«Севярынцу пакінуў у камеры вафлі і каўбасу»: дырэктара ІТ-кампаніі затрымалі і кінулі на Акрэсціна

Аляксандру Масейчуку 29 год, ён дырэктар сталічнай ІТ-кампаніі, у якой працуе каля 20 чалавек. 

Кампанія распрацоўвае адукацыйныя праграмы — штучны інтэлект аналізуе твар чалавека, які нешта чытае з экрана, і па эмоцыях, выразе твару і мірганні распазнае рэакцыю асобы: дзе яму было цікава, дзе ён сачкаваў і гэтак далей. Усё праз франтальную камеру. 

Праграма прыцягвае мільённыя інвестыцыі, але назву і канкрэтныя сумы нас прасілі не называць.

Цяпер мы пішам пра Аляксандра не таму. Справа ў тым, што ён нядаўна аказаўся на Акрэсціне пасля аднаго з модных цяпер «велапрабегаў салідарнасці». 

Ён расказаў «Нашай Ніве» сваю гісторыю.

«Наша Ніва»: Як вы сталі ўдзельнічаць у «прабегах салідарнасці»? 

Аляксандр Масяйчук: Калі затрымалі Бабарыку і людзі пачалі збірацца, мне кажа нявеста: «Ну ўсё, хадзем».

Я флегматык і 20 разоў падумаю перад тым, як нешта рабіць. Але тут ужо такое пачуццё, што ўсё, сядзець роўна і проста глядзець на гэтую нясправядлівасць, у якой жывеш, немагчыма.

Мы паехалі ў горад а палове на дзясятую, былі там гадзіны дзве-тры. Я — на электрасамакаце, яна на ровары, каталіся па цэнтры. 

Пазванілі яшчэ сябрам: «Ну што вы там, на канапе седзіце?» Яны прыехалі. Адчулі мы тады гэтую эйфарыю ад салідарнасці. 

На наступны дзень неяк у лакальных чатах пачалі гучаць прапановы, маўляў, было шмат людзей на роварах у горадзе, а чаму б не выязджаць катацца? Гэта абсалютна мірны прабег, без лозунгаў і крыкаў. Але ўсім ясна, да чаго мы прыцягваем увагу.

Так сталі адбывацца выезды, з'явіліся першыя ўсмешкі людзей, апладысменты — рабілася зразумела, што ўсё робім правільна. 

Даходзіла да сотняў удзельнікаў прабега. На трэці-чацвёрты выезд людзі на адной з рэстаранных тэрас у цэнтры паўскоквалі са сваім віном, пляскалі нам, здымалі на мабільнікі.

Я, як сціплая асоба, падумаў, што так, напэўна, адчуваюць сябе рок-зоркі. 

Выязджалі зусім розныя людзі, былі і работнікі органаў. А таксама старыкі, мамы з дзецьмі, бізнэсоўцы.

Была падтрымка і ад даішнікаў, але тут — без дэталяў. Сумленным работнікам выказваю павагу, асобным індывідуумам — не. 

«Наша Ніва»: Чаму вас затрымалі? 

Аляксандр Масяйчук: Пасля адной з акцый мы праехалі пару колаў па Кастрычніцкай плошчы, акурат, відаць, вакол нейкіх міліцэйскіх кіраўнікоў. 

Гэта стала нагодай для затрымання, як потым высветлілася ў міліцыі, праезд па коле палічылі несанкцыянаваным мерапрыемствам. 

А калі затрымлівалі, у іншы дзень, было так: я збіраюся ехаць да сястры на вяселле, ужо кінуў рэчы ў маршрутку, нявеста там мая сядзіць, а я выйшаў пакурыць. У адной руцэ цыгарэта, у другой — мабільнік. Чытаю, што затрымалі Андрэя Бароўскага, аднаго з раварыстаў. 

Я вяртаюся да маршруткі, а там каля яе ўжо некалькі чалавек тыповага выгляду: «Вы на 72 гадзіны затрыманы». Тут жа мікрааўтобус, пасадзілі, там па форме яшчэ адзін амапавец, ну і паехалі. 

