«Не беларускі і не расейскі рубель», — Лукашэнка пра адзіную валюту і «саюзную дзяржаву» з Расеяй

Аляксандар Лукашэнка 2 красавіка ў інтэрвію тэлекампаніі «Мир» заявіў, што Беларусь не адмаўляецца ні ад якіх пунктаў дамовы аб «саюзнай дзяржаве» з Расеяй. Але з агаворкамі.

«Калі Расея сёньня, адмовіўшыся ад гэтых імпэрскіх замашак — „мы вялікія, а вы малыя“ — гатовая на гэта, давайце весьці перамовы, давайце будзем вызначацца», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Паводле Лукашэнкі, для Беларусі «жалезабэтонны прынцып — роўныя ўмовы для людзей, прадпрыемстваў, дзяржаваў», але цяпер «усё парушана», у тым ліку праз пандэмію каранавірусу і закрыцьцё мяжы з расейскага боку, — маўляў, «лёгікі тады не было».

«У нас ёсьць дамова аб стварэньні „саюзнай дзяржавы“, ні ад аднаго пункту гэтай дамовы мы не адмаўляемся, — адказаў Лукашэнка на пытаньне аб разьвіцьці саюзу з Расеяй. — Нават возьмем самы сур'ёзны [пункт], які сёньня абмяркоўваецца. Дапусьцім, адзіная валюта. Мы ня супраць адзінай валюты, але толькі гэта павінна быць нэўтральная валюта. Гэта не беларускі рубель, не расейскі».

Паводле Лукашэнкі, «не пытаньне, які гэта будзе рубель», але пытаньне ў тым, дзе будзе эмісійны цэнтар і хто ім будзе кіраваць, ці будзе гэтае кіраваньне на роўных умовах для Беларусі і Расеі:

«Паколькі Расея вялікая, яна будзе кіраваць сваім рублём, а мы свой ліквідуем і да іх далучымся? — спытаў Лукашэнка. — Мы гэта ўжо праходзілі ў першыя гады пасьля распаду Савецкага Саюзу, калі нас проста выкінулі з рублёвай зоны. І, у рэшце рэшт, мы засталіся з савецкімі рублямі, яны ўвялі расейскі рубель, а мы потым малявалі „зайчыкі“. Я не хачу гэта паўтараць. Гэта па-першае. А па-другое, дзе ж тут тады будзе наш сувэрэнітэт?»

Пасьля распаду СССР у Расеі савецкі рубель заставаўся ў абароце да 1993 году, але ў сьнежні 1991-га зьявіўся ўласны расейскі рубель, які быў у абароце паралельна. Безнаяўныя разьлікі ў беларускіх рублях пачаліся ад 1 ліпеня 1992 году. У Беларусі савецкі рубель пачалі выводзіць з абароту ў ліпені 1993 году і замяняць яго беларускім — да таго была сыстэма купонаў (ад 1992 году) і разьліковых білетаў Нацыянальнага банку.

svaboda.org