Прайсці інтэрнэт-перапіс і пазначыць беларускую мовай роднай можна за некалькі хвілін — вось як

У Беларусі пачаўся перапіс насельніцтва. Ён праводзіцца кожныя 10 гадоў і дазваляе мець актуальную статычную інфармацыю пра грамадства.

Сёлета ўпершыню можна праходзіць перапіс у інтэрнэце. Вось як гэта зрабіць.

1. Спачатку трэба зайсці на сайт Census.by (па змоўчанні адкрываецца рускамоўная версія, але ёсць і беларускамоўная).


01-perapis1-mx3fe.jpg


2. Абраць кнопку «перапісацца». Каб паўдзельнічаць, трэба прайсці ідэнтыфікацыю. Калі вы некалі рэгістраваліся ў міжбанкаўскай сістэме, можна ўвайсці праз яе пароль. Але я абраў атрыманне аднаразовага коду.


02-perapis2-onig7.jpg


3. Давялося ўказаць свой мабільны нумар. Адразу ж на яго прыйшла смс-ка: «Увага! Нікому не разгалошвайце свой пароль. Часовы пароль: _____». Калі ўвесці яго правільна, адкрыецца анкета.

Імя і прозвішча ў ёй ужо ўведзеныя па-руску, але можна ўручную перапісаць па-беларуску.


03-perapis3-7rdqn.jpg


4. Пытанняў не надта шмат і яны звычайныя. Пра памер заробку, напрыклад, не пытаюцца.

Спачатку ўказваецца базавая інфармацыя пра месца пражывання — плошча кватэры, ці ёсць каналізацыя.

Пасля трэба вызначыцца, колькі ў вашым доме ці кватэры «домагаспадарак». Іншымі словамі, колькі пражывае сем'яў.

Калі муж з жонкай разведзеныя, але ў кожнага свой халадзільнік і гатуюць яны паасобку, то гэта дзве домагаспадаркі. Калі ўсё яшчэ ядуць разам, то адна.

Можна адзначаць, што ты жывеш разам з жонкай, хоць і ў «незарэгістраваных адносінах». За кошт рознай трактоўкі гэтага моманту і атрымаецца ў выніку статыстычны хіб — колькасць жанчын замужам заўсёды большая за колькасць жанатых мужчын.

Шмат пунктаў прысвечаныя міграцыі — калі прыехалі ў цяперашняе месца пражывання, з якой мэтай, дзе жылі раней? Ці збіраецеся змяняць працу, ці збіраецеся пераязджаць? Калі ў вашым жыцці ўсё стабільна, гэтыя пытанні прапусцяцца.

Ёсць і некалькі гендарных пытанняў. У жанчын пытаюцца, ці нараджалі яны дзяцей і колькі збіраюцца нарадзіць.

Ну і не забывайце ўказаць родную мову. Беларускую, як відаць на скрыншоце.


04-perapis4-88mi2.jpg


5. Наступны блок прысвечаны сельскай гаспадарцы. Але ён толькі для тых, хто мае ў валоданні зямельныя ўчасткі альбо сельскагаспадарчых жывёл. Сабак і катоў перапісваць не трэба.


05-perapis5-oltgn.jpg


6. Напрыканцы Белстат прапануе адправіць анкету і выдасць электроннае пацвярджэнне: «Дзякуй за ўдзел у перапісе».


06-perapis6-xicpg.jpg


Па стане на 00:50 4 кастрычніка ў перапісе ўзялі ўдзел 1 268 чалавек.

Перапісны ліст з усімі пытаннямі па-беларуску можна паглядзець тут (PDF).

Ягор Марціновіч, nn.by