Скульптар Гэнік Лойка, што рабіў помнік Касцюшку, не ўзяў грошай за сваю працу

«Я не магу сказаць, што зусім ні капейкі, — смяецца скульптар Гэнік Лойка, аўтар помніка Тадэвушу Касцюшку, які ўсталявалі 12 мая ля Косава, — Мне плацілі камандзіровачныя. Ды і калі мы ехалі з Глебам Лабадзенкам у падарожжа, капейка на мяне пасыпалася неспадзявана. Людзі прывозілі яшчэ грошы на помнік, а Глеб Лабадзенка адказаў, што ўжо не трэба, помнік стаіць. І тады гэтыя грошы перадалі мне. Так што сказаць, што не атрымаў наогул ні капейкі, я не магу».

Скульптар прызнаўся, што ідэя адмовіцца ад платы за работу прыйшла да яго нечакана ноччу.

«Вось як Глебу Лабадзенку ўначы прыйшла ідэя сабраць грошы на помнік грамадой, так і мне аднойчы ўначы прыйшла ідэя не браць грошы за працу. Калі помнік быў гатовы, Глеб спытаў, колькі ён будзе каштаваць, я яму сказаў, што грошай не трэба.

Таму што кайф ад працы я атрымліваў неверагодны, — тлумачыць Гэнік Лойка. Усё рабілася, як трэба. Кожны этап, дух працы, настрой. І я ўдзячны лёсу за тое, што ўліўся ў эпіцэнтр правільнай дзейнасці, народнага рушэння».

«Цяпер будзем рабіць Каліноўскага!» — падзяліўся планамі скульптар.

Наталля Тур, “Наша Ніва”