

Таццяна і Канстанцін Севярынцы, бацькі вядомага палітыка Паўла Севярынца, і гаспадары кватэры ў шмтпавярхоўцы на праспекце Будаўнікоў, атрымалі позвы ў міліцыю. Паводле супрацоўнікаў Першамайскага РАУС, 30-га жніўня на гаўбцы сваёй кватэры сямейная пара разам з актывісткай і блогеркай Аленай Янушкоўскай правялі несанкцыянаваны пікет. 1 верасня спадарыню Янушкоўскую ўжо аштрафавалі на 35 базавых велічынь за тое, што яна з 8 паверха вітала бел-чырвона-белым сцягам калону ўдзельнікаў акцыі салідарнасці.

Таццяна Севярынец настойвае, што згаданыя падзеі нельга лічыць пікетам, бо ўсё адбывалася ў межах яе кватэры:

– У мяне лоджыя. А лоджыя, паводле закона, – гэта частка маёй кватэры. Быў там бел-чырвона-белы сцяг, які не з’яўляецца забароненым у Рэспубліцы Беларусь. Дык у чым справа? Я на сваёй лоджыі магу рабіць што заўгодна ад 7 ранку да 23 гадзін.

Алену Янушкоўскую, якая гасцявала ў Севярынцаў 30 жніўня і трапіла ў аб’ектыў міліцэйскага відэааператара , стоячы на гаўбцы, асудзілі праз два дні пасля апісаных падзеяў. Міліцыянты, якія здымалі ўдзельнікаў акцыі пратэсту, заўважылі і пазналі блогерку адразу. А вось на высвятленне, у чыёй кватэры яна гасцявала, часу спатрэбілася болей. Таццяну і Канстанціна Севярынцаў чакаюць у міліцыіі ў наступны панядзелак.

„Беларускае Радыё Рацыя“