Станіслаў Шушкевіч прэзентаваў новую кнігу ўспамінаў

З успамінамі пра мінулае, з думкай пра будучыню. Станіслаў Шушкевіч сустрэўся з адданымі чытачамі ды прэзентаваў кнігу «Маё жыццё, крах і ўваскрашэнне СССР. 25 гадоў пазней».

Выданне складаецца са шматлікіх эсэ першага кіраўніка незалежнай Беларусі: «Пра чалавечую годнасць, пра чалавечую подласць. І пра тое, што дабро павінна ўзяць верх над усім».


Кніга дапоўненая фотаздымкамі, якія Станіслаў Шушкевіч рабіў ад 1946 года. На пяцістах старонках размешчаныя 300 фота. Апроч біяграфіі аўтара, тое, што цікавіла наведнікаў, – гэта гістарычныя падзеі. Перадусім, 8 снежня 1991 года, калі Станіслаў Шушкевіч як старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі падпісваў акт аб юрыдычным канцы СССР. Удзельнікі сустрэчы кажуць:

«Шмат якія краіны былі супраць таго, каб Савецкі Саюз у адзін момант так разваліўся, матывуючы тым, што пачнецца кровапраліцце».

«Увесь перыяд тут, спачатку і да канца. Усё прыгожа створана і аформлена, і ўсё зроблена. Дзякуй яму вялікі».

Дзякуюць і ўзгадваюць пакаленні старэйшыя. Маладзейшым чытачам даводзіцца адкрываць для сябе тыя нядаўнія старонкі гісторыі, пра якія, аднак, у школе, шмат не даведаешся:

«Я нарадзіўся ў 1995-ым, калі Аляксандр Рыгоравіч стаў прэзідэнтам. І, на жаль, я не заспеў усіх тых падзеяў. Я не быў іх сведкам. У гэтым і заключаецца інтарэс, каб з першых вуснаў зразумець, як развівалася нашая краіна, і як мы да ўсяго гэтага прыйшлі».

«Гэтая кніга для мяне як гістарычны помнік, напэўна. Тым больш з асабістым подпісам Станіслава Шушкевіча».

Выдаваць свае ўспаміны першаму кіраўніку незалежнае Беларусі давялося за мяжою – ва Украіне. У нашай краіне гэта пакуль немагчыма. Але Станіслаў Шушкевіч спадзяецца, што светлая будучыня ёсць і ў Беларусі:

«У мяне і напісана на кніжцы: «Прысвечана беларускай моладзі, якая прывядзе Беларусь у Еўропу». Я перакананы, што толькі гэтыя сілы маладыя вырашаць большасць нашых складаных пытанняў».

Станіслаў Шушкевіч зазначае: яму яшчэ вельмі хочацца распавесці нешта людзям. А таму спыняцца ён не думае і будзе пісаць далей. Абы толькі здароўе дазволіла.

novychas.by паводле “Белсат”