«Такой падтрымкі ніколі ня бачыла». Вольга Севярынец расказала навіны пра мужа

А таксама пра тое, як трымаецца адна з малым дзіцем ужо трэці месяц.

З 20 жніўня сустаршыня БХД Павал Севярынец знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. Да таго ад дня затрыманьня 7 чэрвеня Севярынец адбываў адміністрацыйныя арышты ў ізалятары на Акрэсьціна. Жонка палітыка Вольга Севярынец падзялілася радаснай навіной: днямі ад мужа прыйшоў першы за гэты час ліст.

«Яшчэ аддалі яму ягоныя кнігі, Біблію. Ён вельмі рады, што можа чытаць. Між радкоў відаць, што неймаверна стаміўся сядзець за кратамі. Тым больш быць у ізялацыі ў такія бурныя часы для ягонай натуры вялікая пакута, але трымаецца», — сказала Вольга Севярынец.

Што вядома пра абвінавачаньне Паўла Севярынца паводле 293 артыкулу Крымінальнага кодэксу — аб арганізацыі масавых беспарадкаў?

«Яго мусілі вызваліць з Акрэсьціна 21 жніўня — заканчваўся чарговы адміністрацыйны арышт. Мы ўжо ежы накупілі, рыхтаваліся. Але 20-га жніўня пазваніў сьледчы і сказаў, што яго затрымалі цяпер у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках, 293-і артыкул. Да панядзелка ён будзе ў статусе затрыманага паводле падазрэньняў у злачынстве паводле гэтага артыкулу, а ў панядзелак канчаюцца 10 дзён, і мусяць ці выставіць абвінавачаньне, ці вызваліць. У нашым выпадку, зразумела, выставяць абвінавачаньне. І будзе да яго хадзіць абаронца. Хутчэй за ўсё, у аўторак да яго пойдзе адвакат, і тады даведаемся, што адбылося», — расказала Вольга Севярынец.

Пра Паўла Севярынца была інфармацыя, што ён за кратамі адгадаваў бараду, потым, наадварот паведамлялі, што пагаліўся. Што праўда?

«Так, на Акрэсьціна адпусьціў бараду, такое было, але цяпер бараду пагаліў і нават галаву. Напісаў у лісьце, што на Валадарцы паводле Божых стандартаў ён цяпер зусім чысты, бязь лішніх дэталяў».

Пра ўмовы ў камэры на «Валадарцы», дзе цяпер трымаюць Паўла Севярынца, ягонай жонцы нічога невядома. «Пра гэта ў лісьце няма», — сказала Вольга Севярынец.


02-9342D617-E5CF-4E1F-A031-7000DE11B199_w1597_n_r0_st.jpg

Павал Севярынец, архіўнае фота


Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня пасьля акцыі на Камароўскім рынку, дзе зьбіралі подпісы за Святлану Ціханоўскую ды іншых альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта. З таго часу Вольга адна глядзіць іхнага двухгадовага сына. Як маладой жанчыне, пазбаўленай падтрымкі мужа, удаецца спраўляцца з малым?

«Нам з Францішкам усе дапамагаюць. Такой чалавечай ды іншай падтрымкі я ніколі ня бачыла. Прапануюць любую дапамогу, нават просяць, што можна зрабіць, каб дапамагчы чымсьці. Беларусы крутыя. Усім вялікі дзякуй», — сказала Вольга Севярынец.

svaboda.org