Навошта тысячы замежнікаў штогод шукаюць беларускія карані? 7 фактаў пра гістарычны архіў

Гэта самы папулярны архіў краіны. Штодня ў Нацыянальны гістарычны архіў прыходзіць да 75 чалавек.

1 мільён дакумэнтаў

Сёньня ў Нацыянальным гістарычным архіве налічваецца 1 022 165 адзінак захоўваньня. Тут старажытныя дакумэнты з усёй краіны за ХIV — канец ХVIII стагодзьдзяў, а таксама дакумэнты Віцебскай, Магілёўскай і Менскай губэрняў Расейскай імпэрыі канца ХVIII — пачатку XX стагодзьдзяў. Дакумэнты большасьці заходніх раёнаў Гарадзеншчыны і Берасьцейшчыны знаходзяцца ў гарадзенскім архіве. А жыхарам паўночна-заходняга рэгіёну, што адносіўся да Віленскай губэрні, давядзецца ехаць па мэтрычныя кнігі ў Вільню.

Каб меркаваць, у якім архіве могуць быць дакумэнты пра вашых продкаў, варта ведаць, у якім павеце яны жылі. Бо, напрыклад, Наваградзкі павет (сёньняшняя Гарадзеншчына) у другой палове 19 стагодзьдзя ўваходзіў у Менскую губэрню, а сучасны Валожынскі, Маладэчанскі і Вілейскі раёны Меншчыны — у Віленскую.

75 наведнікаў за дзень

Такі рэкорд быў зафіксаваны ў чытальнай залі Нацыянальнага гістарычнага архіву. Адначасова тут могуць разьмясьціцца 22 чалавекі. Праз наплыў наведнікаў, што складаюць сямейны радавод, заявы на правядзеньне генэалягічных дасьледаваньняў сіламі архіва не прымаюцца да студзеня 2019 году.


03-4F9DBE91-65B1-44B0-AFAE-B6DD80BC3E5F_w1597_n_r0_s.jpg

Дзяніс Лісейчыкаў


«У канцы 1990-х запытаў-зваротаў па генэалягічных дасьледаваньнях было некалькі дзясяткаў, а цяпер — некалькі соцень. Таму паўстала пытаньне пра пашырэньне чытальнай залі».

У апошнія гады Нацыянальны гістарычны архіў для многіх асацыюецца зь месцам, дзе можна раскапаць зьвесткі пра сваіх продкаў. Мэтрычныя кнігі жыхароў Менскай, Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай абласьцей знаходзяцца ў Нацыянальным гістарычным архіве. Толькі дакумэнты дзьвюх заходніх абласьцей — у Горадні.

Супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіву штогод праводзяць каля сотні платных генэалягічных дасьледаваньняў. Яшчэ некалькі сотняў чалавек працуюць з мэтрычнымі кнігамі і «рэвізскімі сказкамі» (перапісамі падатных саслоўяў. — РС) самастойна ў чытальнай залі. Доступ да ўсіх дакумэнтаў бясплатны.

«У іншыя архівы столькі людзей ня ходзіць, — кажа Дзяніс Лісейчыкаў. — Але самыя папулярныя дакумэнты часам даводзіцца аддаваць на рэстаўрацыю. Гэта трохі запавольвае працу».

1391 год — дата самага старажытнага дакумэнту

Гэта прывілей князя Фёдара Карыятавіча — унука Гедыміна, выпадкова знойдзены ў 2001 годзе ў Нацыянальным гістарычным архіве. Дакумэнт быў падшыты да судовай справы ХІХ стагодзьдзя ў якасьці доказу.


05-FE129E99-0BCF-442D-A03F-22F70C160A01_w1597_n_r0_s.jpg

Так выглядае прывілей Фёдара Карыятавіча, напісаны ім у 1391 годзе. Фота Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі


«Часта да спраў падшываліся дакумэнты ХV-ХVІ стагодзьдзяў, — кажа Свабодзе Дзяніс Лісейчыкаў. — Выяўленьне такіх дакумэнтаў мы праводзім плянава. Бяром фонд і за год прагортваем сотні спраў. Тры-чатыры такія рэчы знаходзім».


06-8054A4B1-9C98-4523-AE79-329BD39A322E_w1597_n_r0_s.jpg

Так выглядаюць стэлажы дакумэнтаў ў архіве. Фота прадастаўлена Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі


Сярод сьвежых знойдзеных артэфактаў — тэстамэнт Язэпа Руцкага, заснавальніка ордэну базыльянаў. Дагэтуль было вядома толькі пра копію тастамэнту на лаціне, якая захоўвалася ў Ватыкане. Цяпер жа знайшоўся арыгінал тастамэнту на старабеларускай мове, напісаны ўласнаручна Руцкім.

