Партыя Пазьняка дамаўляецца з уладамі наконт «Каменя БНР» у Менску. Ужо паспрыяла Акадэмія навук

Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ вядзе перамовы зь Менгарвыканкамам наконт усталяваньня памятнага каменя ў сквэры каля тэатру імя Янкі Купалы. У гэтым будынку ў сьнежні 1917 году адбыўся Першы Ўсебеларускі Зьезд. Менавіта Выканаўчы Камітэт Зьезду пазьней ініцыяваў абвяшчэньне незалежнасьці БНР.

Эскіз выявы на камені распрацаваў мастак Аляксей Марачкін. Паводле ўступнай вэрсіі, на ім будуць выбітыя словы пра 100-годзьдзе БНР і лёзунг «Беларусь — навечна».

«Працэс ідзе. Ідуць перамовы наконт юрыдычнага ўпарадкаваньня ўсіх справаў, зьвязаных з усталяваньнем гэтага каменя», — распавяла Свабодзе прыхільніца КХП-БНФ Алена Гушча.


02-8EF85D9D-7256-40B5-9B16-081A25D7AF51_w1597_n_r0_s.jpg

Тэатар імя Янкі Купалы


Каб атрымаць дазвол ад уладаў, партыя Зянона Пазьняка зьвярнулася ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук з просьбай пацьвердзіць важнасьць для гісторыі Беларусі ўтварэньня БНР. У адказе дырэктара Інстытуту гісторыі НАН Вячаслава Даніловіча гаворыцца:

«Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі зьяўляецца важнай падзеяй у гісторыі Беларусі. Нягледзячы на тое, што БНР як дзяржава не адбылася, упершыню была ня толькі сфармулявана ідэя нацыянальнай дзяржаўнасьці, але і зроблены практычныя крокі па яе рэалізацыі.»

Цяпер КХП-БНФ чакае заключэньня ад Міністэрства культуры пра неабходнасьць устаноўкі памятнага каменя. Як толькі будзе атрыманы дазвол, пачнецца збор сродкаў на яго ўсталяваньне.

Зянон Пазьняк ініцыяваў ідэю ўсталяваньня падобных камянёў па ўсёй Беларусі і за яе межамі, там, дзе жывуць беларусы.

Дзьмітры Гурневіч, “Радыё Свабода”