Я ў гэты момант спакойны. Я працаваў пажарнікам, за час службы орган, які адказвае за трывогу, атрафіраваўся (Аляксандр Масяйчук быў начальнікам пажарна аварыйна-выратавальнага паста — «НН»). Ну так — непрыемна, але без панікі. Мне ўжо ясна, што да вяселля я не даеду. Але там жа, у маршрутцы, нявеста мая дурэе, яна не ведае, дзе я — знік чалавек. 

Я кажу: вы разумееце, што яна мяне згубіла, што мне трэба тры словы сказаць ёй па тэлефоне? Дайце пазваніць.

А яны маўчаць.

Мне як чалавеку, які таксама служыў, зразумела, як начальства ў сілавой структуры можа на цябе націснуць і загнабіць, што табе будзе шмат чаго не падабацца, але ты будзеш да нейкага часу гэта рабіць.

І я бачыў, што яны ўсё гэта вытвараюць без асаблівай радасці і ахвоты, «галоўны» амапавец сядзеў і глядзеў у акно з мокрымі вачыма ўсю дарогу.

Ужо потым, у міліцыі, далі пазваніць каханай, але там усё ў парадку. Аказалася, нейкі замежнік усё бачыў і, калі яна выскачыла з машыны, ён апісаў карціну. Яна зразумела, што адбылося. Міліцыянер на аўтавакзале, дарэчы, дапамог ёй. Пачаў нават вымаць запісы з камер, але яму аднекуль пазванілі: «Не трэба, не лезь».

«Наша Ніва»: Што было ў міліцыі? 

Аляксандр Масяйчук: Завялі мяне ў кабінет, тры чалавекі там, паказалі, што мне прад'яўляюць, відэазапісы. Але на запісах не я. Я пачаў цікавіцца, абвяргаць, гадзіны дзве мы пасядзелі, ужо вечар, надакучыла ім і мне, я нічога не прызнаў, мяне павязлі на Акрэсціна.

«Наша Ніва»: І як там? 

Масяйчук: Невялікая агаворка — колькі я бачыў канваіраў і ахоўнікаў, дык 80% з іх лаяльныя, мне так падалося. Ну даглядзелі там мяне, завялі ў камеру.

Двухмясцовая камера, смярдзіць страшна! Рэдка калі пачуеш такі пах у звычайным жыцці. Нейкія людзі спяць на шконках, а ў камеры — той самы Андрэй Бароўскі. 

Мы побач ляглі на падлозе. У мяне дзве маскі было, дык я адну на твар, другую на вочы, бо «нешта зламалася» і святло на ноч не адключалі. Але я думаю гэта хлусня, як і тое, што не было месцаў — былі. 

Нейкі агідны бомж з намі сядзеў, які пярдзіць, смаркаецца, з'ядае больш за ўсё гэтага мясцовага хлеба і пачынаецца… Другі мужык — проста бадзяга. 

Там жа, на Акрэсціна, па відэасувязі адбыўся суд, нейкі канвеершчык даў мне 7 сутак. Андрэя перавялі, а мяне памясцілі ў карцар, бо паводле правілаў, з якімі мяне не азнаёмілі, днём на жалезным ложку спаць нельга. 

А ў карцары, у прынцыпе, суха, і цёпла, і цёмна. Добрая аднамясцовая камера. Мне ахова паведаміла, што, аказваецца, гэта самае кепскае, што магло са мной здарыцца.

Як было ў карцары? Думаў, як сястра справіла вяселле. 

А потым, у панядзелак, — «з рэчамі на выхад». Пакуль быў у буфернай камеры, чую, як з суседняй некага выводзяць да «майго» карцара.

А мяне, адпаведна, вядуць у тую камеру, адкуль чалавека вывелі. І вось я даведваюся, што гэта быў Севярынец, а я на яго месцы. У камеры трое яшчэ, валацугі, але не маргіналы.

Я пытаюся, як тут сядзіць Павел. Мне расказваюць: «Трымаецца малайцом, бадзёра, тры РУУС шыюць яму адміністратыўныя парушэнні, ён іх пасылае». Павел дзяліўся рэчамі з іншымі, спаў на другім ярусе, пад галаву — бутэльку з вадой. Ежай таксама дзяліўся, яго там сукамернікі паважалі.

