Станіслаў Багданкевіч: Я б падтрымаў Віктара Бабарыку…

Былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавёў пра тое, як ён паставіўся да таго, што вядомы банкір ідзе на прэзідэнцкія выбары.

Нагадаем, што днямі аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях заявіў кіраўнік “Белгазпрамбанку” Віктар Бабарыка.

Станіслаў Багданкевіч: Калі б у нас былі сапраўдныя выбары, то я б ацаніў ініцыятыву Бабарыкі пазмагацца за прэзідэнцтва вельмі станоўча. Чалавек ён – прыстойны, дэмакратычных поглядаў, прынцыповы.

Я б сказаў, што кандыдатура вельмі добрая, але не разумею сэнсу ўдзелу банкіра ў той сітуацыі, якую зараз маем.

Фактычна ў краіне зараз эпідэмія каронавіруса, у такіх умовах немагчыма праводзіць збор подпісаў і паўнавартасную агітацыю. Няма і пакуль не прадбачыцца сапраўды празрыстых выбараў, каб можна было канкурыраваць на роўных умовах. Таму мне падаецца, што вынік будзе такі ж самы, якім быў і раней. Ніякіх канкурэнтаў дзеючая ўлада не пацерпіць.

РР: Бабарыка і насамрэч разумны чалавек і павінен разумець, якім будзе канчатковы вынік. Што ім рухае?

Станіслаў Багданкевіч: Я неаднаразова задаваў сабе гэтае пытанне, і ў мяне няма на яго адказу. Але ўнутраныя ілюзіі ў кожнага з нас ёсць. Можа быць, думае, што ў яго нешта атрымаецца.

Я канспіралогіяй не займаюся і не думаю, што ім нехта кіруе. Мяркую, Бабарыка сам шчыра памыляецца. Хаця я б яго кандыдатуру падтрымаў, калі б былі празрыстыя выбары.

Кастусь Заблоцкі, „Беларускае Радыё Рацыя“