«Сьпіць, падклаўшы пад галаву бутэльку з вадой». Што вядома пра 40 дзён арышту Паўла Севярынца

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец знаходзіцца безь перапынку пад адміністрацыйным арыштам у менскім ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ад 7 чэрвеня.

Апошні суд над палітыкам адбыўся 8 ліпеня, тады яму прысудзілі яшчэ 15 дзён арышту, агулам — ня менш за 105 дзён. Севярынца прызналі палітычным зьняволеным.


Лістоў ад Севярынца няма

Жонка Паўла Севярынца Вольга сказала Свабодзе, што перадачы для яго на Акрэсьціна цяпер прымаюць, але лістоў ад яго няма, і яна мяркуе, што яму лісты не даходзяць.

«На апошнім судзе праз скайп Павал пасьпеў сказаць, што лістоў не атрымлівае. Але гэта было тыдзень таму», — згадала Вольга Севярынец.

У прэсавай службе менскай гарадзкой міліцыі Вользе Севярынец сказалі, што ня ведаюць пра наяўнасьць некалькіх новых пратаколаў, нібыта складзеных на Паўла Севярынца.

«Я абзваніла некалькі раённых судоў, нічога ня кажуць», — сказала Свабодзе Вольга Севярынец.


Казаў, яго хочуць судзіць яшчэ некалькі разоў

«За час майго арышту двойчы кідалі ў карцар пасьля Паўла Севярынца», — сказаў Свабодзе мянчук, які 16 ліпеня выйшаў з ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна пасьля адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. Ён расказаў Свабодзе, у якіх умовах цяпер Севярынец.

Сам зьняволены з Паўлам Севярынцам не сустрэўся, але быў у камэры, дзе той сядзеў паміж пасадкамі ў карцар. Пра Паўла Севярынца яму расказалі сукамэрнікі.

«Казалі, што настрой у яго баявы, не здаецца. Да яго ўвесь час прыходзяць праваахоўнікі, носяць на азнаямленьне нейкія дакумэнты, але Павал іх адпраўляе далей і нічога не падпісвае. Казаў, што яго хочуць судзіць некалькі разоў за адно і тое ж», — кажа суразмоўца Свабоды.

Паводле зьвестак сукамэрнікаў, на якіх спасылаецца мужчына, гаворка пра пратаколы аб удзеле ў несанкцыянаваных масавых акцыях, складзеных у розных райаддзелах Менску.


«Матрацаў не даюць. Кажуць, няма»

«Матрацаў там дагэтуль не даюць, — кажа былы зьняволены пра ўмовы ў агульнай камэры ізалятара часовага ўтрыманьня. — Проста кажуць, што няма. Чуў ад хлопцаў, што раней ахоўнікі спасылаліся на адсутнасьць матрацаў, якія прайшлі санітарную апрацоўку, але ў гэта цяжка паверыць, бо матрацаў няма ні ў кога, як у палітычных, гэтак і ў звычайных арыштантаў. Таму ўсе сьпяць на голых дошках, Павал таксама, на другім ярусе. Казалі, што пад галаву клаў бутэльку з вадой.

Дарэчы, водаправод там адключаны, няма ані гарачай вады, ані халоднай, але ахоўнікі прыносяць вады, як толькі папросіш. Увогуле ахоўнікі ставяцца нармальна, нават даволі ветліва. Ежа ў першыя дні майго арышту была дрэнная, але апошнімі днямі стала нармальнай, жыць можна. На прагулку аднаго разу выводзілі, мяркую, Паўла таксама».


«Проста сядзіш на зэдліку, чакаеш, калі пройдзе час»

Двойчы суразмоўцу Свабоды зьмяшчалі ў карцар, як ён сьцьвярджае, без тлумачэньня прычыны. На яго месца, калі ён выходзіў з карцара, саджалі Паўла Севярынца.

«У карцары дастаткова прахалодна, градусаў 15–17, але трымацца можна, — кажа ён. — Кніг і газэт не даюць, проста сядзіш на зэдліку, чакаеш, калі пройдзе час. Як мяне выпускалі, дык выглядае, што туды зноў павялі Севярынца, а мяне на яго месца ў камэру. Такі карагод. Хлопцы казалі, што прычын карцару яму не тлумачылі».

З ІЧУ на Акрэсьціна суразмоўца Свабоды вызваліўся ўвечары 16 ліпеня. Кажа, што ў ноч на 15 ліпеня ў ізалятар паступіла вялікая група арыштантаў за пратэсты 14 ліпеня на вуліцах Менску. Колькі тады зьявілася навічкоў?

«Чуў размовы дзяжурных, што чалавек 60 прывезьлі. Як разьмяшчалі, было шмат грукату», — згадаў мужчына падзеі пасьля 14 ліпеня. Паводле суразмоўцы, паболела арыштантаў ізалятара на Акрэсьціна і пасьля 15 ліпеня, але дакладнай лічбы ён ня ведае.

Алег Грузьдзіловіч, svaboda.org