Польскія адвакаты выказалі занепакоенасьць сытуацыяй з беларускімі калегамі

Зварот зьяўляецца рэакцыяй на дзеяньні кваліфікацыйнай камісіі, якая ажыцьцяўляе праверку прафэсійнай кваліфікацыі адвакатаў.

Камісія па правах чалавека пры Найвышэйшым адвакацкім савеце Польшчы зьвярнулася да ўладаў Беларусі, выказаўшы занепакоенасьць сытуацыяй з беларускімі адвакатамі, у дачыненьні да якіх Міністэрства юстыцыі праводзіць пераатэстацыю.

Афіцыйны ліст, падпісаны старшынёй Камісіі па правах чалавека пры Найвышэйшым адвакацкім савеце Польшчы Юстынай Мятэльскай, быў накіраваны амбасадару Беларусі ў Польшчы Аляксандру Авяр’янаву, міністру юстыцыі Алегу Сліжэўскаму і ў Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў 27 кастрычніка.

У лісьце Камісія выказвае глыбокую занепакоенасьць дзеяньнямі кваліфікацыйнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь, накіраванымі супраць сябраў калегій адвакатаў у Менску і Магілёве, якія змагаюцца за правы чалавека. Камісія заклікае спыніць умяшаньне дзяржаўных органаў Беларусі ў дзейнасьць адвакатаў, гарантаваць іх незалежнасьць і не прымяняць ціск у адносінах да іх.

Зварот адвакацкай супольнасьці Польшчы зьяўляецца рэакцыяй на дзеяньні кваліфікацыйнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь, якая ажыцьцяўляе праверку прафэсійнай кваліфікацыі адвакатаў. У прыватнасьці Камісія прыводзіць факт адвольнага пазбаўленьня права на прафэсію адвакаткі Ганны Бахціной і тое, што некаторыя іншыя адвакаты былі пераатэставаныя ўмоўна. Асаблівы пратэст Камісіі выклікае рашэньне аб пазбаўленьні Бахціной ліцэнзіі адваката з прычыны «адсутнасьці прафэсійных навыкаў», у той час як яна мае амаль 40-гадовы досьвед юрыдычнай працы.

Камісія падкрэсьлівае, што рэпрэсіі закранулі абаронцаў правоў чалавека, якія на працягу многіх гадоў займаюцца абаронай актывістаў апазыцыі, і падобная практыка ўжывалася раней, калі ў шэрагу адвакатаў права на прафэсію быў пазбаўлены Павел Сапелка, якога ў 2012 Савет адвакацкіх аб'яднаньняў і юрыдычных таварыстваў Эўропы (ССВЕ) адзначыў прэміяй за абарону правоў чалавека.

Вясна/ав