«Панішчылі карціны, пабілі шкло»

Новай інфармацыяй па сітуацыі з Алесем Пушкіным падзяліўся «Белсат».

Паведамляецца, што а 2-й гадзіне ночы ў вёсцы Бобр, дзе жыве мастак, быў ператрус. Яго праводзілі ў хаце і ў майстэрні.

«Прыязджалі людзі з Гарадзенскага аддзелу Следчага камітэту і пяцёра амапаўцаў. Забралі тэлефоны і тэхніку ўсіх чальцоў сям'і, у тым ліку няпоўнагадовых сына і дачкі. У майстэрні панішчылі карціны, пабілі шкло», — пішуць калегі.

Нагадаем, што супраць Алеся Пушкіна пракуратурай Гродна заведзеная крымінальная справа за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму» (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Надоечы мастак вярнуўся з Кіева, варыянту заставацца за мяжой ён не разлядаў.

Справа датычыць карціны аўтарства Пушкіна, якая была на выставе ў Гродна. Па гэтай жа справе быў затрыманы Павел Мажэйка — стваральнік Цэнтру гарадскога жыцця, дзе адбылася выстава Алеся Пушкіна.

Паводле паведамлення пракуратуры, 19 сакавіка на выставе дэманстравалі партрэт Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства Пушкіна.

Як сцвярджае пракуратура, Жыхар у 1946 годзе «ўзначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў, якія цягам 9 гадоў у Пастаўскім раёне забівалі міліцыянтаў, партыйных і дзяржаўных службовых асобаў, падпальвалі адміністрацыйныя будынкі і рабілі дыверсіі на чыгунцы».

novychas.by