Расея адкрыла межы беларускім рабочым-вахтавікам

Урад Расейскай Фэдэрацыі 29 траўня ўнёс зьмены (PDF) у распараджэньне аб забаронах на ўезд з прычыны пандэміі каранавірусу. Цяпер у Расею дазволілі ўяжджаць грамадзянам Беларусі, якія працуюць вахтавым мэтадам.


Сам расейскі ўрад не абвяшчаў пра такое рашэньне. Пра зьмены стала вядома толькі вечарам 1 чэрвеня з паведамленьня ТАСС.

У сьпіс тых, каго пусьцяць у Расею, дадалі тых «вахтавікоў», якія працуюць у бесьперапынных вытворчых працэсах на прамысловых аб’ектах ядзернай энэргетыкі, будаўніцтва, здабычы нафту і газу, перапрацоўкі карысных выкапняў, а таксама ўдзельнікаў касьмічных праграмаў і жыхароў Байкануру (гораду ў Казахстане, дзе Расея арандуе касмадром).

Забарону на ўезд для беларусаў у Расеі прынялі яшчэ ў сярэдзіне сакавіка — тлумачылі яе тым, што Беларусь недастаткова супрацьстаіць каранавірусу. Аляксандар Лукашэнка казаў, што гэта Расея, якая «ўся палае ад каранавірусу», закрыла мяжу, а яшчэ пытаньне, «хто ад каго павінен закрывацца».

Ад 18 сакавіка ўехаць у Расею маглі тыя беларусы, хто мае від на жыхарства ў Расеі або зьяўляецца сямейнікамі грамадзянаў Расеі, ці ў якіх у Расеі памёр блізкі родзіч. Таксама дазвалялі ўезд тым, хто ехаў транзытам праз Расею, работнікам міжнароднага транспарту і дыпляматам.

svaboda.org