Да 4 тысячаў зваротаў на год прыходзіць у Нацыянальны гістарычны архіў

Вялікая іх частка — гэта даведкі аб нараджэньні. З аднаго боку, грамадзяне Беларусі шукаюць габрэйскія ці польскія карані. Зь іншага — прыходзяць звароты ад замежнікаў, што шукаюць доказы свайго беларускага паходжаньня. Некаторым гэта патрэбна, каб атрымаць від на жыхарства.

Зрэдзьчас у архіў зьвяртаюцца і прадпрыемствы, якія хочуць вызначыць дату заснаваньня свайго брэнду. «Камунарка», «Аліварыя», «Мілавіца», «Крышталь» — даты заснаваньня гэтых кампаній знаходзілі ў дакумэнтах Нацыянальнага гістарычнага архіву.

«Практычна ўсе такія брэнды шукаліся ў нас, — кажа Дзяніс Лісейчыкаў. — Нават была такая вайна брэндаў: які бровар старэйшы — „Лідзкае“ ці „Аліварыя“? Кожны намагаецца знайсьці дакумэнты, каб зрабіць сваё прадпрыемства больш старажытным».

Цяпер у архіве працуюць над запытам пра гісторыю «пэрсіярні» — майстэрні слуцкіх паясоў. Ёсьць кантракт паміж Міхалам Казімірам Рыбанькам і майстрам армянскага паходжаньня Янам Маджарскім, які стварыў мануфактуру па вырабе паясоў у 1758 годзе.

«Напэўна, гэта адно з самых старых прадпрыемстваў Беларусі. Яно цяпер не існуе, ёсьць нейкія ідэі ўзнавіць усё гэта. Але тут ужо ўзьнікаюць пытаньні пераемнасьці».

Алічбаваныя вопісы ўсіх фондаў. Іх больш за тры тысячы

А таксама алічбаваныя некалькі тысяч спраў. Гэта найбольш папулярныя дакумэнты, якія найчасьцей выдаюцца ў чытальнай залі. Матэрыялы гістарычнага архіву скануюцца і алічбоўваюцца ў межах дзяржаўнай праграмы «Сыстэма адкрытага доступу».

«У нас ужо ёсьць фонды, практычна цалкам адсканаваныя, — кажа Дзяніс Лісейчыкаў. — Чакаем, калі будзе магчымасьць запампаваць іх на сэрвэр.

«Гербоўнік беларускай шляхты» — самае папулярнае выданьне

Кожны том — гэта кніга ў тысячу старонак, дзе ў альфабэтным парадку апісваюцца радаводы беларускай шляхты. Адзін том зьмяшчае ў сярэднім інфармацыю пра 200–300 шляхецкіх сем’яў. Матэрыялы для гербоўніка ўзятыя з фонду Менскага дваранскага дэпутацкага сходу, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве. За 16 год выйшла пяць тамоў. Апошні — сёлета.

5 ліпеня 1938 году

У гэты дзень Магілёўскі гістарычны архіў быў рэарганізаваны ў Цэнтральны гістарычны архіў БССР. Толькі ў 1963 годзе яго перавялі ў Менск. У 1995 годзе ўстанова атрымала сучасную назву.

Трапіць у архіў у савецкія часы можна было толькі па накіраваньні інстытутаў ці Акадэміі навук. Цяпер фактычна любы чалавек мае доступ да ўсіх фондаў.

«Архівы сталі адкрытымі для ўсіх, — кажа Дзяніс Лісейчыкаў. — У нас няма ніякіх сакрэтных фондаў, няма ніякага абмежаваньня. Ёсьць толькі адзіны крытэр — каб з моманту стварэньня дакумэнту прайшло больш за 75 гадоў. У выпадку з нашым архівам — гэта 99,9% дакумэнтаў».

Мэтрычныя кнігі ХVIII стагодзьдзя ці фамільны фонд Радзівілаў — абмежаваньня на працу з дакумэнтамі тут няма. Адзінае, што замест найбольш каштоўных дакумэнтаў, верагодна, прапануюць паглядзець мікрафатакопіі ці сканы.

«Але калі вы дасьледчык і вам трэба паглядзець на вадзяны знак, напрыклад, па папярэднім запыце можна атрымаць і арыгінал».

Антон Трафімовіч, АШ, “Радыё Свабода”



Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение