Наваградзкія ўлады адмовіліся ад вуліцы Барыса Кіта: «Немэтазгодна, ужо ўшанаваны»

ерайменаваць вуліцу ў гонар беларускага навукоўца Барыса Кіта ў Наваградзкім раённым выканаўчым камітэце лічаць немэтазгоднай справай — так піша старшыня выканкаму Анатоль Маркевіч у адказе на пэтыцыю, якая сабрала амаль паўтысячы подпісаў.

«Перайменаваньне вуліцы цягне за сабой замену пашпартоў грамадзянаў, якія пражываюць на гэтай вуліцы, тэхнічных пашпартоў і іншых дакумэнтаў, якія патрабуюць пэўных матэрыяльных выдаткаў», — сьцьвярджае гарадзкі кіраўнік Анатоль Маркевіч.

Папраўдзе, грамадзянам пры зьмене назвы вуліцы ня трэба мяняць пашпарты, а толькі паставіць новую пячатку аб рэгістрацыі на месцы жыхарства.

Маркевіч згадвае, што памяць пра Барыса Кіта захоўваецца ў горадзе іншым чынам: навуковец названы ганаровым грамадзянінам гораду, ягонае імя занесенае ў Кнігу славы Наваградзкага раёну, у школе № 1 ёсьць музэй Барыса Кіта, 19 гадоў запар праходзіць інтэлектуальны турнір ягонага імя.

У пэтыцыі згадвалі пра званьне ганаровага грамадзяніна — назваць у ягоны гонар вуліцу прапаноўвалі, каб «паказаць, што Наваградак будзе заўсёды памятаць свайго слыннага сына». Пераназваць прапаноўвалі адну з цэнтральных вуліц — найлепш падыходзіць для гэтага, пісалі ў пэтыцыі, вуліца Савецкая.

Месяц таму Міністэрства культуры Беларусі адмовіла Таварыству беларускай мовы ва ўшанаваньні Барыса Кіта на дзяржаўным узроўні. Адмова была аргумэнтаваная тым жа: ужо ўшанаваны званьнямі і музэйнымі экспазыцыямі.

Тым часам у Баранавічах пачалі збор подпісаў за наданьне тамтэйшаму ўнівэрсытэту імя Барыса Кіта: такім чынам хочуць падкрэсьліць важнасьць ягонай асобы ў гісторыі Баранавіцкага краю, дзе ў 1930-1940-я гады Кіт спрычыніўся да адкрыцьця многіх беларускіх школаў.

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, сябра многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднаньняў. Ганаровы сябра ЗБС “Бацькаўшчына”.

Памёр 1 лютага 2018 году на 108-м годзе жыцьця. Пахаваны ў Вісбадэне.

Паводле Радыё “Свабода



Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение