Правілы жыцця Алега Радзюка

Дзядзькі Алега болей няма з намі, але засталіся ягоныя словы. Прапануем падборку найбольш трапных думак з інтэрв’ю розных гадоў, якія добра раскрываюць ягоную асобу:

Сябры смяюцца: «Што ты робіш так якасна?! Рабі, каб кожны год рвалося». Але я так не магу. У сучасным свеце і так шмат часовага. Нават адносіны. Гэта не для мяне. У мяне проста, але надзейна.

***

Любы занятак будзе прыносіць прыбытак, калі няма, як ва ўсялякіх паразытычных структурах, мноства клеркаў, якія нічым не займаюцца, а грошы пры гэтым атрымліваюць немалыя.

***

Калі ты робіш добра нейкі прадукт, то людзі расказваюць адзін аднаму, звесткі разыходзяцца.

***

Для таталітарнай улады вельмі небяспечна, калі людзі здаровыя і моцныя. Яны павінны ўжываць алкаголь і паліць, каб быць больш зручнымі. Але з народам так проста не зладзіць.

***

У нашым раёне ні дня без прыгодаў не атрымлівалася. І прайсці спакойна побач з кампаніяй, якая стаяла на тваім шляху, было немагчыма. І калі ты быў слабы і зацюканы, то што гэта за жыццё? Трэба было агрызацца, адбівацца, нешта рабіць. Усе хлопцы гэта адчулі і зрабілі пэўныя высновы ў сваім жыцці. І мне шкада, калі хтосьці зусім апусціў рукі.

***

На акцыі я пачаў хадзіць у 1989-м. Гэты год навогул знакавы ў маім жыці. Спачатку пачуў пра разгон людзей у Курапатах. Пачаў цікавіцца, і аказалася, што мой праздзед памёр на Калыме. Стаў пытаць бабулю з дзядуляй. Яны распавялі, што гэта праўда, а мне не расказвалі, бо баяліся. Я неяк абурыўся, узняўся, стаў цікавіцца гісторыяй, мовай і ўсім беларускім.

***

Чым больш ты будзеш ведаць, тым мацней будзеш стаяць на нагах. 

***

Як кажуць нашыя сябры ірландцы: «У нашым свеце нават атэіст павінен вырашыць, хто ён — каталік ці пратэстант». Так і ў нас — ты павінен вырашыць, як увогуле жыць і што ад жыцця атрымліваць.

***

У той жа дзень, як сын нарадзіўся, я вырашыў перайсці на беларускую мову. Нібыта нейкае прасвятленне адбылося. Сказаў сабе: “Хачу і магу!” Праз пару месяцаў размаўляў ужо даволі лёгка. Ніколі не сароміўся ўжываць мову ні ў крамах, ні ў адносінах з людзьмі. Саромяцца звычайна слабыя, а я не такі. Калі нехта і крывіўся, то толькі за спінай.

***

Кожнаму чалавеку патрэбна ў першую чаргу прыслухоўвацца да сябе. Не старацца глядзець, напрыклад, на суседа, які вялікі і дужы, і таксама ісці ў качалку. Ці другі бегае марафоны — давай і я буду бегаць. Трэба зыходзіць са сваіх генетычных і ўсіх астатніх магчымасцяў. Таму я цяпер хаджу плаваць, баксірую і катаюся на ровары. Калі гэта ўсё чаргуецца, то вельмі добра. Бо лепей за плаванне, а таксама фізічныя практыкаванні на брусах, турніку на свежым паветры нічога няма.

***

«Тарпеда» – гэта сапраўдная сям’я. Калі ў мяне знайшлі рак скуры, фанаты і заўзятары дапамагалі грашыма. Вялікі дзякуй усім хлопцам. Іх дапамога мне была больш значнай за тую, якую я аказаў «Тарпеда»

***

Фанацкі сектар – гэта крута! Калі апынуўся там упершыню, ашалеў. Там віруе сапраўднае жыццё! Натуральныя жывыя эмоцыі! Мне вельмі спадабалася. Нават стала трошкі крыўдна, што так позна да гэтага прыйшоў.

***

Галоўнае — размаўляй па-беларуску. Гэта наша галоўная зброя. Мова — мацнейшая за грошы

***

Кожны чалавек па-свойму можа ўплываць на нашу культуру. Нават калі жывеш на вёсцы, можаш гатаваць эксклюзіўныя прысмакі і даваць ім самабытныя назвы. Ці нават сваё прозвішча. Тое ж самае з вытворчасцю вопраткі ці экіпіроўкі. Кожны чалавек павінен верыць у свае сілы і рабіць менавіта сваё.

***

У свеце ўсім кіруе сіла, нават не праўда.Ты можаш старацца быць больш дужым і моцным, а можаш аказацца пад уплывам іншых, хто мацнейшы. Ёсць прымаўка: у маёй хаце — мая праўда і сіла. Дык вось у нашай хаце павінна быць наша праўда і сіла. Таму ўсе павінны быць моцнымі, а для гэтага трэба займацца — плаваннем, валейболам, чым заўгодна. У любым выпадку ў людзей павінен быць моцны стрыжань.

Паводле tribuna.com, euroradio.fm, svaboda.org, nn.by

Фота Настассі Храловіч, nn.by


Для тых, хто хоча ўшанаваць памяць дзядзькі Алега мы зрабілі адмысловы мемарыяльны прынт. Спампаваць яго можна тут.