У той момант нас памянялі на 40 хвілін, потым я зноў у карцар, а яго ў камеру. Я таксама чуў, як да яго нехта ў карцар прыходзіць, а Павел іх лае.

У дзень нерэгістрацыі кандыдатаў на Акрэсціна было шумна, ноччу пачалі прывозіць людзей, усё гудзела. 

Потым нас яшчэ раз «мянялі», калі я высяляўся, то Севярынец быў у карцары. А мне маці ж перадавала прадукты, я яму пакінуў бутэрброд, пачак вафель «Чарнаморскіх», шакаладны батончык, пару ледзянцоў. Усе дамовіліся, што гэта будзе для Севярынца, калі ён вернецца ў камеру.

Таксама скажу, што метады ціску адміністрацыі не працуюць. Яны думаюць, маўляў, што пачнуць адбіраць рэчы, пастрожваць умовы, а іншыя арыштанты зразумеюць, што гэта праз палітычных, і зацкуюць іх. Не, няпраўда. Салідарнасць і там.

Ёсць, канечне, імавернасць матэматычнай пагрэшнасці, але ўсе разумеюць, што адбываецца ў краіне.

«Наша Ніва»: Якія вашы высновы пасля арышту? 

Аляксандр Масяйчук: Мала сітуацый, калі дарослы чалавек можа застацца са сваімі думкамі, не глушыць іх музыкай ці непатрэбнымі сустрэчамі.

А там ты застаешся адзін. Я думкі структураваў, падумаў, папланаваў. Нічога страшнага не адбылося, ну паспаў без матраца, але гэта не смяротна. Умовы ў камеры наўрад ці адрозніваюцца ад умоваў, у якіх памяшчаюць многіх маладых спецыялістаў у правінцыі. 

Таксама заўвага — пасля публікацый у інтэрнэце кармілі ўсё лепш і лепш.

А глабальна я нічога мяняць у сваім светапоглядзе не збіраюся. Калі можаш нешта рабіць — рабі. А велапрабегі — усё легальна, законаў на ім людзі не парушаюць, міліцыя вымушана чапляцца да драбязы, кшталту адсутнасці люстэрка. 

Разумееце, чалавек можа быць нязгодны з гэтай сістэмай не толькі таму, што яму не хапае грошай. Гэта акурат пра айцішнікаў. 

Чаму ў мяне ні разу не спыталі: «Што не так, што ты хочаш змяніць?» Улада такіх пытанняў не задае, хаця разумныя людзі бачаць, што тут многае можна рабіць іначай. 

Людзі не бачаць палітычных мэтаў, не бачаць вобраза будучыні. А ты ж жывеш сярод іх, гэта твае сябры дзяцінства, аднакласнікі, суседзі, сітуацыя ў краіне прыгнечвае. 

А Лукашэнка — гэта той чалавек, з якім я асабіста бачыўся разоў пяць. Я лаўрэат фонду адоранай моладзі, у 2010-м я ціснуў яму руку на векапомным канцэрце «За Беларусь!». 

І стаўленне да яго пагаршаецца ў мяне з кожным годам. Я бачу, што Беларусь можна не ператвараць у голую бананавую рэспубліку, што ў нас ёсць розум і рэсурс. 

Іншае пытанне, што бачыць ён: пафарбаваныя сцены і заасфальтаваныя дарогі, прыдуманыя рэйтынгі? 

Мне тут успамінаецца фільм «Гудбай Ленін», дзе маці галоўнага героя, партыйны функцыянер ГДР, трапіла ў кому, а калі прачнулася, то сын з сябрамі здымаў для яе фэйкавыя выпускі навін, шукаў старыя ўпакоўкі ад прадуктаў, каб пераканаць яе, што ГДР яшчэ існуе. Вось у яго гэтак жа цяпер, мне здаецца, толькі на месцы сына — цэлыя апараты. 

Але за гэтай лірыкай не хачу ўпусціць галоўнае: нашы людзі даволі разумныя і здольныя, каб пабудаваць дзеяздольную рэспубліку без Лукашэнкі. 

Арцём Гарбацэвіч, nn.by,
фота Надзеі Бужан